Ёва 29 глава

Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Русского Библейского Центра

 
 

І працягваў Ёў прамову сваю, і сказаў:
 

«Хто мне дасьць, каб я быў як у часы старадаўнія, у тыя дні, калі Бог захоўваў мяне,
 

калі сьветач Ягоны сьвяціў над галавой маёй, калі ў сьвятле Ягоным хадзіў я ў цемры,
 

калі яшчэ жыў у днях восені маёй, калі спагаднасьць Бога была ў намёце маім,
 

калі Усемагутны быў са мною і вакол мяне — дзеці мае,
 

калі сьцежкі мае купаліся ў масьле, і са скалы ручаём сьцякаў алей.
 

Калі я выходзіў да брамы гораду, і на плошчы ставіў сядзеньне маё,
 

убачыўшы мяне, юнакі хаваліся, а старыя ўставалі і стаялі,
 

князі пераставалі гаварыць і клалі палец на вусны свае,
 

начальнікі спынялі голас свой, і язык іхні прыліпаў да паднябеньня.
 

Вуха, якое чула мяне, добра гаварыла пра мяне, і вока, якое бачыла, сьведчыла пра мяне,
 

бо я вызваляў гаротніка, які клікаў [мяне], і сірату, і бездапаможнага.
 

Дабраславенства таго, які гінуў, зыходзіла на мяне, і сэрца ўдавы я рабіў радасным.
 

Я апранаўся ў праведнасьць, і быў апрануты; як плашч і карона быў суд мой.
 

Вокам быў я для сьляпога, і нагой — для кульгавага.
 

Бацькам быў для ўбогіх, і ў справе, якой ня ведаў, пільна разьбіраўся.
 

Я разьдзіраў пашчу крыўдзіцелю і вырываў з зубоў ягоных нарабаванае.
 

Я гаварыў у душы: “У гнязьдзе сваім я памру і, як пясок, памножу дні свае.
 

Корань мой адкрыты для вады, і раса пакрывае галіны мае.
 

Слава мая заўсёды аднаўляецца, і лук у руцэ маёй абнаўляе [сілу]”.
 

Тыя, што слухалі мяне, чакалі, і маўчалі, [чуючы] параду маю.
 

Да словаў маіх ня мелі нічога дадаць, і мова мая на іх сплывала.
 

І чакалі мяне, як дажджу, і адкрывалі вусны свае, як на дождж вясновы.
 

Калі ўсміхаўся я да іх, ня верылі, і сьвятла аблічча майго не адкідалі.
 

Я выбіраў шлях да іх, і сядзеў на чале, і быў, як валадар у атачэньні войска; як той, хто пацяшае засмучаных.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.