1 Выясьняю вам, браты, Эвангелію, якую я вам раней вясьціў і якую вы прынялі дый у каторай трываеце,
2 і ёю здабудзіце збаўленьне, калі яе захаваеце (зьберажыцё) такою, якую вам вясьціў, інакш уверылі б вы надарма.
3 Перш перадаў я вам тое, што я прыняў, а гэта, што Хрыстус памёр за нашыя грахі — па Пісаньні,
4 што быў пахаваны і што ўскрос трэцяга дня — па Пісаньні,
5 што з'явіўся Кэфасу, а затым Дванаццаці,
6 што пасьля з'явіўся больш за пяцьсот братам адначасна; большасьць з іх жыве дасюль, некаторыя паўміралі.
7 Затым паказаўся Якубу, пазьней усім апосталам.
8 Пры канцы, ужо па ўсіх — паказаўся таксама мне, як неданошанаму плоду.
9 Бо я найменшы з усіх апосталаў і няварт называцца апосталам, бо я прасьледаваў Касьцёл Божы.
10 Але з ласкі Бога яўляюся тым, кім ёсьць, ды дадзеная мне Ім ласка не была надарма. Наадварот, працаваў я больш ад іх усіх, не я, што праўда, але ласка Божая са мною.
11 Дык ці я гэта, ці іншыя — так навучаем, каб вы паверылі.
12 Калі аб Хрыстусе даказваецца, што Ён устаў з умёршых, дык чаму некаторыя спаміж вас цьвердзяць, што няма васрасеньня?
13 Калі няма васкрасеньня, дык і Хрыстус не ўскрос.
14 А калі Хрыстус не ўваскрос, пустым наша навучаньне, ды пустая таксама вашая вера.
15 І мы аказаліся б фальшывымі сьведкамі Бога, калі б памёршыя не васкрасалі б, мы сьведчылі б проціў Бога, што Ён не ўваскрасіў Хрыста.
16 Калі памёршыя не васкрасаюць, дык і Хрыстус не ўваскрос.
17 А калі Хрыстус не ўваскрос — пустая вера вашая, і вы дасюль застаіцёся ў храмах сваіх.
18 Дык затым і тыя, што памярлі ў Хрысьце, пайшлі на загубу.
19 Калі ў гэтым жыцьці надзеімся толькі на Хрыста, дык мы яўляемся найнешчасьлівейшымі з усіх людзей.
20 Аднак Хрыстус ускрос першы спасярод памёршых.
21 Бо як праз чалавека прыйшла сьмерць, так праз Чалавека (Хрыста) і ўваскрасеньне.
22 Як у Адаме — усе ўміраюць, так у Хрысьце ўсё ажывуць,
23 але кожны па сваёй чарзе: першы Хрыстус, затым тыя, што належаць да Хрыста, у час Ягонага прыйсьця.
24 Наастатак прыйдзе канец, калі перадасць Ён валаданьне (караляваньне) Богу і Айцу ды калі пераможа ўсякі прынцыпат, усякую ўладу ды моц.
25 Яму належыцца валадарыць аж пакуль не паложыць пад Свае ногі ўсіх Сваіх непрыяцеляў.
26 Як апошні непрыяцель — будзе пераможа і сьмерць.
27 Усё бо Ён кінуў пад ногі Свае. Калі кажацца, што ўсё падчынена, значыць гэта, што апроч Таго, хто Яму ўсё падчыніў.
28 А калі ўжо ўсё будзе Яму падчынена, затым і Сам Сын будзе падчынены Таму, Хто Сыну падчыніў усё, каб Бог быў усім для ўсіх.
29 Бо што робяць тыя, што прымаюць хрост за памёршых, калі памёршыя зусім не ўваскрасаюць, дык нашто прымаюць хрост за іх?
30 Дык пашто і мы ставім сябе што хвіліну на небяспеку?
