Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 4 Паўтор Закону, 4 глава

1 А цяпер, Ізраэль, слухай прыказаньні і законы, каторым я вучу вас, каб, выпаўняючы іх, вы жылі, і ўвайшлі, і завалодалі зямлёю, каторую дае вам Госпад, Бог бацькоў вашых.
2 Не дадавайце нічога да таго, што я вам кажу, ані адымайце ад яго, выконваючы прыказаньні Госпада, Бога вашага, якія я вам даручаю.
3 Вочы вашыя бачылі ўсё, што зрабіў Госпад у Баал-Пэоры, як Госпад вынішчыў сярод вас усіх, што пайшлі за Баалам.
4 А вы ўсе, каторыя засталіся вернымі Госпаду, Богу вашаму, жывіцё аж па сёньняшні дзень.
5 Вось жа я навучыў вас прыказаньням і закону, як загадаў мне Госпад, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, у якую ўваходзіце, каб атрымаць яе ва ўладаньне.
6 Беражыце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасьць вашая і разумнасьць перад народамі, каторыя, чуючы аб усіх прыказаньнях гэтых, будуць казаць: «Вось народ мудры і разумны, племя гэтае вялікае!»
7 Бо дзе ж ёсьць такі народ вялікі, каторы б меў так блізкіх сабе багоў, як Госпад, Бог наш, калі мы Яго прызываем?
8 І які ж другі народ так вялікі, які б меў прыказаньні і справядлівыя законы, як ўвесь гэты закон, які я сёньня даю вам?
9 Дык сьцеражыся і пільна беражы душу сваю, і не забудзь усіх падзей, якія бачылі вочы твае, і хай захаваюцца яны ў сэрцы тваім ва ўсе дні жыцьця твайго, і ты навучыш гэтаму дзяцей і ўнукаў тваіх.
10 Памятай той дзень, калі ты стаяў у прысутнасьці Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, калі Госпад сказаў мне: «Зьбяры да Мяне народ, хай пачуюць словы Мае, каб навучыліся баяцца Мяне ва ўсе дні жыцьця на зямлі і навучылі гэтаму сыноў сваіх».
11 Тады вы наблізіліся і стаялі ля падножжа гары, а гара палала аж пад неба, схаваная ў цемры, хмарах і змроку.
12 І прамовіў Госпад да вас зь сярэдзіны агню; і гук словаў вы чулі, але па-за голасам нічога ня бачылі.
13 Ён аб'явіў вам запавет Свой, калі загадаў вам спаўняць Дзесяць прыказаньняў, і напісаў іх на дзьвёх каменных табліцах.
14 У гэты час загадаў мне Госпад вучыць вас прыказаньням і законам, каторыя павінны вы спаўняць на зямлі, каторую маеце атрымаць на ўласнасьць.
15 Дык сьцеражыцеся і рупцеся пра душы вашыя, бо ня бачылі вы ў той дзень ніякага вобразу, калі гаварыў да вас Госпад на гары Гарэб спасярод агню,
16 каб вы не сапсуліся і не зрабілі сабе ідала, вырабляючы яго на падабенства мужчыны або жанчыны,
17 або выяву якой-небудзь жывёліны, каторая знаходзіцца на зямлі, або птушкі, што лётае ў небе,
18 або (выяву) паўзуноў, якія рухаюцца па зямлі, або рыб, каторыя плаваюць у вадзе ніжей зямлі;
19 і каб часам, калі падымеш вочы ў неба і ўбачыш сонца і месяц, і зоркі, і ўсё нябеснае войска, не спалохаўся і не пачаў пакланяцца ім і служыць ім, бо Госпад, Бог твой, прызначыў іх усім народам пад небам.
20 А вас выбраў Госпад і вывеў вас з жалезнай печы Эгіпецкай, каб вы сталіся Яго народам, уласнасьцю Яго, як гэта ёсьць сёньня.
21 Дзеля вашай гаворкі разгневаўся Госпад на мяне і прысяг, што я не перайду Ярдану і не ўвайду ў добрую зямлю, якую дасьць табе ў спадчыну Госпад, Бог твой.
22 Вось жа я памру на гэтай зямлі, і не перайду празь Ярдан, але вы пяройдзеце празь яго і паселіцеся ў гэтай прыгожай зямлі.
23 Дык сьцеражыцеся, каб не забыліся вы пра запавет Госпада, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і каб не рабілі вы сабе выяваў усяго, што забараніў Госпад, Бог твой,
24 бо Госпад, Бог твой, ёсьць агонь зьнішчаючы, Бог зайздросны.
