Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону, 33 Паўтор Закону, 33 глава

1 Вось гэта дабраславенства, якім дабраславіў Майсей, чалавек Божы, сыноў Ізраэля перад сваёй сьмерцю.
2 Ён сказаў: «Госпад прыйшоў з Сынаю і з Сэіру зьявіўся ім; зьявіўся з гары Паран і прыбывае з Мэрыбы пад Кадэш, зь Яго правіцы агонь палае.
3 Сапраўды Ён любіць народы, усе сьвятыя Яго ў руцэ Ягонай, і тыя, каторыя туляцца да ног Тваіх, слухаюць мудрасьць з навукі Тваёй.
4 Закон даў нам Майсей, спадчыну супольнасьці Якуба.
5 І быў выбраны ў Ешуруна кароль на сабраньні князёў народу разам з пакаленьнямі Ізраэля.
6 Хай жыве Рубэн і хай не ўмірае, хоць ён невялікі лікам.
7 Гэткае дабраславенства Юды: «Выслухай, Госпадзе, голас Юды і прывядзі яго да народу Свайго. Рука ягоная ваяваць будзе за яго, а Ты ўспаможаш яго супраць ворагаў ягоных».
8 Да Левія таксама сказаў: «Твае тумім і ўрым дай чалавеку сьвятому Твайму, якога выставіў Ты на выпрабаваньне ў Масе і з каторым спрачаўся ля водаў Мэрыбы.
9 Ён аб бацьку сваім і маці сваёй сказаў: «Ня ведаю вас». І ня ведае братоў сваіх і дзяцей сваіх. Так берагуць яны словы Твае і запавет Твой захоўваюць.
10 Вучаць яны пастановам Тваім Якуба і Закону Твайму Ізраэля; і паляць кадзіла перад Табою і цэлапаленьні на ахвярніку Тваім.
11 Дабраслаў, Госпадзе, моц ягоную і прымі творы рук ягоных. Стаўчы сьцёгны непрыяцелям ягоным, і тыя, што зьненавідзелі яго, хай не падымуцца».
12 Аб Бэн'яміне сказаў: «Умілаваны Госпадам будзе пражываць упэўнена зь Ім, Узвышні будзе апекавацца ім увесь дзень, і супачыне ён на руках Яго».
13 Аб Язэпе таксама сказаў: «Дабраслаўлена Госпадам зямля ягоная дарамі неба, расою, а таксама крыніцамі бездані падземнай,
14 дарамі сонца і пладамі месяцаў,
15 багацьцем гор адвечных і дарамі ўзгоркаў векавых,
16 пладамі зямлі і багацьцем яе. Дабраславенствы Таго, Хто аб'явіўся ў кусьце, сплывуць на галаву Язэпа і на галаву пасьвячонага пасярод братоў сваіх.
17 Прыгажосьць яго — як першароднага быка, і рогі яго — як рогі буйвала, імі збадае народы аж да канца зямлі. Такая шматлікасьць Эфраіма, і такія тысячы Манасы».
18 Аб Забулёне сказаў: «Цешся, Забулён, у выхадзе тваім, а ты, Ісахар, у палатках тваіх!
19 Паклічуць народы на гару, там будуць складаць ахвяры справядлівасьці. Яны будуць карыстацца шчодрасьцю мора і багацьцямі, схаванымі ў пяску».
20 Аб Гадзе вось што сказаў: «Дабраслаўлены, хто пашырае Гада! Як леў будзе ён адпачываць, разарве ён плячо і галаву.
21 І ён убачыць найлепшае для сябе, бо там памешчана частка правадыра, і быў ён з князямі народу, і рабіў справядлівае перад Госпадам і прысуды Ягоныя адносна Ізраэля».
22 Пра Дана гэтак сказаў: «Дан — ільвянятка, каторае выскоквае часта з Башану».
23 Пра Нэфталі сказаў: «Нэфталі перапоўнены спагаднасьцю і поўны будзе дабраславенства Госпадавага; завалодае морам і поўднем».
24 Аб Асэры вось што сказаў: «Дабраслаўлены Асэр між сынамі! Ён будзе падабацца братам сваім і будзе мачыць у алею нагу сваю.
25 З жалеза і медзі засаўкі твае, як дні твае, трывае сіла твая».
26 Няма другога такога, як Бог Ешуруна, Каторы ідзе па небе на дапамогу табе ды ў славе Сваёй па воблаках.
27 Прыбежышча тваё — Бог адвечны, абарона твая — рукі вечныя. Ён выганіць перад табою ворага і скажа: «Зьнішчы».
28 Ізраэль будзе жыць бясьпечна, вочы Якуба бачаць перад сабою зямлю, багатую хлебам і віном, і нябёсы яго сыплюць расу.
29 Шчасьлівы ты, Ізраэль, хто ж падобны табе? Народ, беражоны Госпадам, Ён — шчыт абароны тваёй і меч славы тваёй. Ворагі твае скараюцца перад табой, і ты будзеш таптаць іх каркі».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паўтор Закону, 33 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.