1 «Слухайце, нябёсы, што я гавару, і хай чуе зямля словы вуснаў маіх!
2 Хай цячэ, як дождж, навука мая, хай падае, як раса, мова мая, як імгла, хай імжыць на траву ды, як кроплі, капае на зямлю.
3 Бо прызываць я буду імя Госпада, дык дайце хвалу Богу нашаму!
4 Ён — скала, і дасканалыя творы Яго, бо ўсе шляхі Яго справядлівыя. Бог верны, і няма ў Ім няпраўды, Ён беззаганны і справядлівы.
5 Саграшылі супраць Яго, не Яго гэта дзеці, пакаленьне паганае і ліхое.
6 Чым аднагараджаеце Госпаду, народ дурны і сапсуты? Ці ж Ён ня Бацька твой? Ён стварыў цябе і трымае пры жыцьці цябе.
7 Памятай аб днях даўнейшых, разважай пра паасобныя пакаленьні; папытайся бацькі свайго, і ён скажа табе, старшынь тваіх, і яны раскажуць табе.
8 Калі надзяляў Узвышні народы, калі разьдзяляў сыноў Адама, Ён вызначыў межы народам паводле лічбы сыноў Ізраэля.
9 Уласнасьць Госпада — народ Ягоны. Якуб — удзел спадчыны Ягонай.
10 Ён знайшоў яго на зямлі пустыннай, у месцы жаху, Ён хадзіў за ім і глядзеў, і сьцярог яго, як зрэнку вока Свайго.
11 Як арол прынукае лятаць птушанятаў сваіх і над імі кружляе, раскінуўшы крылы свае, і бярэ іх ды нясе на крылах сваіх,
12 так Госпад Сам вадзіў яго, і не было зь ім бога чужога.
13 І паставіў яго на высокай зямлі, каб спажываў плады палёў, каб піў мёд са скалы і алей зь цьвёрдага каменя,
14 масла кароў і малако авец, лой бараноў і ягнятаў Башану, і казлоў разам з найчысьцейшай пшаніцай, і каб піў кроў вінаграду адборнага.
15 Насыціўся Ешурун і стаўся брыклівы, стаў сыты, тлусты і гладкі, і пакінуў Бога, Творцу свайго, і зьняважыў скалу збаўленьня свайго.
16 І гневалі яны Яго багамі чужымі ды брыдотамі прынукалі да гневу.
17 Ахвяры складалі яны дэманам, а ня Богу, багам, каторых ня ведалі; новым, каторыя нядаўна зьявіліся, каторым не пакланяліся бацькі іхнія.
18 Заступніка, каторы цябе нарадзіў, пакінуў ты, не памятаў ты Госпада, Творцу свайго.
19 Убачыў гэта Госпад і абурыўся, бо гнявілі Яго сыны Ягоныя і дочкі.
20 Дык сказаў: «Схаваю аблічча Маё ад іх і пабачу будучыню іхнюю, бо пакаленьне гэта ліхое, сыны няверныя.
21 Яны ўгнявілі Мяне тым, што ня богі, неразумнасьцю сваёй раздражнілі Мяне; а Я ўгняўлю іх тым, што не народ, народам дурным раздражню іх.
22 Узгарэўся агонь ярасьці Маёй і будзе гарэць аж да найглыбейшага пекла, і спаліць зямлю з расьліннасьцю яе, і спапяліць падваліны гор.
23 Я зьбяру на іх няшчасьці, пушчу на іх стрэлы Мае.
24 Будуць мораны яны голадам, паляны трасцаю і лютай пошасьцю, і пашлю Я на іх зубы зьвяроў і атруту поўзаючых у пыле зьмеяў.
25 На двары будзе нішчыць іх меч, а ў дамах — жах, юнака разам зь дзяўчынаю, немаўля разам са старым чалавекам.
26 Я сказаў: Вынішчу іх і спыню ў людзей памяць пра іх.
