1 У тыя ж дні прыходзіць Іаан Хрысціцель, навучаючы ў пустэльні Іудзейскай
2 I кажучы: пакайцеся; бо наблізілася Царства Нябеснае.
3 Гэта ж пра яго сказана праз Ісаю, прарока, які кажа: «Вокліч прапаведніка ў пустэльні: падрыхтуйце дарогу Гасподнюю, простымі зрабіце сцежкі Яго».
4 Сам жа Іаан меў на сабе вопратку з вярблюджай воўны і скураны пояс на паясніцы сваёй; спажывай яго былі саранча ды дзікі мёд.
5 Тады выходзіў да яго Іерусалім, і ўся Іудзея, і ўсё Над’іярданне;
6 I хрысціліся ад яго ў Іярдане, вызнаючы свае грахі.
7 Але, убачыўшы шмат фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысціцца, казаў ім: гадзючыя выпладкі, хто падвучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
8 Вось стварыце годны плод пакаяння;
9 Ды не думайце казаць самі сабе: «бацька ў нас Аўраам»; бо кажу вам, што Бог можа з гэтага камення стварыць сыноў Аўрааму.
10 Бо ўжо і сякера прыкладзена да кораня дрэў: кожнае ж дрэва, што добрага плоду не родзіць, будзе высечана і ўкінута ў агонь.
11 Я хрышчу вас у вадзе на пакаянне, але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне: я не годны панесці Яго сандаляў; Ён вас ахрысціць у Святым Духу і агні;
12 Яго веялка ў руцэ Яго, і Ён пільна перачысціць Свой ток і збярэ Сваю пшаніцу ў засек, а мякіну спаліць у незгасальным агні.
13 Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Іярдан да Іаана, — хрысціцца ад яго.
14 А Іаан запярэчыў Яму, кажучы: я павінен хрысціцца ад Цябе, а Ты прыйшоў да мяне?
15 Ісус жа, адказваючы, сказаў яму: дазволь якраз цяпер; бо гэтак належыць нам выконваць усё, што справядлівае. Тады ён уступіў Яму.
16 I, ахрысціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады, і вось расчыніліся Яму нябёсы і ўбачыў Духа Божага, што сыходзіў, нібы голуб, і спускаўся на яго;
17 I вось голас з нябёсаў кажа: гэта Мой Сын улюбёны, якому Я спрыяю.