1 Тады Ісус быў заведзены Духам у пустэльню, каб д’ябал выпрабаваў Яго.
2 I, прапасціўшыся сорак дзён і сорак начэй, нарэшце адчуў голад.
3 I, падступіўшы да Яго, спакуснік сказаў: калі Ты Божы Сын, скажы, каб гэтае каменне зрабілася хлябамі.
4 А Ён у адказ сказаў: напісана: «не аб хлебе адным будзе жыць чалавек, але аб кожным слове, што зыходзіць з Божых вуснаў».
5 Тады бярэ Яго д’ябал у святы горад і ставіць Яго на крыле святыні,
6 I кажа Яму: калі Ты Божы Сын, кінься ўніз; бо напісана: «Сваім Анёлам даручыць Ён Цябе» і «на руках панясуць Цябе, каб аб камень выпадкам не спатыкнуў Ты свае нагі».
7 Ісус сказаў яму: напісана яшчэ: «не выпрабоўвай Госпада Бога свайго».
8 Зноў бярэ Яго д’ябал на вельмі вы сокую гару і паказвае Яму ўсе царствы свету і славу іх,
9 I кажа Яму: гэта ўсё дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне.
10 Тады кажа яму Ісус: адыдзі, сатана! бо напісана: «Госпаду Богу свайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць».
11 Тады д’ябал пакідае Яго; і вось Анёлы прыступілі і служылі Яму.
12 А Ісус, пачуўшы, што Іаан зняволены, адышоў у Галілею.
13 I, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, на памежжы Завулона і Нефаліма;
14 Каб спраўдзілася сказанае праз Ісаю, прарока, які кажа:
15 «Зямля Завулонава і зямля Нефалімава, на прыморскай дарозе, па той бок Іярдана, Галілея язычнікаў!
16 Народ, што сядзеў у цемры, убачыў вялікае святло, а тым, што сядзяць у краіне смяротнага ценю, узышло святло».
17 З таго часу пачаў Ісус навучаць і казаць: пакайцеся; бо наблізілася Царства Нябеснае!
18 Праходзячы ж каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сімона, названага Пятром, і яго брата Андрэя, што закідвалі сетку ў мора: былі ж яны рыбаловы;
19 I кажа ім: ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
20 Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
21 I адтуль, ідучы далей, убачыў Ён іншых двух братоў: Якава Зеведзеева і яго брата Іаана ў чаўне з Зеведзеем, іх бацькам, калі яны папраўлялі свае сеткі; і заклікаў іх.
22 Яны адразу ж, пакінуўшы човен і свайго бацьку, пайшлі за ім.
23 I хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы іх у сінагогах і абвяшчаючы Дабравесце Царства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач у народзе.
24 I разышлася вестка пра Яго па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, што цярпелі ад розных хвароб і пакут, і апантаных, і лунатыкаў, і спаралізаваных; і Ён вылечваў іх.
25 I ішлі за ім вялікія натоўпы з Галілеі, і з Дзесяцігарадоўя, і з Іудзеі, і з Заіярдання.