1 I, паклікаўшы Сваіх дванаццаць вучняў, Ён даў ім моц над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач.
2 А імёны дванаццаці апосталаў вось якія: першы Сіман, званы Пятром, і Андрэй, яго брат; Якаў Завядзееў і Іаан, яго брат;
3 Філіп і Варфаламей; Фама і Мацвей, мытнік; Якаў Алфееў і Леўвей, празваны Фадзеем;
4 Сіман Кананіт і Іуда Іскарыёт, які і выдаў Яго.
5 Гэтых дванаццаць Ісус паслаў і загадаў ім, кажучы: на дарогу язычнікаў не хадзіце і ў Самаранскі горад не ўваходзьце;
6 Але ідзіце лепш да загінулых авечак Ізраілевага дому.
7 Ідзіце і абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Царства Нябеснае.
8 Хворых вылечвайце, пракажоных ачышчайце, памерлых уваскрашайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце.
9 Не бярыце золата, ані серабра, ані медзі ў свае паясы,
10 Ані торбы ў дарогу, ані двух адзенняў, ані абутку, ані кія. Бо варты работнік сваёй спожыці.
11 А ў які б горад ці вёску ні ўвайшлі вы, даведвайцеся, хто ў ім паважаны; і там аставайцеся, аж пакуль не выйдзеце.
12 А ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: «спакой гэтаму дому»;
13 I калі дом заслугоўвае, няхай сыдзе ваш спакой на яго; калі ж не заслугоўвае, няхай ваш спакой да вас вернецца.
14 А калі хто не прыме вас, не паслухае вашых слоў, выходзячы з дому ці з горада таго, абтрасіце пыл з вашых ног.
15 Папраўдзе кажу вам: лягчэй будзе Садомскай і Гаморскай зямлі ў судны дзень, чым таму гораду.
16 Вось Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; будзьце ж мудрыя, як змеі, і нявінныя, як галубкі.
17 Сцеражыцеся ж людзей: бо будуць вас перадаваць у суды і ў сваіх сінагогах будуць бічаваць вас;
18 I да намеснікаў і да цароў павядуць вас за Мяне, на сведчанне ім і язычнікам.
19 Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як ці што казаць: бо вам будзе дадзена ў тую гадзіну, што казаць;
20 Бо не вы будзеце казаць, а Дух Бацькі вашага будзе казаць у вас.
21 А выдасць брат брата на смерць і бацька сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх.
22 I будуць вас усе ненавідзець зза Майго імя; а хто выцерпіць да канца, будзе збавёны.
23 А калі вас будуць гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі; бо папраўдзе кажу вам: не абыдзеце яшчэ Ізраілевых гарадоў, як прыйдзе Сын Чалавечы.
24 Не вышэйшы вучань за настаўніка свайго, ані слуга за гаспадара свайго.
25 Даволі для вучня, каб ён быў як яго настаўнік, і для слугі, каб ён быў як яго гаспадар. Калі гаспадара дому назвалі вельзевулам, наколькі болыш назавуць дамашніх яго?
26 Дык не бойцеся іх: бо няма нічога закрытага, што не адкрылася б; і таемнага, што не стала б вядомым.
27 Што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; а што на вуха чуеце, абвяшчайце на дахах.
28 I не бойцеся тых, што цела забіваюць, а душы не могуць забіць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і цела, і душу загубіць у геене.
29 Хіба не двух вераб’ёў прадаюць за асарый? Ды ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Бацькі вашага.
30 У вас жа і валасы ўсе на галаве палічаны.
31 Дык не бойцеся: бо вы лепшыя за многіх вераб’ёў.
32 Дык кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, прызнаю і Я перад Маім Бацькам, што ў нябёсах;
33 Хто ж адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, адракуся ад таго і Я перад Маім Бацькам, што ў нябёсах.
34 Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю; Я не мір прыйшоў прынесці, але меч.
35 Бо я прыйшоў развесці чалавека ад яго бацькі, і дачку ад яе маці, і нявестку ад яе свекрыві;
36 I ворагі чалавеку, — дамашнія яго.
37 Хто болыш за Мяне любіць бацьку ці маці, не годны Мяне; і хто любіць сына ці дачку болыш за Мяне, не годны Мяне;
38 I хто не бярэ свайго крыжа і не ідзе за Мною, не годны Мяне.
39 Хто зберажэ сваё жыццё, страціць яго; а хто страціць сваё жыццё за Мяне, зберажэ яго.
40 Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
41 Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока; хто прымае справядлівага ў імя справядлівага. атрымае ўзнагароду справядлівага;
42 А хто б ні напаіў аднаго з гэтых малых толькі кубкам сцюдзёнай вады ў імя вучня, папраўдзе кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.