Ёва 29 глава

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Русского Библейского Центра

 
 

І дадаў яшчэ Ёў, пачынаючы прыпавесць сваю, і сказаў:
 

«Хто мне дасць, каб стаўся я, як у даўнія месяцы, у тыя дні, калі Бог ахоўваў мяне,
 

калі светач Яго свяціў над галавой маёй і пры святле Яго хадзіў я ў цемры,
 

калі яшчэ жыў у днях юнацтва майго, калі Бог быў спагадным у палатцы маёй,
 

калі са мною быў Усемагутны і дзеці мае — вакол мяне,
 

калі малаком я мыў ногі свае і скала выдавала для мяне ручаі алею.
 

Калі я выходзіў да гарадской брамы і на плошчы рыхтаваў сабе сядзенне,
 

бачылі мяне юнакі і хаваліся, а старыя, падняўшыся, стаялі.
 

Князі пераставалі гаварыць і клалі палец на вусны свае.
 

Правадыры спынялі голас свой, і язык іх прыліпаў да іх паднябення.
 

Вуха, што чула мяне, дабраслаўляла мяне, і вока, якое бачыла, сведчыла за мяне,
 

бо я вызваляў гаротніка, які лямантаваў, і сірату, які не меў апекуна.
 

Дабраславенства таго, каму была наканавана смерць, сыходзіла на мяне, і сэрца ўдавы рабіў я радасным.
 

Я апрануўся ў справядлівасць і прыбраўся, як плашчом і вянцом, судом сваім.
 

Вокам быў я сляпому і нагой — кульгаваму.
 

Бацькам быў для беднага і справу незнаёмага чалавека пільна разбіраў.
 

Я раздзіраў пашчу злачынцу і вырываў з зубоў яго здабычу.
 

І гаварыў я: “У гняздзе сваім памру я і, як пальма, памножу дні.
 

Корань мой адкрыты каля вады, і раса будзе ляжаць на галінах маіх.
 

Слава мая заўсёды будзе аднаўляцца, і лук мой у руцэ маёй умацуецца”.
 

Тыя, хто мяне слухалі, захапляліся і з павагаю маўчалі на параду маю.
 

Да слоў маіх не асмельваліся нічога дадаць, і мова мая акроплівала іх.
 

Чакалі мяне, як дажджу, і адкрывалі вусны свае, як на дождж позні.
 

Калі часам усміхаўся я да іх, не верылі, і святло твару майго не падала на зямлю.
 

Калі хацеў прыйсці да іх, сядзеў першы і, хаця сядзеў, як кароль у атачэнні войска, аднак жа быў суцяшальнікам засмучаных.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.