31 Заручаю вас праз гонар, які я маю ў вас у Езусе Хрысьце, Госпаду нашым, што кожны дзень уміраю.
32 Калі толькі як чалавек у Эфэзе змагаўся з дзікімі зьвярамі, што мне з таго? Калі памёршыя не ўваскрасаюць — дык ежма і пійма, бо заўтра памром.
33 Не абманывайце сябе! "Дзеля ліхіх (благіх) гутарак разбэшчаваюцца (бесьцяцца) добрыя звычаі".
34 Ацьверазіцеся (ачухайцеся) як сьлед і перастаньце грашыць! Бо ёсьць сярод вас такія, што не прызнаюць Бога. Насорам вам — кажу гэта.
35 Спытае нехта: А як памёршыя ўваскрасаюць? У якім пакажацца целе?
36 О, неразумны! Дык жа тое, што сееш, не аджыве, калі перш не абамрэ.
37 Тое, што сееш не яўляецца адразу целам, якім становіцца потым, але звычайным зернем, скажам пшанічным або якім другім.
38 Бог дае яму такое цела, якое захацеў: кожнаму насеньню сваё.
39 Не ўсе целы аднолькавы: іншыя целы ў людзей, іншыя целы ў жывёлаў, а яшчэ іншыя ў птушак ды рыбы.
40 Целы ёсьць нябесныя і зямныя, але іншы блеск цел нябесных — іншы зямных.
41 Іншы блеск сонца, а іншы — месяца ды зорак. Адна зорка ад другой розьніцца яркасьцю.
42 Падобная справа з уваскрасеньнем умёршых. Сеецца тленнае (зьнішчальнае) — а ўстае (уваскрасае) нятленным (незьнішчальнае, несьмяротнае).
43 Сеецца спаганенае, спаніжанае, а ўстае, ускрэсне ў хвале. Сеецца кволае, а паўстае дужае.
44 Сеецца цела змыслова — а паўстае цела ўдухоўлена. Калі ёсьць цела змыслова, ды ёсьць і цела ўдухоўлена.
45 Так вось і напісана: "Першы чалавек Адам — стаўся дыхоўным бытам, істотаю, жыючаю душою, а апошні Адам стаўся жыўляючым (жыватворчым) духам".
46 Аднак перш было нетое, што духовае, але тое, што змысловае, духовае было потым.
47 Першы чалавек з зямлі — зямны, другі Чалавек — з неба.
48 Які той зямны, такія і зямныя, Які Той нябесны, такія і нябесныя.
49 Дык як насілі мы від (вобраз) зямнога чалавека, так будзем насіць від (вобраз) нябеснага чалавека.
50 Заручаю вас, браты, што цела і кроў ня могуць унаследаваць (атрымаць) валадарства Божага, ды тое, што знішчальнае ня можа мець спадчыны ў тым, незьнішчальнае.
51 Вось аб'яўляю вам тайну, не ўсе памром, але ўсе будзем пераменены.
52 Адразу, імгненна, на звук апошняй трубы — затрубіць труба — і паўстануць памёршыя нятленнымі дык мы будзем пераменены.
53 Бо трэба, каб тое, што зьнішчальна (трухлае) прыадзелася ў несьмяротнасьць.
54 А калі ўжо тое, што зьнішчальнае (трухлявае) пераадзенецца ў незнішчальнасьць, тады збудуцца напісаныя словы: "Перамога паканала (праглынула) сьмерць.
55 Дзе твая сьмерць перамога? Дзе тваё, сьмерць, джыгала?
56 Джыгалам сьмерці — грэх, а сілай граха — Закон.
57 Дзякуй Богу за тое, што пазволіў атрымаць перамогу праз Госпада нашага Езуса Хрыста.
58 Дзеля таго, браты мае, будзьце стойкімі і непахіснымі, заўсёды рупліва занятыя справай Госпада, помнячы, што труд ваш ня будзе пусты ў Бога.