Роду 45 глава

Кніга Роду
Пераклад Чарняўскага 2017 → Перевод Десницкого

 
 

І не мог Язэп больш стрымаць сябе ў прысутнасці ўсіх, хто стаяў побач, і закрычаў: «Выйдзіце ўсе адсюль!» І нікога не было з ім, калі ён выявіў сябе братам сваім.
 

І ўзнёс ён голас з плачам, які чулі егіпцяне ды ўвесь дом фараона.
 

І сказаў Язэп братам сваім: «Я — Язэп! Ці жыве яшчэ бацька мой?» І не маглі адказаць яму браты, ахопленыя вялікім страхам.
 

Ён жа сказаў ім ласкава: «Падыдзіце да мяне!» І, калі падышлі блізка, сказаў: «Я — Язэп, брат ваш, якога прадалі вы ў Егіпет.
 

Не шкадуйце, і хай не здаецца ганебным, што мяне прадалі ў гэтую мясцовасць. Для паратунку вашага паслаў мяне Бог перад вамі ў Егіпет.
 

Два гады, як пачаўся голад на зямлі, а яшчэ застаецца пяць гадоў, у якіх нельга будзе ані араць, ані жаць.
 

Раней паслаў мяне Бог, каб былі вы захаваныя на зямлі і каб выратаваць жыццё вашае збаўленнем вялікім.
 

Не па вашым рашэнні, але па волі Божай пасланы я сюды Тым, Хто зрабіў мяне, як бы бацькам фараона і гаспадаром усяго дому яго, і князем на ўсёй зямлі Егіпецкай.
 

Спяшайцеся і ідзіце да бацькі майго, і скажыце яму: “Гэта загадвае сын твой Язэп: “Бог учыніў мяне гаспадаром усёй зямлі Егіпецкай. Прыходзь да мяне, не марудзь.
 

І будзеш жыць у зямлі Гашэн. Будзеш блізка да мяне ты, і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, авечкі твае і статак твой, і ўсё, што маеш.
 

Там буду цябе карміць, бо застаецца яшчэ пяць гадоў голаду, каб не прапаў і ты, і дом твой ды ўсё, што маеш”.
 

Вось жа вочы вашыя і вочы брата майго Бэньяміна бачаць, што вусны, якія прамаўляюць да вас, — мае.
 

Раскажыце бацьку майму пра ўсю славу маю ў Егіпце і пра ўсё, што вы бачылі. Спяшайцеся і прывядзіце яго да мяне».
 

І кінуўся ён на шыю брату свайму Бэньяміну, і абняў яго, і заплакаў, а ён таксама плакаў на яго шыі.
 

І цалаваў Язэп усіх братоў сваіх, і плакаў над кожным. Тады толькі адважыліся яны гаварыць да яго.
 

І разышлася добрая чутка ў палацы фараона: «Прыбылі браты Язэпа». І радаваўся фараон і ўся яго сям’я.
 

І сказаў ён Язэпу: «Загадай братам сваім, кажучы: “Наўючце жывёлу вашу і ідзіце ў зямлю Ханаан,
 

і вазьміце адтуль бацьку вашага і радню, і прыходзьце да мяне, і я дам вам усё дабро Егіпта, каб спажывалі вы лепшае ад зямлі”.
 

Загадай таксама: “Вазьміце вазы з зямлі Егіпецкай для перавозкі дзяцей вашых і жонак. І вазьміце бацьку вашага і спяшайцеся як найхутчэй прыбыць.
 

Не турбуйцеся з-за маёмасці вашай, бо ўсе багацці Егіпта будуць вашы”».
 

І сыны Ізраэля зрабілі ўсё, што ім было загадана. І даў ім Язэп вазы па загадзе фараона і харчы, патрэбныя ў дарозе.
 

Таксама загадаў ён прынесці для кожнага з іх вопратку на змену, Бэньяміну ж даў трыста срэбранікаў і пяць пар
 

вопраткі на змену. А свайму бацьку таксама паслаў дзесяць аслоў, якія мелі даставіць усялякія багацці Егіпта, ды столькі ж асліц, што неслі пшаніцу, і хлеб, і харчы на дарогу.
 

І адпусціў братоў сваіх, і сказаў, калі яны выпраўляліся: «Не сварыцеся ў дарозе!»
 

І яны, выбраўшыся з Егіпта, прыбылі ў зямлю Ханаан да бацькі свайго Якуба,
 

і паведамілі яму, кажучы: «Язэп жывы, і ён валадарыць над усёй Егіпецкай зямлёю!» Але сэрца яго засталося халодным, бо ён не верыў ім.
 

Тады пераказалі ўсе словы, якія сказаў ім Язэп. І калі ўбачыў ён вазы і ўсё, што прыслаў Язэп дзеля таго, каб прывезці яго, аджыў дух яго,
 

і ён сказаў: «Хопіць мне, калі яшчэ жыве Язэп, сын мой. Пайду і пабачу яго, перш чым памру».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.