1 Адзін чалавек, імем Ананій, з сваёй жонкай, Сафірай, прадаў палетак зямлі, ды з ведама жонкі, адлажыў сабе часьць атрыманых грошэй, а рэшту прынёс
2 і палажыў ля ног апосталаў.
3 Пётр запытаўся: "Ананій, чаму шатан заўладзеў тваім сэрцам? Чаму ты лгаў Духу Сьвятому, затрымоўваючы часьць атрыманых за поле грашэй?
4 Ці ж ты ня мог палетак для сябе пакінуць, а прадаўшы, ці ня мог грошы сабе затрымаць? Дык чаму надумаўся гэтак у сэрцы сваім? Ты ж салгаў ня людзям, а Богу!"
5 Выслухаўшы гэтыя словы Ананій паў мёртвы. А ўсіх што чулі ахапіў страх вялікі.
6 Некалькі юнакоў устала, закруцілі палатном цела, вынесьлі і пахавалі.
7 Каля трох гадзін увайшла яго жонка, ня ведаючы, што сталася.
8 Запытаўся ў яе Пётр: "Скажы мне, ці за толькі прадалі палетак?" А яна адказала: "Так, за толькі".
9 Пётр сказаў: "Навошта вы змовіліся каб гнявіць Духа Госпадавага? Вось стаяць у парозе тыя, што пахавалі твайго мужа. Вынясуць яны таксама цябе".
10 І яна зараз-жа ўпала да ног яго і сканала. Калі юнакі ўвайшлі знайшлі яе не жывой. Дык занесьлі і пахавалі яе каля мужа.
11 Дык ахапіў вялікі страх усю супольнасьць хрысьціянскую, ды ўсіх, што аб гэтым пачулі.
12 Рукамі апосталаў былі чынены ў народзе многія знакі і цуды. Сабіраліся ўсе аднадушна ў прысьценку Салямона.
13 Ніхто з іншых ня сьмеў да іх далучыцца, але хваліў народ іх.
14 Што раз больш павялічаўся лік мужчын і жанчын веруючых у Госпада.
15 Людзі нават на вуліцу выносілі хворых ды там клалі на насілкі або ложкі, каб хоць цень праходзячага Пятра паў на каторага з іх.
16 Таксама з суседніх гарадоў зьбягалася ў Ерузалім многа народу, дастаўляючы хворых ды апанаваных дэманам. Яны ўсе былі аздароўлены.
17 Тады архісьвятар і ўсе староннікі, належачыя да садукеяў партыі заварушыліся. Палаючы ненавісьцю,
18 накінулі рукі на апосталаў і пасадзілі іх у агульную вязьніцу.
19 Ноччу анёл Госпадаў адчыніў дзьверы вязьніцы, вывеў іх і сказаў:
20 "Ідзіце і вясьціце ў сьвятыні народу ўсе гэтага жыцьця словы".
21 Яны паслухалі і на сьвітаньні пайшлі ў сьвятыню і пачалі навучаць. Тым часам архісьвятар і яго староннікі склікалі сангэдрын ды ўсіх старшын сыноў Ізраеля. Яны паслалі ў вязьніцу слуг прывезьці іх.
22 Калі пайшлі слугі, адчыніўшы вязьніцу не знайшлі іх. Вярнуўшыся, паведамілі яны:
23 "Знайшлі мы вязьніцу старанна замкнутую ды вартаўнікоў, стоячых перад дзьвярымі. Адчыніўшы ж, у нутры не знайшлі мы анікога".
24 Калі начальнік варты сьвятыні і архісьвятары пачулі гэтыя словы, не маглі зразумець, што з імі сталася.
25 У той час хто-та прыйшоўшы, паведаміў: "Гэтыя людзі, каторых вы запёрлі ў вязьніцы, знаходзяцца ў сьвятыні і вучаць людзей".
26 Тады начальнік са слугамі пайшоў і прывёў іх, але без прымусу, бо баяліся, каб народ не пабіў іх каменямі.
27 Прывёўшы іх, паставілі перад сангэдрынамі. Тады начальнік сьвятароў спытаўся ў іх.
28 "Мы вот строга забаранілі, каб вы не навучалі ў гэта імя, а вы запоўнілі Ерузалім вашаю навукай ды хочаце ўвесьці на нас кроў гэтага чалавека.
29 У адказ Пётр і апосталы сказалі: "Болей трэба слухаць Бога, чым людзей.
30 Бог нашых бацькоў ускрасіў Езуса, Каторага вы забілі, прыбіўшы да дрэва.
31 Бог узвысіў Яго на правіцу Сваю як Валадара і Збаўцу, каб даць Ізраелю наварачэньне ды грахоў адпушчэньне.
32 Мы вось яўляемся гэтых падзей сьведкамі як і Дух Сьвяты, каторага Бог удзяліў паслушным Яму".
33 Чуючы гэтыя словы — закіпелі страшнаю злосьцю і хацелі іх забіць.
34 Тады адзін фарызэй імем Гамаліэль, вучоны ў Законе і паважаны ўсім народам, загадаў на нейкі час удаліць Апосталаў і прамовіў у Радзе:
35 "Мужы Ізраельцы! Добра абдумайце, як паступіць з гэтымі людзьмі.
36 Вось недаўна выступіў Тэудас, уважаючыся за нейкага незвычайнага. Меў каля чатырыста прыхільнікаў. І быў забіты, а ўсе, што давералі яму, разсыпаліся і след іх зчэз.
37 Потым у час перапісі людзей выступіў Юда Галілеец. Ён пацягнуў за сабой людзей. І ён згінуў сам і ўсе яго прыхільнікі — былі разагнаны.
38 Дык я і цяпер вам кажу: Пакінце гэтых людзей у супакою і адпусьціце іх. Бо калі гэты намер і дзейнасьць ад людзей паходзіць, прападзе па сабе,
39 а калі ад Бога, дык вы ня зможаце іх зьнішчыць. Можа часам аказацца што вы ваюеце з Богам". Паслухалі яго.
40 Паклікалі апосталаў, убічаваўшы іх, забаранілі прамаўляць у імя Езуса і пусьцілі.
41 А яны выходзілі з Сангэдрыну цешачыся, што дзеля імя Езуса пацярпелі зьнявагу.
42 Яны не перастаючы і штодзень у сьвятыні і па дамах вясьцілі добрую навіну аб Езусе Хрысьце.