Эзэкіэля 27 глава

Кніга прарока Эзэкіэля
Пераклад Антонія Бокуна → Русского Библейского Центра

 
 

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 

«А ты, сыне чалавечы, узьнімі лямант дзеля Тыру
 

і скажы Тыру, які жыве каля ўваходу ў мора і гандлюе з народамі на астравах шматлікіх: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Тыр, ты сказаў: “Я — [карабель] дасканалай прыгажосьці!”
 

У сэрцы мора межы твае, будаўнікі твае збудавалі прыгажосьць тваю.
 

З кіпарысаў Сэнірскіх пабудавалі табе ўсе барты, узялі кедры Лібанскія, каб зрабіць табе мачты,
 

з дубоў Башанскіх зрабілі вёслы твае, паклад твой зрабілі з косьці слановай, з самшыта з астравоў Кіттым.
 

З вісону аздобнага Эгіпецкага зрабілі ветразь твой, каб быў для цябе сьцягам. Блакіт і пурпур з астравоў Эліша былі накрыцьцём тваім.
 

Жыхары Сідону і Арваду былі ў цябе весьлярамі. Мудрацы твае, Тыр, былі ў цябе, яны — мараплаўцы твае.
 

Старшыні Гэбалю і мудрацы ягоныя былі пры табе, каб напраўляць пашкоджаньні твае. Усе караблі марскія і маракі іхнія былі пры табе, каб гандляваць таварамі тваімі.
 

Пэрсы, Люд і Пут былі ў войску тваім ваярамі. Шчыты і шаломы яны завешвалі ў цябе і дадавалі табе славы.
 

Сыны Арваду і войска тваё [былі] кругом на мурах тваіх, а Гамадэйцы — на вежах тваіх; яны вешалі шчыты свае кругом на мурах тваіх, завяршаючы аздобу тваю.
 

Таршыш гандляваў з табой дзеля мноства ўсякага багацьця; срэбра і жалеза, цыну і волава давалі [табе] за тавары твае.
 

Яван, Туваль і Мэшэк вялі гандаль з табой, душу чалавека і вырабы з медзі яны давалі за тавары твае.
 

З Бэт-Тагармы прыводзілі коней, і вершнікаў, і мулаў за тавары твае.
 

Сыны Дэдану вялі гандаль з табою, і шматлікія астравы гандлявалі з табою. Косьць слановую і дрэва гэбан прыносілі як даніну.
 

Арам гандляваў з табою дзеля мноства вырабаў тваіх, давалі за тавары твае пэрліны, пурпур, рознакаляровыя тканіны, ядваб, каралі і рубіны.
 

Юда і зямля Ізраіля вялі гандаль з табою, давалі за тавары твае пшаніцу з Мініту, слодычы, мёд, алей і бальзам.
 

Дамаск гандляваў з табой дзеля мноства вырабаў тваіх і мноства багацьця твайго, віно з Хэльбону і воўну з Цахару [давалі табе].
 

Дан і Яван з Уззалю за тавары твае давалі табе жалеза абробленае, цынамон і трысьнёг як тавары для гандлю твайго.
 

Дэдан вёў гандаль з табою, дыванкі для сёдлаў [даваў табе].
 

Арабія і ўсе князі Кедару куплялі з рукі тваёй, ягнятамі, баранамі і казламі гандлявалі з табою.
 

Купцы з Шэвы і Рамы вялі гандаль з табою, давалі за тавары твае найлепшы бальзам, і ўсялякія каштоўныя камяні, і золата.
 

Харан, Каннэ і Эдэн, купцы з Шэвы, Асірыі і Кільмаду гандлявалі з табой.
 

Яны вялі гандаль з табою, [прывозілі] каштоўныя строі, плашчы з пурпуру, рознакаляровыя тканіны і дываны, скураныя моцныя шнуры на рынак твой.
 

Караблі з Таршышу прывозілі да цябе тавары твае. І стаўся ты багаты і вельмі слаўны ў сэрцы мораў.
 

У воды вялікія завялі цябе весьляры твае, вецер усходні разьбіў цябе ў сэрцы мораў.
 

Багацьце тваё, тавары твае, гандаль твой, маракі твае і корнікі твае, тыя, што напраўляюць выломы твае, і тыя, што гандлююць таварам тваім, усе ваяры твае, якія ў табе, і ўсё войска тваё, якое пасярод цябе, патопяцца ў сэрцы мораў у дзень падзеньня твайго.
 

Ад голасу крыку маракоў тваіх задрыжаць узьбярэжжы.
 

І пазыходзяць з караблёў сваіх усе весьляры, маракі і ўсе корнікі марскія стануць на зямлі,
 

і загалосяць дзеля цябе гучна, і будуць крычаць горка, і будуць сыпаць пыл на галовы свае, і будуць качацца ў попеле.
 

І паголяць дзеля цябе галовы сабе, і падпярэжуцца зрэбніцай. І будуць плакаць па табе з горкай душой, галосячы горка.
 

І ўзьнясуць па табе лямант, і будуць сьпяваць у жалобе: “Хто ж такі, як Тыр, [які] зруйнаваны пасярод мораў!”
 

Калі тавары твае выходзілі з мора, ты карміў шмат народаў! Дзеля мноства багацьцяў тваіх і тавараў тваіх ты ўзбагаціў валадароў зямлі.
 

Цяпер ты разьбіты ў моры, і ў глыбіні водаў тавары твае, і ўсё войска тваё, якое ў сярэдзіне цябе, загінула.
 

Усе жыхары астравоў аслупянелі дзеля цябе, а валадары іхнія затрымцелі ад жаху, затрэсьліся абліччы [іхнія].
 

Купцы з [розных] народаў сьвішчуць дзеля цябе; стаўся ты страхоцьцем для іх, і ня будзе цябе на вякі”».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.