Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Псальмы 106 Псальм 106 (105)

1 Альлелюя! Хвалеце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Ягоная на вякі.
2 Хто выкажа магутнасьць ГОСПАДА, дасьць пачуць усю хвалу Ягоную?
3 Шчасьлівыя тыя, што захоўваюць суд і робяць праведнасьць у кожным часе.
4 Памятай пра мяне, ГОСПАДЗЕ, праз ласкавасьць да народу Твайго! Наведай мяне са збаўленьнем Тваім,
5 каб я ўгледзеў дабро выбранцаў Тваіх, каб я радаваўся радасьцю народу Твайго, каб хваліўся разам са спадчынаю Тваёю!
6 Саграшылі мы разам з бацькамі нашымі, правініліся і адступіліся.
7 Бацькі нашыя ў Эгіпце не зразумелі цудаў Тваіх, ня памяталі мноства міласэрнасьці Тваёй, бунтаваліся каля мора, пры моры Чырвоным.
8 Але Ён збавіў іх дзеля імя Свайго, каб зьявіць магутнасьць Сваю.
9 Ён утаймаваў мора Чырвонае, і яно высахла; і Ён правёў іх праз бяздоньне як праз пустыню.
10 І збавіў іх з рукі ненавісьніка, і выбавіў іх з рукі ворага.
11 І пакрылі воды прыгнятальнікаў іхніх, ніводзін з іх не застаўся.
12 І хоць яны паверылі словам Ягоным і сьпявалі хвалу Яму,
13 але хутка забыліся пра дзеі Ягоныя, не чакалі на раду Ягоную.
14 І зажадалі жаданьнем у пустыні, і выпрабоўвалі Бога ў [зямлі] бязьлюднай.
15 І Ён даў ім тое, чаго хацелі, і спаслаў зьнемажэньне ў душу іхнюю.
16 І пазайздросьцілі Майсею ў табары, і Аарону, сьвятому ГОСПАДА.
17 Расчынілася зямля, і праглынула Датана, і пакрыла грамаду Авірама,
18 і загарэўся агонь пад грамадою іхняю, полымя спаліла бязбожнікаў.
19 Яны зрабілі цяля пад Харэвам і пакланяліся перад літым [ідалам];
20 і замянілі Славу сваю на вобраз вала, які есьць траву.
21 Яны забыліся на Бога, Збаўцу свайго, Які вялікае ўчыніў у Эгіпце,
22 цуды ў зямлі Хама, страшныя [рэчы] каля мора Чырвонага.
23 І сказаў Ён, што вынішчыць іх, калі б не Майсей, выбранец Ягоны, які стаў у выломе перад абліччам Ягоным, каб адвярнуць ярасьць Ягоную, каб Ён ня вынішчыў іх.
24 І пагрэбавалі яны зямлёй пажаданай, не паверылі словам Ягоным.
25 І наракалі ў намётах сваіх, ня слухаліся голасу ГОСПАДА.
26 І Ён падняў руку Сваю на іх, каб пападалі яны ў пустыні,
27 і пападала насеньне іхняе сярод народаў, І Ён расьцярушыўіх па зямлі.
28 І яны далучыліся да Баал-Пэгора, і елі ахвяры мёртвых,
29 і злавалі [Яго] дзеяньнямі сваімі, і абрынулася на іх пляга.
30 І паўстаў Пінхас, і спынілася пляга.
31 І залічана яму гэта за праведнасьць з пакаленьня ў пакаленьне на вякі.
32 І ўгнявілі яны [Бога] каля водаў Мэрывы, і з-за іх пацярпеў Майсей,
33 бо бунтаваліся супраць духа ягонага, і ён неразважна гаварыў вуснамі сваімі.
34 Яны ня зьнішчылі народаў, як ім казаў ГОСПАД,
35 і зьмяшаліся з паганамі, і навучыліся справаў іхніх,
36 і служылі ідалам іхнім, і яны сталіся для іх пасткаю,
37 і ахвяроўвалі сыноў сваіх і дачок сваіх дэманам,
38 і пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дачок сваіх, якую ахвяроўвалі ідалам Ханаанскім, і апаганілася зямля ад крыві.
39 І апаганілі сябе ўчынкамі сваімі, чужаложылі ў дзеяньнях сваіх.
40 І распаліўся гнеў ГОСПАДА на народ Ягоны, і абрыдла Яму спадчына Ягоная.
41 І Ён аддаў іх у рукі паганаў, і запанавалі над імі тыя, што ненавідзелі іх.
42 І ўціскалі іх ворагі іхнія, і яны скарыліся пад рукою іхняю.
43 Шмат разоў Ён выратоўваў іх, але яны бунтаваліся ў задумах сваіх і паніжаны былі за беззаконьне сваё.
44 Але Ён глянуў на іх у горы іх, пачуўшы галашэньне іхняе,
45 і ўзгадаў на іх дзеля запавету Свайго, і пашкадаваў іх дзеля мноства міласэрнасьці Сваёй,
46 і Ён даў літасьць да іх перад абліччам усіх, што паняволілі іх.
47 Збаў нас, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, і зьбяры нас ад паганаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё і хваліліся славай Тваёю!
48 Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і на вякі! І няхай скажа ўвесь народ: «Амэн! Альлелюя!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Псальмы, Псальм 106. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Псальмы, Псальм 106 в переводах:
Псальмы, Псальм 106, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Толкования Августина
  6. Комментарии Скоуфилда
  7. Комментарии Сперджена


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.