1 Тады Нябеснае Царства будзе падобнае да дзесяці дзяўчат, што, узяўшы лямпы, выйшлі насустрач маладому.
2 Пяць з іх было неразумных і пяць разумных.
3 Неразумныя, узяўшы свае лямпы, не ўзялі з сабою алею;
4 Разумныя ўзялі алею ў пасудзінах заадно са сваімі лямпамі;
5 А калі малады затрымаўся, яны ўсе задрамалі і паснулі.
6 Апоўначы ж крык пачуўся: «вось, малады ідзе, выходзьце насустрач яму».
7 Тады ўсхапіліся ўсе тыя дзяўчаты і паправілі свае лямпы.
8 Неразумныя ж сказалі разумным: «дайце нам вашага алею, бо нашы лямпы гаснуць».
9 А разумныя казалі ў адказ: «каб не забракла нам і вам, пайдзіце лепей да прадаўцоў і купіце сабе».
10 Пакуль жа яны хадзілі купляць, прыйшоў малады; і гатовыя ўвайшлі з ім на вяселле, і дзверы зачыніліся.
11 Пасля ж прыходзіць і рэшта дзяўчат і кажа: «пане! пане! адчыні нам!»
12 Ён жа сказаў ім у адказ: «папраўдзе кажу вам: я не ведаю вас».
13 Дык будзьце пільныя: бо вы не ведаеце ані дня, ні гадзіны, калі прыйдзе Сын Чалавечы.
14 Гэтак і адзін чалавек, ад’язджаючы, склікаў сваіх рабоў і перадаў ім сваё дабро.
15 I даў ён аднаму пяць талентаў, другому ж — два, а іншаму — адзін, кожнаму паводле яго сілы; і тут жа ад’ехаў.
16 Той жа, хто ўзяў пяць талентаў, пайшоўшы, пусціў іх у абаротак і прыдбаў другія пяць.
17 Гэтак жа і той з двума зарабіў другія два.
18 А той, што ўзяў адзін, адышоўшыся, закапаў у зямлю — і схаваў серабро свайго гаспадара.
19 Праз доўгі ж час прыязджае гаспадар тых рабоў і зводзіць з імі рахунак.
20 I, падышоўшы, той, хто ўзяў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: «пане! пяць талентаў ты перадаў мне: вось другія пяць талентаў я зарабіў на іх».
21 Яго ж гаспадар сказаў яму: «прыемна, раб добры і верны! У малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе; увайдзі ў радасць твайго гаспадара».
22 I, падышоўшы, той, хто ўзяў два таленты, сказаў: «пане! два таленты ты перадаў мне: вось другія два таленты я зарабіў на іх».
23 Яго ж гаспадар сказаў яму: «прыемна, раб добры і верны! У малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе; увайдзі ў радасць твайго гаспадара».
24 I, падышоўшы, той, хто ўзяў адзін талент, сказаў: «пане! я ведаў цябе, што ты чалавек суровы: жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў;
25 I я збаяўся — адышоўшыся, схаваў твой талент у зямлю: вось маеш тваё».
26 Яго ж гаспадар сказаў яму ў адказ: «баязлівы раб і лянівы; ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў;
27 Таму трэба было табе даць маё серабро ліхвярам, а я, прыехаўшы, узяў бы ўсё сваё з ліхвою.
28 Вазьміце ж ад яго талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў.
29 Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена, і ў яго будзе паддастаткам; а ў таго, хто не мае, будзе ўзята і тое, што мае.
30 А няздатнага раба выкіньце ў цемрузнадворную — там будзе плач і скрыгат зубоў».
31 Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя Анёлы з ім, тады сядзе Ен на пасадзе славы Свае.
32 I будуць сабраны перад Ім усе народы; і Ен аддзеліць іх адзін ад аднаго, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;
33 I паставіць Ен авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.
34 Тады скажа Цар тым, хто праваруч ад Яго: «прыйдзіце, бласлаўлёныя Бацькі Майго! атрымайце ў спадчыну Царства, прызначанае вам ад заснавання свету.
35 Бо быў галодны Я, а вы далі мне есці; быў сасмяглы, а вы далі Мне піць; быў падарожны, а вы прынялі Мяне;
36 Быў голы, а вы адзелі Мяне; быў хворы, а вы адведалі Мяне; быў у цямніцы, а вы прыйшлі да Мяне».
37 Тады адзавуцца Яму праведнікі, кажучы: «Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі? і сасмяглым і напаілі?
38 Калі ж мы цябе падарожным бачылі і прынялі? ці голым і адзелі?
39 Калі ж мы бачылі Цябе хворым або ў цямніцы і прыйшлі да Цябе?»
40 I ў адказ Цар скажа ім: «папраўдзе кажу вам: зрабіўшы гэта аднаму з Маіх найменшых братоў, вы Мне зрабілі».
41 Тады скажа і тым, хто леваруч ад Яго: «ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, прызначаны д’яблу і яго анёлам.
42 Бо быў галодны Я, а вы не далі Мне есці; быў сасмяглы, а вы не далі Мне піць;
43 Быў падарожны, а вы не прынялі Мяне; быў голы, а вы не адзелі Мяне; быў хворы і ў цямніцы, а вы не адведалі Мяне».
44 Тады адзавуцца яны, кажучы: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасмяглым, або падарожным, або голым, калі хворым, альбо ў цямніцы, і не ўслужылі Табе?»
45 Тады Ен скажа ім у адказ: «папраўдзе кажу вам: не зрабіўшы гэтага аднаму з гэтых найменшых, вы і для Мяне не зрабілі».
46 I пойдуць гэтыя на вечную муку, а праведнікі ў жыццё вечнае.