1 Не складай у ахвяру Госпаду, Богу твайму, авечку і вала, калі б мелі загану або які-колечы брак, бо брыдзіцца гэтым Госпад, Бог твой.
2 Калі знойдзецца ў асяродзьдзі тваім, у адным з гарадоў тваіх, якія дасьць табе Госпад, Бог твой, мужчына або жанчына, каторыя зробяць тое, што ліхім будзе перад Госпадам, Богам тваім, і парушаць запавет Яго,
3 і пойдуць служыць чужым багам і пакланяцца ім ці сонцу, месяцу або ўсяму войску нябеснаму, што я табе забараніў,
4 і аб гэтым паведамяць табе, ты выслухаеш і старанна дасьледуеш справу, і калі акажацца праўдаю, што такой брыдоты дапусьціліся ў Ізраэлю,
5 завядзеш таго мужчыну або жанчыну, каторыя дапусьціліся гэтай агіднай рэчы ў Ізраэлю, да брамы горада твайго і ўкамянуеш.
6 Паводле словаў двух або трох сьведкаў асудзіцца вінаваты на сьмерць, нельга асуджаць па словах аднаго сьведкі.
7 Рука сьведкаў будзе першай, каб забіць асуджанага, а потым рука ўсяго народу, каб вынішчыць зло з асяродзьдзя твайго.
8 Калі па якой справе цяжка будзе табе вырашыць паміж крывёй і крывёй, паміж спрэчкай і спрэчкай, між бойкай і бойкай, і будуць нязгодныя рашэньні ў брамах тваіх, то ўстань і пайдзі на месца, каторае выбярэ Госпад, Бог твой,
9 і прыйдзі да сьвятароў левітаў і да судзьдзі, каторы будзе ў гэтыя дні чыніць суд, і папытайся ў іх, і яны скажуць табе, як прысудзіць.
10 І зрабі, як яны скажуць табе ў месцы, якое выбраў Госпад, і пільнуйся выпаўніць усё так, як яны навучаць цябе,
11 па загаду, які яны загадаюць, і па рашэньню, якое табе скажуць. Не адхіляйся ані на права, ані на лева.
12 Хто з пыхлівасьці не хацеў бы паслухаць волі сьвятара, каторы ў той час спаўняе службу Госпаду, Богу твайму, або рашэньне судзьдзі, будзе пакараны сьмерцю той чалавек, каб вынішчыць зло зь Ізраэля.
13 А ўвесь народ, чуючы гэта, будзе баяцца і ўжо болей ня будзе пыхлівы.
14 Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, і завалодаеш ёю, і абжывешся на ёй, і скажаш: «Пастаўлю я над сабою караля, як маюць усе акружаючыя нас народы»,
15 таго толькі паставіш над сабой каралём, каго Госпад, Бог твой, выбярэ з-пасярод братоў тваіх, ня можа быць каралём над табой іншаземец, які ня ёсьць тваім братам.
16 Толькі хай не набывае ён сабе многа коней і не вяртае народ у Эгіпет, каб мець шмат коней, бо Госпад сказаў вам: «Ніколі больш гэтаю дарогаю ня вернецеся».
17 Хай ня будзе мець ён шмат жонак, каб не адвярнулася сэрца ягонае, і не зьбірае лішня серабра і золата.
18 Калі сядзе ён на каралеўскім троне, няхай перапіша сабе на скрутку сьпіс гэтага Закону з кнігі, што ў сьвятароў левітаў,
19 і мае яго пры сабе, і чытае яго ўсе дні жыцьця свайго, каб навучыўся баяцца Госпада, Бога свайго, і захоўваць словы гэтага Закону і гэтыя прыказаньні, каб выконваць іх,
20 каб не падымалася сэрца яго над братамі яго, і каб не адхіляўся ён ад загадаў ані ў права, ані ў лева, каб доўга караляваў сам і дзеці ягоныя ў Ізраэлю.