1 I было: калі Ісус скончыў навучаць дванаццаць Сваіх вучняў, Ён пайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у іх гарадах.
2 А Іаан, пачуўшы ў цямніцы пра Хрыстовы ўчынкі, паслаў двух сваіх вучняў
3 Сказаць Яму: ці Ты Той, Які павінен прыйсці, ці чакаць нам другога?
4 I ў адказ Ісус казаў ім: ідзіце і перакажыце Іаану, што вы чуеце і бачыце:
5 Сляпыя бачаць і кульгавыя ходзяць; пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць; памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна.
6 I шчаслівы, хто не спакусіцца праз Мяне.
7 Калі ж яны адышлі, Ісус пачаў казаць натоўпу пра Іаана: што вы хадзілі ў пустэльню глядзець? ці не трыснёг, што ад ветру гайдаецца?
8 Дык што вы хадзілі глядзець? ці чалавека, апранутага ў мяккае ўбранне? Вось тыя, што апранаюцца ў мяккае ўбранне, знаходзяцца ў царскіх харомах.
9 Дьік што вы хадзілі глядзець? прарока? Так, скажу вам, і больш, чым прарока.
10 Бо гэта ж той, пра каго напісана: «вось Я пасылаю перад аблічча Тваё Свайго пасланца, які падрыхтуе Тваю дарогу перад Табою».
11 Папраўдзе кажу Я: сярод народжаных ад жанчын не было болыпага за Іаана Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябееным Царстве болыпы за яго.
12 Ды ад дзён Іаана Хрысціцеля аж дасюль Нябеснае Царства бярэцца сілаю, і тыя, што робяць намаганні, авалодваюць ім.
13 Бо ўсе прарокі і Закон аж да Іаана прарочылі.
14 I калі хочаце прыняць, ён ёсць Ілля, якому належыць прыйсці.
15 Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.
16 З кім жа параўнаю гэты род? Ён падобны да хлапчукоў, што сядзяць на рынках і, звяртаючыся да сваіх таварышаў,
17 Кажуць: «мы ігралі вам на дудачцы, а вы не скакалі; мы вам жаласліва спявалі, а вы не плакалі».
18 Прыйшоў жа Іаан, не еў, не піў; дык яны кажуць: «у ім дэман».
19 Прыйшоў Сын Чалавечы, есць і п’е; дык яны кажуць: «вось чалавек, ахвотнік паесці і выпіць віна, сябар мытнікаў і грэшнікаў». Ды апраўдалася мудрасць праз учынкі свае
20 Тады Ісус пачаў дакараць гарады, дзе адбылося найболын Яго цудаў, што яны не пакаяліся:
21 Бяда табе, Харазіне, бяда табе, Віфсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне адбыліся цуды, што адбыліся ў вас, яны б даўно ў валасяніцы і попеле пакаяліся.
22 Але кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сідону ў судны дзень, чым вам.
23 А ты, Капернауме, што аж да неба ўзнёсся, ажно ў пекла абрынешся; бо калі б у Садоме адбыліся цуды, што адбыліся ў табе, то застаўся б ён аж па сённяшні дзень.
24 Але кажу вам, што лягчэй будзе Садомскай зямлі ў судны дзень, чым табе.
25 У той час Ісус, усклікаючы, казаў: Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў яго немаўляткам.
26 Так, Ойча, бо гэта было Табе даспадобы.
27 Усё Мне перададзена Бацькам Маім, і ніхто не ведае Сына, апроч Бацькі; ніхто не ведае Бацькі, апроч Сына, ды каму Сын хацеў бы адкрыць.
28 Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас.
29 Вазьміце вы Маё ярмо на сябе і вучыцеся ад Мяне, бо я ціхі і сэрцам лагодны; і знойдзеце супакой вашым душам.
30 Бо ярмо Маё збавеннае і цяжар Мой лёгкі.