1 Тады Ісус прамовіў да народу і Сваіх вучняў,
2 Кажучы: на Майсеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі;
3 Дык усё, што яны скажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце; але паводле ўчынкаў іх не рабіце; бо яны гавораць, ды не робяць.
4 Звязваюць жа яны цяжары важкія і непасільныя і кладуць на плечы людзей, а самі і пальцам сваім не хочуць да іх дакрануцца.
5 Усе ж свае ўчынкі робяць дзеля таго, каб іх бачылі людзі. Свае багамоллі 1 пашыраюць і падоўжваюць кутасы ў сваіх накідках;
6 I любяць першыя месцы на банкетах і пярэднія лаўкі ў сінагогах,
7 I вітанні на плошчах, і каб людзі называлі іх «равві, равві» .
8 А вы іх не называйце «равві», бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос; усе ж вы — браты.
9 I вашым Бацькам не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Бацька, Які ў нябёсах.
10 I няхай не называюць вас настаўнікамі; бо Настаўнік у вас адзін — Хрыстос.
11 А большы з вас няхай вам будзе слугою.
12 Хто ж узвышае сябе, той будзе паніжаны; а хто паніжае сябе, той будзе ўзвышаны.
13 Бяда ж вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што зачыняеце Нябеснае Царства перад людзьмі: бо вы і самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, увайсці не пускаеце.
14 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паядаеце ўдовіны дамы і напаказ доўга моліцеся, за гэта і прымеце болыпую кару.
15 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што абходзіце мора і сушу, абы прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвойчы горшым за вас.
16 Бяда вам, павадыры сляпыя, што кажаце: «калі хто паклянецца храмам, то нічога; хто ж паклянецца золатам храма, то вінаваты».
17 Неразумныя і сляпыя! бо што большае: ці золата, ці храм, які асвячае золата?
18 I: «калі хто паклянецца ахвярнікам, то нічога: калі ж паклянецца ахвяраю, што на ім, то вінаваты».
19 Неразумныя і сляпыя, бо што большае: ахвяра ці ахвярнік, які асвячае ахвяру?
20 Дык хто клянецца ахвярнікам, клянецца ім і ўсім, што на ім;
21 I хто клянецца храмам, клянецца ім і Тым, Хто ў ім жыве;
22 I хто клянецца небам, клянецца Божым пасадам і Тым, Хто сядзіць на ім.
23 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але адкінулі больш важнае ў Законе: справядлівасць, міласэрнасць і веру; гэтае трэба было рабіць і таго не адпускаць.
24 Павадыры сляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце.
25 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што ачышчаеце чару і місу звонку, а ўсярэдзіне яны поўныя драпежнасці і няўстрыманасці.
26 Фарысей сляпы, ачысць спярша сярэдзіну чары і місы, каб зрабіліся і зверху чыстыя.
27 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што прыпадобніліся да павапненых надмагілляў, якія зверху здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касцей трупаў і ўсялякай нечысці.
28 Гэтак і вы збоку здаяцеся людзям праведнікамі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня.
29 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што будуеце надмагіллі прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікаў,
30 I кажаце: «калі б мы жылі ў дні нашых бацькоў, мы не былі б іх супольнікамі ў крыві прарокаў».
31 Тым самым вы сведчыце супроць сябе, што вы сыны забойцаў прарокаў.
32 Дапаўняйце і вы меру вашых бацькоў.
33 Змеі, гадзючыя выпладкі! як вам пазбегнуць асуджэння ў геену?
34 Дзеля гэтага, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; некаторых з іх вы заб’яце і ўкрыжуеце, некаторых будзеце бічаваць у сваіх сінагогах і гнаць з горада ў горад;
35 Каб спала на вас уся праведная кроў, што пралітая была на зямлі — ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыя, сына Варахіінавага, якога вы забілі між храмам і ахвярнікам.
36 Папраўдзе кажу вам, усё гэта спадзе на род гэты.
37 Іерусаліме, Іерусаліме, што забіваеш прарокаў і б’еш каменнем пасланых да цябе, — колькі разоў хацеў Я сабраць тваіх дзяцей, як птушка збірае пад крылле сваіх птушанят, ды вы не захацелі!
38 Вось астаецца вам дом ваш пусты.
39 Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне зараз, аж пакуль не скажаце: «бласлаўлёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!»