Прыповесьцяў 26 глава

Кніга Прыповесьцяў
Пераклад Антонія Бокуна → Перевод Десницкого

 
 

Як сьнег улетку, а дождж у жніво, так дурню не пасуе слава.
 

Як птушка пераляціць і як ластаўка паляціць, так праклён беспрычынны ня збудзецца.
 

Пуга — для каня, аброць — для асла, а кій — на сьпіну дурня.
 

Не адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ты падобным да яго.
 

Адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ён мудрым у вачах сваіх.
 

Падцінае сабе ногі і п’е шкоду сваю той, хто праз рукі дурня слова пасылае.
 

Няроўныя ногі кульгавага, таксама прыказка ў вуснах дурня.
 

Як прывязваць камень да вяроўкі, так аддаваць пашану дурню.
 

Як калючка ў руцэ п’янага, так прыказка ў вуснах дурня.
 

Вяльможны робіць усё: і дурня наймае, і мінака наймае.
 

Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурань паўтарае дурасьць сваю.
 

Ці бачыў ты чалавека, мудрага ў вачах сваіх? На дурня большая надзея, чым на такога.
 

Гультай кажа: «Леў на шляху! Леў на плошчы!»
 

Дзьверы варочаюцца на завесах сваіх, а гультай — на ложку сваім.
 

Гультай хавае руку сваю ў місе, і яму цяжка падняць яе да вуснаў сваіх.
 

Гультай мудрэйшы ў вачах сваіх за сямёх, што адказваюць з разуменьнем.
 

Хапае сабаку за вушы той, хто мяшаецца ў чужую спрэчку.
 

Як вар’ят, які кідае агонь, стрэлы і сьмерць,
 

так чалавек, які падманвае бліжняга свайго і кажа: «Гэта я жартую».
 

Калі няма дроваў, агонь гасьне, калі няма пляткара, звадка сьціхае.
 

Вугаль — для жару, дровы — для агню, а чалавек сварлівы — для распальваньня спрэчкі.
 

Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра.
 

Як гліна, паліваная срэбрам з жужалем, так гарачыя вусны і ліхое сэрца.
 

Ненавісьнік прыкрываецца вуснамі сваімі, а ў нутры сваім рыхтуе ашуканства.
 

Калі ён робіць лагодным голас свой, ня вер яму, бо сем брыдотаў у сэрцы ягоным.
 

[Чыя] нянавісьць прыхоўваецца ашуканствам, таго ліхота выявіцца перад грамадою.
 

Хто капае яму, той уваліцца ў яе, і хто пакоціць камень, на таго ён вернецца.
 

Брахлівы язык ненавідзіць пакрыўджаных ім, і вусны лісьлівыя вядуць да загубы.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.