Якуба 1 глава

Ліст святога апостола Якуба
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Якуб слуга Бога і Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса дванаццаці пакаленням, што знайходзяцца ў расцярушэнні, прывет.
 
Іякаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццаці плямёнам, якія ў рассеянні: Радавацца!

Лічэце сабе за вялікую радасьць, браты мае, калі рожныя спакусы вас агорнуць,
 
Лічыце ўсялякаю радасцю, браты мае, кожны раз, калі трапляеце ў розныя выпрабаванні,

ведаючы, што дазнанне веры вашай творыць вытрываласьць;
 
ведаючы, што праверка вашай веры выпрацоўвае вытрываласць.

а вытрываласьць гэта дзеля дасканалячае, каб вы былі поўнадасканальнымі без ніякіх недахопаў.
 
А вытрываласць няхай мае свой дасканалы вынік, каб вы былі дасканалыя і цэласныя, ні ў чым не мелі нястачы.

І калі хто з вас патрабуе мудрасьці няхай просіць у Бога, шчодра даючага без дакораў, і дасцца яму.
 
Калі ж у каго з вас нестае мудрасці, няхай просіць у Бога, Які дае ўсім шчодра і без папроку, і дасца яму.

Але хай просіць зь вераю бязь ценю сумніву; хто бо сумняваецца, падобны марской хвалі, ветрам падыманай ды ганянай.
 
Але няхай просіць з вераю, ані не сумняваючыся, бо той, хто сумняваецца, падобны да марской хвалі, якую гоніць і кідае вецер.

Гэткі чалавек хай не спадзяецца атрымаць што ад Бога.
 
Бо няхай той чалавек не думае, што ён атрымае нешта ад Госпада,

Двудушны муж хісткі ёсьць на ўсіх шляхох сваіх.
 
двудушны чалавек няўстойлівы на ўсіх сваіх дарогах.

Хай ганарыцца брат пакорны высокасьцю сваёю;
 
І няхай прыніжаны брат ганарыцца ў сваім узвышэнні,

а багаты — сваёю нізкасьцю, праміне бо як той квет на траве:
 
а багаты — у сваім прыніжэнні, бо, як палявая кветка, ён адыдзе.

узыйдзе сонца, настане сьпека, высушыць траву і квет ападае, краса выгляду ягонага нікне; так вяне і багаты на сваіх шляхох.
 
Бо ўзышло сонца са спякотаю і высушыла траву, і кветка яе апала, і краса яе выгляду загінула; так і багаты завяне на сваіх дарогах.

Шчасьлівы муж, які вытрымоўвае спакусу, бо-ж калі быў выпрабаваны, атрымае вянец жыцьця, які абяцаў Бог Любячым Яго.
 
Дабраславёны чалавек, які выстойвае перад спакусаю, бо, будучы, выпрабаваным, ён атрымае вянок жыцця, які Ён1 абяцаў тым, хто любіць Яго.

Ніхто ў спакусе хай не кажа: Бог мяне спакушае; Бог бо не спакушаецца злом і Сам нікога ня кусіць.
 
Няхай ніхто пры спакусе не кажа: «Мяне спакушае Бог», бо не спакушаецца Бог злом і Сам не спакушае нікога.

Але кажны спакушаецца поцягам і прывабай свае похаці.
 
Але кожны спакушаецца зваблены і зманены ўласнай пажадлівасцю;

Похаць-жа, зачаўшы, родзіць грэх; а грэх дакананы родзіць сьмерць.
 
пасля пажадлівасць, зачаўшы, нараджае грэх; а зроблены грэх спараджае смерць.

Дык не манеце сабе, браты найдаражэйшыя:
 
Не падманвайцеся, браты мае ўлюбёныя.

ўсякае найлепшае дарэнне і ўсякі дасканальны дар згары ёсьць, зыйходзіць ад Айца сьвятла, ў якога няма зьменнасьці ані ценю перамены;
 
Кожнае добрае дарэнне і кожны дасканалы дар — з вышыняў, зыходзіць ад Бацькі свяцілаў, у Якога няма змянення і ні ценю перамены.

з уласнае бо волі радзіў нас словам праўды, каб мы былі нейкім начаткам яго стварэння.
 
Ён, захацеўшы, нарадзіў нас словам праўды, каб мы былі некаторым пачаткам Яго стварэнняў.

Вы гэта ведаеце, браты мае мілыя. Хай, восьжа, кажны чалавек хуткі будзе да слухання, а спавольны да гутаркі й спавольны да гневу.
 
Ведайце2, браты мае ўлюбёныя: няхай жа кожны чалавек будзе хуткі, каб слухаць, марудлівы, каб сказаць, марудлівы — гневацца;

Гнеў бо да справядлівасці Божай ня спрычыняецца.
 
бо гнеў чалавека не творыць праведнасці Божай.

