Эзэкіэля 27 глава

Кніга Эзэкіэля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Русского Библейского Центра

 
 

І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
 

«Такім чынам, ты, сын чалавечы, галасі дзеля Тыра
 

і скажы Тыру, што жыве ля ўваходу ў мора і гандлюе з народамі на астравах многіх: гэта кажа Госпад Бог: “О Тыр, ты сказаў: “Я дасканала прыгожы!”
 

У сэрцы мора твае межы; будаўнікі збудавалі цябе, выканалі прыгажосць тваю.
 

З ялін сэнірскіх пабудавалі табе ўсе сцены; ўзялі кедры з Лібана, каб мачту паставіць табе;
 

з дубоў басанскіх зрабілі вёслы табе, і лаўкі твае зрабілі з косці слановай, і з кіпарысаў з астравоў кітымскіх.
 

З тканага рознакаляровага вісону з Егіпта зрабілі табе ветразь, каб быў на мачце, гіяцынт і чырвоны пурпур з астравоў Элісы былі табе накрыццём.
 

Жыхары Сідона і Арадыя служылі табе веслярамі; мудрацы твае, Тыр, сталі для цябе маракамі.
 

Старэйшыны з Гібла і спрактыкаваныя майстры яго былі ў цябе, каб папраўляць пашкоджанні твае. Усе караблі марскія і маракі іх наведалі цябе, каб гандляваць з табою.
 

Жыхары Персіі, і Луда, і Пута былі ў войску тваім, ваярамі тваімі. Шчыты і шлемы яны павесілі ў цябе, яны прынеслі табе славу.
 

Сыны Арадыя і войска тваё былі кругом на мурах тваіх, і гамадыйцы былі на вежах тваіх. Павесілі яны свае шчыты вакол на тваіх мурах, дадаючы прыгажосці табе.
 

Тарсіс гандляваў з табой дзеля мноства ўсякага багацця; срэбра і жалеза, свінец і волава далі табе за тавары твае.
 

Яван, Тубал і Масок вялі гандаль з табой, абменьвалі ў цябе нявольнікаў і вырабы з медзі.
 

З Бэт-Тагармы прыводзілі да цябе на абмен на плошчу тваю коней, і вершнікаў, і мулаў;
 

сыны Роды вялі гандаль з табою; незлічоныя астравы гандлявалі з табою: за плату давалі табе біўні слановыя і дрэва эбенавае.
 

Эдом вёў з табою гандаль з прычыны тваіх многіх вырабаў: давалі табе за тавары карбункулы, пурпур і рознакаляровыя тканіны, і вісон, і чырвоныя каралы, і рубіны.
 

Юда і зямля Ізраэля гандлявалі з табой: давалі табе на абмен першую пшаніцу, смалу, і мёд, і алей, і бальзам.
 

Дамаск гандляваў з табой дзеля шматлікасці тваіх вырабаў, дзеля мноства твайго багацця: віно з Гэльбона, і воўну з Сагара, і віно з Узала давалі табе на абмен;
 

за твае вырабы давалі табе вырабы з жалеза, цынамон і трыснёг як тавары абмену.
 

Дэдан даваў табе дыванкі для сёдлаў.
 

Арабія і ўсе князі Кедара куплялі ў цябе; яны давалі табе авечак, і бараноў, і казлоў.
 

Купцы з Сабы і Рэгмы гандлявалі з табой: давалі табе на абмен усе найлепшыя духмянасці, і ўсялякія каштоўныя камяні, і золата.
 

Харан, і Хенэ, і Эдэн гандлявалі з табою; купцы з Сабы, Асура і Хэльмада гандлявалі з табой.
 

Гандлявалі яны з табой багатымі шатамі, плашчамі з гіяцынту, і ўзорыстымі тканінамі, і рознакаляровымі тканінамі, якія былі абкручаны вяроўкамі і пакладзены ў кедравыя скрыні.
 

Караблі з Тарсіса, кіраўнікі твае, прывозілі да цябе тавары; і стаў ты багаты і дужа слаўны ў сэрцы мора.
 

Весляры твае завялі цябе ў вялікія воды, паўднёвы вецер зламаў цябе ў сэрцы мора.
 

Багацце тваё, і скарбы твае, і шматлікія тавары твае, маракі твае і твае стырнавыя, майстры твае і пакупнікі твае, таксама ўсе ваяры твае, якія ёсць у цябе, і ўсё войска тваё, якое ёсць у цябе, патонуць у глыбіні мора ў дзень твайго падзення.
 

На моцны крык тваіх стырнавых задрыжаць узбярэжжы марскія
 

і ўсе весляры пасыходзяць са сваіх караблёў: маракі і ўсе стырнавыя марскія стануць на сушы
 

і загалосяць дзеля цябе ўголас, і будуць лямантаваць горка, і пасыплюць галовы свае попелам, і качацца будуць у пыле.
 

І дзеля цябе паголяць яны лысіну, і апрануць жалобныя шаты, і будуць плакаць па табе ў горычы, наракаючы вельмі горка;
 

і загалосяць па табе шчыра душы, спяваючы песню жалобную, і аплачуць цябе: “Хто ж быў, як Тыр, які змоўк у сэрцы мора!”
 

Калі тавары твае ішлі з-за мора, карміў ты шмат народаў! Дзеля мноства багаццяў тваіх і тваіх тавараў узбагаціў ты цароў зямлі.
 

Цяпер ты разбіты морам у глыбінях водаў. Твае багацці ды ўсе твае жыхары, якія былі ў цябе, патанулі.
 

Усе жыхары астравоў дзівяцца з цябе, цары іх праняты страхам, дужа трывожацца;
 

купцы з розных народаў асвістваюць цябе. Стаў ты страхоццем для іх, і не будзе навекі цябе”».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.