Быцьцё 45 глава

Першая кніга Масеява: Быцьцё
Пераклад Яна Станкевіча → Перевод Десницкого

 
 

І ня мог Язэп болей вытрываць пры ўсіх, што стаялі каля яго, і закрычэў: «Вывядзіце кажнага чалавека ад мяне!» І не стаяў ніхто пры ім, як вызнаўся Язэп братом сваім.
 

І голасна заплакаў, і пачулі Ягіпцяне, і пачуў дом Фараонаў.
 

І сказаў Язэп братом сваім: «Я Язэп, ці жыў яшчэ ацец мой?» І не маглі браты ягоныя адказаваць яму, бо зьлякаліся віду ягонага.
 

І сказаў Язэп братом сваім: «Дабліжчася, калі ласка, да мяне». Яны дабліжыліся. Ён сказаў: «Я Язэп, брат ваш, што вы прадалі мяне да Ягіпту.
 

Але цяпер ня немарасьціцеся, і хай гэта ня будзе заслугуючым гневу ў вачох вашых, што вы прадалі мяне сюды, бо дзеля захаваньня жыцьця вашага паслаў мяне Бог перад вамі;
 

Во цяпер два гады галадові на зямлі; і яшчэ пяць год, у каторых нельга будзе араць ані жаць.
 

І паслаў мяне Бог перад вамі, каб пакінуць вам астачу на зямлі і захаваць жыцьцё вашае дзеля ўцекаў вялікіх.
 

І цяпер ня вы паслалі мяне сюды, але Бог, і пастанавіў мяне за айца Фараону і за гаспадара ў вусёй зямлі Ягіпецкай.
 

Барзьдзіце, і ўзыйдзіце да айца майго, і скажыце яму: "Гэтак кажа сын твой Язэп: ’Бог ўчыніў мяне панам усяго Ягіпту; зыйдзі да мяне, не адвалакай.
 

І будзеш жыці ў зямлі Ґошэн; і будзеш блізка да мяне, ты, і сынове твае, і сынове сыноў тваіх, і драбны й буйны статак твой, і ўсе твае.
 

І пражыўлю цябе там, бо яшчэ пяць год галадові, каб не згалеў ты, і дамова твая, і ўсе твае’".
 

І вось, вочы вашыя бачаць, і вочы брата майго Веняміна, што гэта мае вусны, што гукаюць да вас.
 

І скажыце айцу майму праз усю славу маю ў Ягіпце і праз усе, што вы бачылі; і пабарзьдзіце, і зьвядзіце айца майго сюды».
 

І паў ён на шыю Веняміну, брату свайму, і плакаў; і Венямін плакаў на шыі ягонай.
 

І цалаваў усіх братоў сваіх, і плакаў над імі. І потым гукалі ізь ім браты ягоныя.
 

І голас чуцён быў у доме Фараонавым, наймя: «Прышлі браты Язэпавы»; і прыемна гэта было ў ваччу Фараона і ў вачох слугаў ягоных.
 

І сказаў Фараон Язэпу: «Скажы братом сваім: "Во што зрабіце: накладзіце на жывёлу сваю, і йдзіце, і прыдзіце да зямлі Канаанскае;
 

і вазьміце айца свайго а радзімы свае, і прыйдзіце да мяне; я дам вам дабро ў зямлі Ягіпецкай, і вы будзеце есьці тук зямлі".
 

Табе ж загадую: зрабіце гэта: вазьміце сабе ізь зямлі Ягіпецкае калёсаў дзецянятам сваім і жонкам сваім, і прынясіце айца свайго, і прыйдзіце;
 

І вочы вашы няхай не жалеюць судзьдзя вашага, бо дабро з усяе зямлі — ваша яно».
 

І зрабілі так сынове Ізраелявы. І даў ім Язэп калёсы, подле загады Фараонавае, і даў ім еміны на дарогу.
 

Кажнаму зь іх ён даў зьмену адзецьцяў, а Веняміну даў трыста срэбраньнікаў і пяць зьменаў адзецьцяў.
 

І айцу паслаў во што: дзесяць аслоў, накладзеных із дабра ягіпецкага, і дзесяць асьліцаў, накладзеных збожжам, хлебам а емінаю айцу свайму на дарогу.
 

І адаслаў братоў сваіх, і яны пайшлі. І сказаў ім: «Не сварыцеся ў дарозе».
 

І ўзыходзілі яны зь Ягіпту, і прышлі да зямлі Канаанскае да Якава, айца свайго.
 

І паведамілі яму, сказаўшы, што яшчэ Язэп жыў, і што ён валадар у вусёй зямлі Ягіпецкай. І замлела сэрца ягонае, бо ён ня верыў ім.
 

І гукалі яму ўсі словы Язэпавы, каторыя ён казаў ім, і абачыў калёсы, каторыя прыслаў Язэп, каб прынесьці яго: і ажыў дух Якаваў, айца іхнага.
 

І сказаў Ізраель: «Досыць, яшчэ сын мой жыў; пайду й абачу яго, пакуль не памру».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.