Таму, адкінуўшы ўсялякую нечысьць ды лішнюю злосьць, з лагоднасьцю прыймайце ўсеванае слова, могучае збавіць вашыя душы.
 
Таму, адклаўшы ўсялякі бруд і празмернасць злосці, з лагоднасцю прыміце пасаджанае ў вас слова, якое можа выратаваць вашы душы.

Будзьце выканальнікамі слова, а не слухачамі толькі, ашукваючымі сябе.
 
Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія ашукваюць саміх сябе.

Бо калі хто слухае слова ды ня выконвае, той падобны да чалавека, што прызіраецца ў люстры прыроднаму абліччу:
 
Бо калі хто слухае слова, а не выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае ў люстэрку сваё аблічча, што мае ад нараджэння;

ён азірнуў сябе і адыйшоў ды зараз забыўся, якім быў.
 
бо ён разгледзеў сябе і пайшоў, і адразу забыўся, які ён.

А хтоб пранік дасканалы закон вольнасьці ды вытрываў быў ім, ня слухачом забудчывым стаўшыся, але выканальнікам дзела, той шчасьлівы будзе ў чыне сваім.
 
Але хто паглыбляецца ў дасканалы закон, закон свабоды і жыве ў ім, будучы не забыўлівым слухачом, а выканаўцам работы, той будзе шчаслівы ў сваёй дзейнасці.

Каліж хто думае, што ён пабожны, ня сутрымоўваючы языка свайго, але абласучваючы сэрца сваё, таго пабожнасьць пустая.
 
Калі хто думае, што ён набожны і не зацугляе свайго языка, але ашуквае сваё сэрца, — марная таго набожнасць.

Чыстай і беззаганнай перад Богам і Айцом ёсьць тая пабожнасьць: каб вясьці догляд сірат і ўдоваў, а сябе ўсьцярэгчы неапаганеным ад гэтага сьвету.
 
Чыстая і беззаганная набожнасць перад Богам і Бацькам вось што: даглядаць сіротаў і ўдоваў у іх бядзе, захоўваць сябе незаплямленым ад свету.

Примечания:

 
Пераклад П. Татарыновіча

2 Спакусы — розныя праціўнасці жыцця. Хрысціянін хоча дасканальна з’адзініцца з Хрыстусам праз цярплівасць у злыбядах, таму ён так цэніць нагоды да цярпення.

5 Патрэбная мудрасць — прызнанне свайго празначэння, сэнсу і правільнага шляху жыццёвага. І хто моліць яе шчырым сэрцам і верай няхіслівай, Бог з прыхільнасцю дасьць яе.

9 Пакорны — паніжаны убогасцю, упаследжаннем свайго стану, гэткі бо хутчэй можа спадзявацца ад Бога спачуцьця і вывышэння, калі не праклінаціме свае долі; а багаты хай і пры сваіх дастатках жыццёвых стараецца быць пакорным, няма бо чаго вывышацца маемасцю надта знікомаю. Кажнаму сваё выпрабаванне й адказнасьць.

13 Спакушаць абазначае у св. Пісанні або падбухторваць да благога, і гэтак Бог нікога не спакушае, або гартаваць у цноце, на гэта Бог насылаў напркл. выпрабаванне на Адрагама (Жыд. 11:17). Так і кажнаму чалавеку Бог дае вольны выбар між дабром і злом, быць паслухмяным Сабе, або — не, але нікога не спакушае, робячы зло прывабным, бож Ён Сам, Дабро несканчальнае, ёсць найвышэйшай прывабай, таму нікім ня можа спакушацца; над Ім бо зло ня мае сілы. Спакушае чалавека похаць, яна, моў распусніца, блазніць яго, каб прыжыць з ім грэх, які сваім чарадом родзіць моральную смерць.

17 Дар вышэйшы, уздым волі да нейкага чыну нап., паходзячы ад Бога, які можна назваць дарам Божым, пазнаецца па сваёй грунтоўнай сталасці; а плыткахіслівыя парывы, выбухаючыя й знікаючыя, бы дым — гэта самаабман.

18 Адкуплены чалавек родзіцца, згодна з вечнаю Прамудрасцю, Словам Праўды, каб стацца зачаткам, пяршынёю, новага жыцця.

19 Чалавек не павінен быць скоры да гневу, ён бо чалавечы, а Бог пасвойму мерае.

25 Закон Хрыстуса (Эванэлія), гэта закон свабоды, бо даны дзецям Божым, выконваючым яго з любасці, а не нявольнікам спаўняўшым яго толькі з боязі кары.

26 Існа пабожны кілзае свой язык, ня крыве душою, каб выкруціцца перад сваім сумленнем, сее любасць, высцярагаючыся усякай гідоты.

 
Пераклад Анатоля Клышкi
12 1: У некат. рукап.: Госпад.
19 2: У некат. рукап.: Так што.
 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.