1 I калі надышла раніца, усе першасвятары і старэйшыны народу зрабілі нараду супроць Ісуса, каб пакараць Яго смерцю.
2 I, звязаўшы Яго, завялі і аддалі Яго Понцію Пілату, намесніку.
3 Тады Юда, Яго прадаўца, убачыўшы, што Яго засудзілі, пакаяўся і вярнуў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам,
4 Кажучы: саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. А яны сказалі: што нам да таго? глядзі сам.
5 I, кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і, пайшоўшы, павесіўся.
6 А першасвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: нельга іх класці ў скарбніцу, бо гэта плата за кроў.
7 А, параіўшыся, купілі яны за іх поле ганчара для пахавання чужаземцаў.
8 Вось чаму і завецца тое поле Полем Крыві аж да сённяшняга дня.
9 Тады спраўдзілася сказанае праз прарока Іерамію, які кажа: «і ўзялі трыццаць срэбранікаў, плату Ацэненага, што ацанілі сыны Ізраілевы,
10 I далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Госпад».
11 Ісус жа стаў перад намеснікам; і спытаўся ў Яго намеснік, кажучы: Ты Цар Іудзейскі? Ісус жа сказаў яму: ты кажаш.
12 I, калі першасвятары і старэйшына абвінавачвалі Яго, Ен нічога не адказваў.
13 Тады кажа Яму Пілат: ці не чуеш, як шмат сведчаць супроць Цябе?
14 Ды Ен не адказваў ні на адно слова, так што намеснік надта здзівіўся.
15 Меў жа намеснік звычай на свята адпускаць народу аднаго вязня, якога б хацелі.
16 Быў жа тады вязень вядомы, што зваўся Варава.
17 Таму, калі яны сабраліся, Пілат ім сказаў: каго хочаце, каб я вам адпусціў: Вараву ці Ісуса, што завецца Хрыстос?
18 Бо ведаў, што праз зайздрасць выдалі Яго.
19 Калі ж ён сядзеў на судзейскім памосце, паслала да яго жонка яго сказаць: нічога не рабі Таму Праведніку; бо я
сёння шмат спакутавала ў сне з-за Яго.
20 Але першасвятары і старэйшыны падбілі народ, каб прасіць Вараву, а Ісуса загубіць.
21 Намеснік жа сказаў ім у адказ: каго з двух хочаце, каб я адпусціў вам? Яны ж сказалі: Вараву.
22 Пілат кажа ім: што ж мне рабіць з Ісусам, што завецца Хрыстос? Усе кажуць яму: укрыжаваць Яго!
23 А намеснік сказаў: што ж благое зрабіў Ен? Ды яны пачалі яшчэ мацней крычаць і казаць: укрыжаваць Яго!
24 Пілат жа, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а ўсчынаецца яшчэ большы неспакой, узяў вады і ўмыў рукі перад народам, кажучы: я не вінаваты ў крыві Гэтага Праведніка; глядзіце самі.
25 I ўвесь народ сказаў у адказ: Яго кроў на нас і на нашых дзецях.
26 Тады ён адпусціў ім Вараву; а Ісуса пасля бічавання выдаў каб укрыжавалі.
27 Тады намеснікавы воіны, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго ўсю кагорту.
28 I, раздзеўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч,
29 I, сплёўшы вянок з цярніны, паклалі Яму на галаву і далі мерны шост у правую руку; і, падаючы на калені перад Ім, насміхаліся з Яго, кажучы: радуйся, цар Іудзейскі!
30 I, апляваўшы Яго, забралі шост і білі па галаве Яго.
31 I калі наглуміліся з Яго, знялі з Яго пурпуровы плашч і адзелі Яго ў Яго адзенне і павялі на ўкрыжаванне.
32 Выходзячы ж, яны сустрэлі аднаго кірынеяніна, які зваўся Сіман; яго і прымусілі ўзяць крыж Яго.
33 I, прыйшоўшы на месца, званае Галгофа, што значыць: Лобнае месца,
34 далі Яму піць воцату, змяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, Ен не захацеў піць.
35 А ўкрыжаваўшы Яго, яны падзялілі Яго адзенне, кідаючы жэрабя;
36 I, пасеўшы, яны пільнавалі Яго там.
37 I змясцілі над Яго галавою надпіс пра Яго віну: гэта — Ісус, Цар Іудзейскі.
38 Тады ўкрыжавалі з Ім двух разбойнікаў: аднаго праваруч, а другога леваруч.
39 А тыя, што міма праходзілі, зневажалі Яго, ківаючы галовамі
40 I кажучы: Ты, што руйнуеш храм і за тры дні будуеш, уратуй Самога Сябе! калі ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!
41 Падобна ж і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі:
42 Іншых ратаваў, а Сябе Самога не можа ўратаваць! Калі Ен Цар Ізраіля, няхай цяпер сыдзе з крыжа, і мы паверым Яму.
43 Спадзяваўся на Бога: няхай Ен цяпер выбавіць Яго, калі Ен Яму ўгодны. Бо казаў Ен: Я — Сын Божы.
44 Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зневажалі Яго.
45 Ад шостай жа гадзіны зрабілася цемра на ўсёй зямлі — аж да гадзіны дзевятай.
46 А каля дзевятай гадзіны ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Элі, элі, лема савахфані? гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой! нашто Ты Мяне пакінуў?
47 Некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэтае, казалі: Ен кліча Ілію.
48 I зараз жа адзін з іх пабег і ўзяў губку і, намачыўшы воцатам і насадзіўшы на мерны шост, даваў Яму піць.
49 А другія казалі: пачакай, пабачым, ці прыйдзе Ілія ратаваць Яго.
50 Ісус жа зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў дух.
51 I вось заслона храма разадралася на дзве часткі згары на дол, і зямля затрэслася, і каменне расселася.
52 I расчыніліся грабніцы, і паўставала шмат цел памерлых святых.
53 I, выйшаўшы з магіл пасля Яго ўваскрэсення, увайшлі ў святы горад і паказаліся шмат каму.
54 А сотнік і тыя, што з ім вартавалі Ісуса, убачыўшы землятрус і тое, што адбылося, моцна спалохаліся, кажучы: сапраўды Ен быў Сын Божы.
55 Было ж там шмат жанчын, якія прыглядваліся здалёку, і ішлі ўслед за Ісусам з Галілеі і прыслугоўвалі Яму.
56 Між імі была Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Іакава і Іосіі, і маці сыноў Зеведзеевых.
57 Калі ж настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арымафеі, які зваўся Іосіф і які таксама быў Ісусавым вучнем;
58 Гэты, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Ісусава цела. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
59 I, узяўшы цела, Іосіф абкруціў яго чыстым палатном,
60 I паклаў яго ў сваёй новай грабніцы, якую высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да дзвярэй грабніцы, пайшоў адтуль.
61 А Марыя Магдаліна і другая Марыя сядзелі там насупроць магілы.
62 На другі ж дзень пасля пятніцы сабраліся першасвятары і фарысеі да Пілата,
63 Кажучы: Пане! мы ўспомнілі, што той ашуканец яшчэ пры жыцці казаў: пасля трох дён уваскрэсну.
64 Дык загадай ахоўваць магілу аж да трэцяга дня; каб не прыйшлі Яго вучні ўночы і не ўкралі Яго і не сказалі народу: «Ен уваскрос з мёртвых»; і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.
65 А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзіце, ахоўвайце, як ведаеце.
66 I яны пайшлі і ахоўвалі магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту.