1 Убачыўшы ж натоўпы, Ён узышоў на гару. I калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго.
2 I Ён, адкрыўшы вусны Свае, вучыў іх, кажучы:
3 Шчаслівыя ўбогія духам; бо іх ёсць Царства Нябеснае.
4 Шчаслівыя засмучаныя; бо яны ўсцешаны будуць.
5 Шчаслівыя лагодныя; бо яны атры маюць у спадчыну зямлю.
6 Шчаслівыя згаладалыя і сасмяглыя па справядлівасці, бо яны будуць натолены.
7 Шчаслівыя літасцівыя; бо да іх бу дуць мець літасць.
8 Шчаслівыя чыстыя сэрцам; бо яны ўбачаць Бога.
9 Шчаслівыя міратворцы; бо яны будуць названы Божымі дзецьмі.
10 Шчаслівыя, каго гоняць за праўду; бо іх ёсць Царства Нябеснае.
11 Шчаслівыя вы, калі вас будуць ганьбіць, і гнаць, і хлусліва казаць на вас усялякае слова ліхое зза Мяне.
12 Радуйцеся і весяліцеся; бо вялікая ваша ўзнагарода ў нябёсах: гэтак жа гналі прарокаў раней за вас.
13 Вы, — соль зямлі; калі ж соль страціць моц, чым яе насаліць? Ні на што яна ўжо не прыдаецца, хіба толькі выкінуць вон, каб тапталі людзі.
14 Вы, — святло свету. Не можа горад схавацца, стоячы наверсе гары.
15 І калі запальваюць каганец, ставяць яго не пад пасудзіну, а на падстаўку, і свеціць ён усім у доме.
16 Гэтак няхай свеціць ваша святло перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўслаўлялі вашага Бацьку, што ў нябёсах.
17 Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў; не адмяніць Я прыйшоў, а здзейсніць.
18 Папраўдзе ж кажу вам: пакуль не мінецца неба і зямля, ніводная ёта ці рыса адзіная не знікне з закона, аж пакуль не спраўдзіцца ўсё.
19 Дык вось, хто б ні парушыў адну з найменшых гэтых запаведзяў і так людзей навучыў, таго назавуць найменшым у Царстве Нябесным; а таго, хто выканае і навучыць, вялікім назавуць у Царстве Нябесным.
20 Бо Я кажу вам: калі ваша справядлівасць не будзе большаю за справядлівасць кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Царства Нябеснае.
21 Вы чулі, што было наказана старажытным: «не забівай, а хто б ні забіў, падпадзе пад суд».
22 А я кажу вам, што кожны, хто дарэмна гневаецца на свайго брата, падпадзе пад суд; а хто б ні сказаў свайму брату: «рака», падпадзе пад сінедрыён, а хто б ні сказаў «дурны», падпадзе пад геену вогненную.
23 Дык вось, калі ты прынясеш свой дар на ахвярнік і там успомніш, што брат твой мае нешта супроць цябе,
24 Пакінь там свой дар перад ахвярнікам і пайдзі перш памірыся са сваім братам і тады, прыйшоўшы, ахвяруй свой дар.
25 Мірыся са сваім праціўнікам хутка, пакуль з ім у дарозе; каб толькі праціўнік не перадаў цябе суддзі, а суддзя не перадаў цябе выканаўцу і не быў ты кінуты ў цямніцу.
26 Папраўдзе кажу табе: не выйдзеш адтуль, аж пакуль не аддасі астатняга кадранта.
27 Вы чулі, што было наказана старажытным: «не чыні пералюбу».
28 А Я кажу вам, што кожны, хто пажадліва глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў пералюб з ёю ў сэрцы сваім.
29 Калі ж тваё правае вока спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не каб усё тваё цела было кінута ў геену;
30 I калі твая правая рука спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не каб усё тваё цела было кінута ў геену.
31 Сказана таксама, што хто б ні разводзіўся з жонкай сваёю, няхай дасць ёй разводны ліст.
32 А Я кажу вам, што хто б ні разводзіўся з жонкай сваёй, апроч як з віны распусты, даводзіць яе да пералюбу; і хто б ні ажаніўся з разведзенаю, чыніць пералюб.
33 Яшчэ вы чулі, што наказана старажытным: «не прысягай фальшыва, а датрымай Госпаду свае клятвы».
34 А Я кажу вам: не кляніцеся ўвогуле: ні небам, бо яно трон Божы;
35 Ні зямлёю, бо яна падножжа ног Яго; ні Іерусалімам, бо ён горад вялікага Цара;
36 Ні галавою сваёй не кляніся, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.
37 Няхай жа будзе ваша слова: «так, так», «не, не»; а што звыш таго, — ад ліхога.
38 Вы чулі, што сказана: «вока за вока, і зуб за зуб»;
39 А Я кажу вам: не супраціўляйся злому, але хто цябе ўдарыць у тваю правую шчаку, павярні да яго і другую;
40 I хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і плашч;
41 I хто цябе вымушае ісці адну мілю, прайдзі з ім дзве.
42 Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся.
43 Вы чулі, што сказана: «любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго»;
44 А Я кажу вам: любіце сваіх ворагаў, бласлаўляйце тых, што праклінаюць вас, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, што гоняць вас;
45 Каб вам зрабіцца дзецьмі Бацькі вашага, што ў нябёсах, які наказвае свайму сонцу ўсходзіць над ліхімі і добрымі і насылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
46 Калі ж вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж не тое робяць і мытнікі?
47 I калі вы вітаеце толькі вашых братоў, што асаблівага робіце? Ці ж не гэта робяць і язычнікі?
48 Дык будзьце вы дасканалыя, як дасканалы ваш Бацька, што ў нябёсах.