Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 2 Паўтор Закону, 2 глава

1 Тады, павярнуўшы, накіраваліся мы праз пустыню ў бок Чырвонага мора, як мне сказаў Госпад, і шмат часу абыходзілі наўкола гару Сэір.
2 І Госпад сказаў мне:
3 «Досыць вам хадзіць кругом гэтае гары, зьвярніце на поўнач.
4 Вось жа загадай народу і скажы: Вы будзеце праходзіць праз пасяленьні братоў вашых, сыноў Эзава, што жывуць у Сэіры, яны баяцца вас, але і вы будзьце ўважлівымі,
5 не чапайце іх, бо Я ня дам вам зямлі іхняй ні на стапу нагі дзеля таго, што гару Сэір Я даў у валаданьне Эзаву.
6 Яду купляйце ў іх за серабро і ешце; таксама і ваду купляйце ў іх за серабро і піце.
7 Бо Госпад, Бог твой, Каторы дабраславіў цябе ў кожнай справе рук тваіх, суправаджаў цябе, як ты сорак гадоў праходзіў гэтую вялікую пустыню; Госпад, Бог твой, у гэтыя сорак год прабываў з табой, і нічога табе не бракавала».
8 Дык абмінулі мы братоў нашых, сыноў Эзава, каторыя пражывалі ў Сэіры, дарогай на Арабу, Элят і Эцыён-Гэбэр, і завярнулі, і пайшлі дарогай, каторая вядзе ў пустыню Мааб.
9 Тады сказаў мне Госпад: «Не варагуй супраць Маабу і не пачынай зь імі вайны, Я ня дам нічога ва ўладаньне табе зь іх зямлі, бо Я аддаў Ар у валаданьне сынам Лёта».
10 Першымі пасяленцамі яе былі Эмімы, народ вялікі, шматлікі і такі ж высокі, як сыны Акама.
11 Залічалі іх да Рэфаімаў, як і сыноў Анама. Але Маабцы называюць іх Эмімамі.
12 У Сэіры жылі раней Харэі, але сыны Эзава выгналі іх і выгубілі, каб пасяліцца на іх месцы, як зрабіў Ізраэль у зямлі, каторую даў яму Госпад у валаданьне.
13 «Дык уставайце і перайдзіце праз рэчку Зарэд.» І перайшлі мы рэчку Зарэд.
14 Час жа, які мы ішлі з Кэдэш-Барнэа да рэчкі Зарэд, трываў трыццаць восем гадоў, аж пакуль не выгінула ў табары ўсё тое пакаленьне людзей, здатных да бою, як ім гэта запрысяг Госпад.
15 Таксама рука Госпада была супраць іх, каб зьнішчыць іх.
16 Калі згінулі ўсе, здатныя да вайны, і перавяліся ў табары,
17 сказаў мне Госпад:
18 «Ты сёньня пяройдзеш Ар, мяжу Маабу,
19 і падойдзеш блізка да сыноў Амона. Высьцерагайся, не ваюй зь імі і не пачынай бою, бо Я ня дам табе нічога зь зямлі сыноў Амона, бо аддаў яе ў валаданьне сынам Лёта».
20 І яна лічылася зямлёй Рэфаімаў, калісьці жылі ў ёй Рэфаімы, каторых сыны Амона завуць Замзумімамі.
21 Народ гэта вялікі, шматлікі і высокі ростам, як сыны Анака, але зьнішчыў іх Госпад перад сынамі Амону, каторыя іх выгналі і пасяліліся на іхнім месцы.
22 Таксама зрабіў Госпад з сынамі Эзава, што жывуць у Сэіры, вынішчаючы перад імі Харэяў, каторых яны выгналі, і самі жывуць у іх мясьцінах аж да гэтага часу.
23 У той спосаб і Авімаў, пражываючых у мясцовасьці аж да Газы, выгубілі Кафтарымы, каторыя прыбылі з Кафтору, каб пасяліцца на іх месцы.
24 «Уставайце, вырушце ў дарогу, пераходзьце рэчку Арнон: вось жа Я аддаў у рукі твае Сыгона, караля Хешбону, Амарэйца; бяры на ўласнасьць ягоную зямлю, і пачынай вайну супраць яго.
25 Сёньня ж Я пачну распаўсюджваць страх і жах перад табою на народы пад усім небам, каб пачуўшы імя тваё, яны баяліся і дрыжэлі перад табою».
26 Дык паслаў я паслоў з пустыні Кэдэмот да Сыгона, караля Хешбону, са словамі мірнымі:
27 «Дазволь мне прайсьці праз тваю зямлю. Я пайду гасьцінцам, проста, ня збочваючы ані направа, ані налева.
28 Жыўнасьць прадавай мне за плату, каб меў я што есьці. Таксама ваду прадавай мне за грошы, каб я меў што піць. Дазволь мне толькі прайсьці пехатою,
29 як дазволілі мне сыны Эзава, што пражываюць у Сэіры, і Маабцы, якія пражываюць у Ары, аж пакуль я дайду да Ярдану і перайду ў зямлю, якую мае даць нам Госпад, Бог наш».
30 Але кароль Хешбону Сыгон не захацеў дазволіць нам прайсьці празь яго зямлю, бо закамяніў яму дух Госпад, Бог наш, і сэрца яго зрабіў упорыстым, каб быў ён аддадзены ў рукі твае, як гэта і сталася.
31 Госпад сказаў мне: «Вось Я пачынаю аддаваць табе Сыгона і зямлю ягоную. Пачынай займаць яе!»
32 І выйшаў супраць нас Сыгон з усім народам сваім на вайну каля Ягацу.
33 І выдаў яго нам Госпад, Бог наш; і пабілі мы яго, і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны.
34 У той час узялі мы ўсе гарады ягоныя і палажылі клятву на кожны горад, мужчынаў і жанчынаў і дзяцей, нікога зь іх не астаўляючы ў жывых,
35 апроч жывёлы, каторую сабе пазабіралі як здабычу з гарадоў, занятых намі.
36 Ад Араэру, што на беразе рэчкі Арнон, і ад гораду ў даліне, аж да Гілеаду, не было для нас гораду недаступнага; усё аддаў нам Госпад, Бог наш,
37 за выняткам зямлі сыноў Амона, да зямлі каторага ты не набліжаўся, і мясцовасьцяў вакол рэчкі Ябок, гарадоў ў горах, іншага месца, да каторага забараніў табе ісьці Госпад, Бог наш.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 2 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.