25 Калі вы народзіце сыноў і ўнукаў і дажывяцё старасьці на гэтай зямлі, і спаганіцеся, і зробіце сабе статуі, выяўляючыя што-небудзь, робячы тое, што ліхім ёсьць у вачах Госпада, Бога вашага, і загнявіцё Яго,
26 дык бяру сёньня неба і зямлю за сьведкаў супраць вас, што хутка будзеце вы выгубленыя з паверху зямлі, да каторай вы ідзіцё празь Ярдан, каб атрымаць яе. Ня доўга будзеце жыць на ёй, бо зьнішчыць вас Госпад
27 І расьцярушыць вас Госпад сярод народаў, і нямногія з вас застануцца сярод чужых народаў, да каторых высяліць вас Госпад.
28 Там будзеце служыць багам, зробленым рукамі людзей, дрэву і каменю, каторыя ня бачаць і ня чуюць, не ядуць і ня чуюць паху.
29 І там, калі будзеш шукаць Госпада, Бога твайго, знойдзеш Яго, калі толькі будзеш шукаць Яго ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй.
30 Калі ў горы тваім прыйдзе да цябе ў апошнія дні ўсё, што прадказана, то ты вернешся да Госпада, Бога твайго, і пачуеш голас Ягоны,
31 бо Госпад, Бог твой, -Бог міласэрдны, Ён не пакіне цябе, ня зьнішчыць усяго і не забудзе запавету і таго, што ў ім запрысяг бацькам вашым.
32 Папытайся ў даўніх часоў, якія былі перад табой ад дня, калі стварыў Бог чалавека на зямлі, і ад края неба да края неба, ці было што-колечы такое, як гэтая вялікая справа, і ці было чутно пра штосьці падобнае?
33 Ці які народ чуў голас Божы зь сярэдзіны агню, каторы ты чуў і застаўся жывым?
34 Або ці спрабаваў які бог прыйсьці і выбраць сабе народ спасярод другіх народаў праз выпрабаваньні, знакі і цуды, і войны ды рукою дужаю і плячом узьнятым праз жахі страшныя, як гэтае ўсё, што зрабіў вам Госпад, Бог ваш, у Эгіпце на вачах тваіх?
35 Ты бачыў усё гэта, каб пераканацца, што Госпад ёсьць Бог, і апроч Яго няма іншага.
36 Ён даў табе зь неба чуць голас Свой, каб навучыць цябе; на зямлі даў табе ўбачыць агонь велізарны і чуць Свае словы зь сярэдзіны агню.
37 Калі вось палюбіў Ён бацькоў тваіх, дык выбраў патомства іх і вывеў цябе з Эгіпту Сваёю сілаю вялікаю,
38 каб выгнаць перад табой народы большыя і мацнейшыя за цябе і каб увесьці цябе ў іх зямлю і даць табе яе ў спадчыну, як ты гэта сёньня бачыш.
39 Дык пераканайся сёньня і разваж у сэрцы сваім, што толькі Госпад ёсьць Бог, і на небе высока і на зямлі нізка няма іншага.
40 Захоўвай прыказаньні Яго і закон, каторы я сёньня даручаю табе спаўняць, каб добра было табе і дзецям тваім па табе і каб ты жыў доўгі час на зямлі, якую Госпад, Бог твой, мае даць табе».
41 Потым вызначыў Майсей тры гарады за Ярданам на ўсход сонца,
42 каб туды мог уцячы забойца, каторы забіў бліжняга міма волі, ня маючы яго перад тым у нянавісьці, і каб схаваўшыся ў адзін з гэтых гарадоў, мог захаваць жыцьцё.
43 Гэта Бэцэр у пустыні на раўніне для сыноў Рубэна; Рамот у Гілеадзе для сыноў Гада і Галян у Башане для сыноў Манасы.
44 Такі вось закон даў Майсей сынам Ізраэля;
45 вось такія прыказаньні і законы, якія абвясьціў ён сынам Ізраэля, калі выйшлі яны з Эгіпту,
46 за Ярданам на лагчыне насупраць Бэт-Пэору, у зямлі Сыгона, караля Аммарэйцаў, які жыў у Хешбоне, каторага зьнішчыў Майсей і сыны Ізраэля па выхадзе з Эгіпту.
47 І завалодалі яны зямлёю Ога, караля Башану, двух каралёў Амарэйцаў, каторыя жылі за Ярданам на ўсход сонца;
48 ад Араэру на беразе ручая Арнон аж да гары Сырыён, значыць Гермон,
49 і ўсю Арабу за Ярданам на ўсходзе, аж да Мора Арабы ля падножжа Пісгі.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 4 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.