1 Зьлюб было Дару пастанавіць над каралеўствам сто дваццацёх князёў, каторыя былі б над цэлым каралеўствам;
2 А над гэтымі трох маршалкаў, з каторых Данель першы, каб гэтыя князі здавалі лічбы ім, і каб кароль ня меў ніякае страты.
3 Тады гэты Данель пераходзіў маршалкаў а князёў, бо ў яго быў дасканальны дух, і кароль думаў пастанавіць яго над цэлым каралеўствам.
4 Тады маршалкі а князі шукалі знайсьці прыклеп супроці Данеля ўзглядам каралеўства; але ніякага прыклепу ані заганы не маглі знайсьці, бо ён быў верны, і ня былі знойдзена ў ім ніякая абмыла альбо загана.
5 Тады сказалі гэныя людзі: «Мы ня знойдзем у Данелю гэтым якога-колечы прыклепу з выняткам, што знойдзем штось супроці яго ў праве Бога ягонага».
6 Тады гэтыя маршалкі а князі зьберліся да караля і гэтак сказалі яму: «Каролю Дару, жыві на векі!
7 Зрадзіліся ўсі маршалкі каралеўства, намесьнікі а князі, скарбныя а вайводцы ўставіць каралеўскую ўставу і зрабіць моцны пастаноў, каб калі хто да трыццацёх дзён будзе маліцца малітваю да якога Бога альбо да людзіны, а не да цябе, каролю, каб быў кінены ў лявіную яму.
8 Дык, каролю, устаў забарон і падпішы ліст, каб гэта ня было зьменена подле права Мідаў а Пэрсаў, каторае ня ўзрушаецца».
9 Затым кароль Дар падпісаў ліст а забарон.
10 І як Данель даведаўся, што ліст падпісаны, ён прышоў да дому свайго (а вокны ў пакою ягоным былі адчыненыя ў кірунку на Ерузалім), клякаў трэйчы ўдзень, і маліўся, і дзякаваў Богу свайму, як рабіў гэта калісь.
11 Тады людзі гэтыя зьберліся й засьпелі Данеля, як ён маліўся а пакорна прасіў Бога свайго.
12 Тады яны дабліжыліся й казалі каралю ўзглядам забарону каралеўскага: «Ці ня ты падпісаў забарон, што кажная людзіна, каторая будзе прасіць да трыццацёх дзён у якога-колечы Бога альбо ў людзіны, а ня ў цябе, каролю, будзе кінена ў лявіную яму?» Кароль адказаў і сказаў: «Праўдзівае гэта слова, каторае подле права Мідаў а Пэрсаў не мяняецца».
13 Тады яны адказалі й сказалі перад каралём: «Гэны Данель, што із сыноў палону Юдэйскага, не паважае цябе, каролю, ані пастанову, каторы ты падпісаў, але трэйчы ўдзень чыне малітву сваю».
14 Як кароль пачуў гэтыя словы, было яму вельмі няпрыемна, і пастанавіў у сэрцу сваім вывальніць Данеля, і стараўся аж да заходу сонца вывальніць яго.
15 Тады тыя людзі зьберліся да караля і сказалі каралю: «Ведай, каролю, што подле права Мідаў а Пэрсаў ніякі забарон ані ўстава, пастаноўленыя каралём, ня маюць быць зьменены».
16 Тады кароль расказаў, і прывялі Данеля, і кінулі ў лявіную яму. Кароль адказаў і сказаў Данелю: «Бог твой, Катораму ты служыш кажначасна, вывальне цябе».
17 І прынесьлі камень, і палажылі на адтуліну ямы, і кароль запячатаваў яе жуковінаю сваёй і жуковінаю паноў сваіх, каб расказаньне ўзглядам Данеля не магло быць зьменена.
18 Адлі кароль адышоў да палацу свайго і правёў ноч постуючы, і ня прыносілі музыцкіх снадзяў да яго, і сон адышоў ад яго.
19 Тады кароль устаў золкам і хапліва пашоў да лявінае ямы.
20 І, падышоўшы да ямы, крыкнуў жаласным голасам Данелю, і адказаў кароль, і сказаў Данелю: «Данелю, слуга Бога жывога, ці Бог твой, Катораму ты кажначасна служыш, змог вывальніць цябе ад лявоў?»
21 Тады сказаў Данель каралю: «Каролю, жыві на векі!
22 Бог мой паслаў Ангіла Свайго і зачыніў ляпы лявоў, каб яны не пашкодзілі імне, бо як перад Ім нявіннасьць была знойдзена ў імне, так і табе, каролю, я не зрабіў ніякае шкоды».
23 Тады кароль надзвычайна ўсьцешыўся зь яго і расказаў, каб вывялі Данеля зь ямы; дык Данель быў выняты зь ямы, і ніякае шкоды не знайшлі на ім, бо ён верыў у Бога свайго.
24 І кароль расказаў, і прывялі тых людзёў, што зьвінавалі Данеля, і кінулі ў лявіную яму, іх, дзеці іхныя а жонкі іхныя; і не дасяглі яны далоўя ямы, як апанавалі іх лявы і разарвалі ўсі косьці іхныя.
25 Тады кароль Дар напісаў усім людам, народам і мовам, што жылі на ўсёй зямлі: «Супакой хай множыцца вам!
26 Ад мяне выданы пастаноў, каб у кажнай дзяржаве каралеўства майго людзі дрыжэлі а баяліся Бога Данелявага, бо Ён Бог жывы, вечнаіснуючы, і каралеўства Ягонае ня будзе зьнішчана, і ўлада Ягоная аж да канца.
27 Ён вывальняе а выбаўляе, і дзее знакі а чудосы на небе й на зямлі, Ён вывальніў Данеля ад лявоў».
28 Дык гэты Данель меў дасьпех за дзяржавы Дара і за дзяржавы Кіра Пэрскага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарокі Данеля, 6 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.