27 Але спыніў гэта дзеля пыхлівасьці ворагаў, каб ворагі іхнія не вывышаліся і не казаліі: «Рука нашая ўзьнятая, а ня Госпад зрабіў усё гэта!»
28 Народ бо гэта бязрадны і неразважны.
29 Ці ж разважаюць яны, і ці зразумеюць гэта, і ці змогуць прадбачыць будучыню сваю!
30 Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а дваіх адганяць дзесяць тысячаў, калі б Заступнік іх не пакінуў іх, і Госпад ня выдаў іх?
31 Бо іхні заступнік не такі, як наш Заступнік; і ворагі нашыя сьведкі ў гэтым.
32 Бо вінаград іх ад вінаграднага ўшчэпу Садомскага і з палёў Гаморскіх. Ягады іхнія атрутныя і гронкі — як палын.
33 Віно іхняе — атрута зьмяіная і сьмяротная атрута гадзючая.
34 Ці ж гэта не схавана ў-ва Мне і не заагледжана пячацьцю ў скарбніцах Маіх?
35 У свой час Мая помста і аднагарода ў час, калі пахісьнецца нага іхняя! Блізка ўжо дзень загубы і надыходзіць рашэньне лёсу іхняга.
36 І будзе судзіць Госпад народ Свой, і пашкадуе Ён слугаў Сваіх; калі ўбачыць, што рука іх аслабла і што няма ні нявольнікаў, ні вольных.
37 І скажа: «Дзе ж багі іхнія, скала, у якой яны пакладалі надзею,
38 што елі тлустасьць ахвяраў, і пілі віно іх вадкіх ахвяраў? Хай устануць і дапамогуць вам, і хай у бядзе абароняць вас!
39 Паглядзіце цяпер, што Я — адзіны, і няма Бога апрача Мяне, Я забіваю і Я даю жыць, Я калечу і аздараўляю, і няма такога, хто б з Маёй рукі мог вырвацца.
40 Падыму Я аж да неба руку Маю і скажу: «Жыву вечна!»
41 Калі Я вывастру Мой меч бліскучы і рука Мая выканае прысуд, адпомшчу Я ворагам Маім, і тым, што ненавідзяць Мяне, аднагараджуся.
42 Насычу кроўю стрэлы Мае і меч Мой насыціцца мясам, крывёй забітых і палонных, галовамі варожых правадыроў!»
43 Хваліце, народы, народ Ягоны, бо адпомсьціць Ён кроў слугаў Сваіх і міласьцівы будзе да зямлі народу Свайго».
44 Дык пайшоў Майсей зь Ешуа, сынам Нуна, і пераказаў усе словы гэтае песьні ў вушы народу.
45 Калі Майсей скончыў пераказваць усе гэтыя словы ўсяму Ізраэлю,
46 сказаў ім: «Захавайце ў сэрцы вашым ўсе словы, якія я вам сёньня аб'яўляю, і загадайце вашым дзецям берагчы іх, і спаўняць усе словы гэтага Закону.
47 Бо слова гэтае ня ёсьць для вас малаважнае, але гэта жыцьцё вашае; і ў слове гэтым доўга жыць будзеце на зямлі, у якую, перайшоўшы Ярдан, увойдзеце, каб завалодаць ёю».
48 У той самы дзень сказаў Госпад Майсею:
49 «Узыйдзі на гэтую гару Абарым, на гару Нэбо, якая ў зямлі Маабу супраць Ерыхону, і паглядзі на зямлю Ханаан, якую Я дам сынам Ізраэля на ўласнасьць.
50 І памрэш ты на гары, на каторую ты ўзыйдзеш, і далучыўся да народу свайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Гор і далучыўся да народу свайго.
51 Бо саграшылі вы адносна Мяне між сынамі Ізраэля пры водах Мэрыбы каля Кадэшу, на пустыні Цын, бо ня выявілі пашаны да Мяне сярод сыноў Ізраэля.
52 Таму толькі здалёк убачыш тую зямлю, але ты сам ня ўвойдзеш у тую зямлю, каторую Я даю сынам Ізраэля».