1 Затым прыбыў ён у Дэрбэ і Лістру. Быў там адзін вучань /хрысьціянін/ імем Цімафей; маці яго была веручая жыдоўка, а бацька Грэк.
2 Браты з Лістры і Іконіі добра аб ім сьведчылі.
3 Яго Павал захацеў узяць у дарогу з сабой, дык абрэзаў яго дзеля жыдоў, пражываючых у тых мясцовасьцях, бо ведалі яны ўсе, што бацька яго быў Грэкам.
4 Калі праходзілі праз гарады, загадваў ім берагчы прынятыя Апосталамі і прэзбітарамі ў Ерузаліме пастановы.
5 Так Касьцёлы ўмацоўваліся вераю і штодзень расьлі лікам.
6 Затым перайшлі яны Фрыгію, краіну Галяцыю, бо Дух Сьвяты забараніў ім вясьціць слова ў Азіі.
7 Прыбыўшы непадалёк Мэссіі, прабавалі перайсьці ў Бітынію, але Дух Езуса не пусьціў.
8 Перайшоўшы яны направіліся ў Троаду.
9 Тут ноччу Павал меў візію: нейкі Македонец стаў перад ім і маліў: "Прыдзі ў Мацэдонію ды памажы нам: "
10 Па візіі мы не марудзячы рашылі направіцца ў Мацэдонію, у перакананьні, што Бог наказваў вясьціць ім Эвангелію.
11 Выплыўшы з Трады, паплылі мы проста ў Самотрацыю, а на другі дзень у Неаполь;
12 а адсюль на Філіппы, у галоўны горад той часткі Мацэдоніі, што ёсьць калоніяй. У гэтым горадзе правялі мы некалькі дзён.
13 У Шабат выйшлі мы за браму каля ракі, дзе спадзяваліся знайсьці месца малітвы. Сеўшы гутарылі мы з сабраўшыміся жанчынамі.
14 Адна багабойная жанчына, імем Лідзія, родам з Тіятары горада, прадавала пурпур. Госпад адчыніў ёй сэрца так, што яна ўважна слухала слоў Паўла.
15 Калі была ахрышчана разам з сваім домам, папрасіла нас: "Калі маеце мяне за верную Госпаду, увайдзіце ў дом мой і пражывайце", і змусіла нас.
16 Аднойчы, калі мы ішлі на месца маленьня, пераняла нас нейкая нявольніца апанавана ліхім духам, каторы варажыў. Прыносіла яна многа даходу сваім панам.
17 Яна вось, бягучы за Паўлам і за намі крычала: "Гэтыя людзі слугамі Бога Узвышняга, яны вясьцяць вам дарогу збаўленьня".
18 Рабіла яна гэта шмат дзён. Незносячы гэтата Павал адвярнуўся і сказаў духу: "Загадваю табе у імя Езуса Хрыста, выйдзі з яе!" У той момант ён выйшаў.
19 Калі яе паны замецілі, што надзея даходу зьнікла, схапілі Паўла і Сыляса, завалаклі на рынак перад улады,
20 завялі перад прэтор'ямі і заявілі: "Гэтыя людзі, будучы Юдэямі ўводзяць у замяшанне".
21 Ды яны разглашаюць звычаі, каторыя нам Рымлянам нельга прымаць ды трымацца".
22 Супраць іх сабіраецца зьбяговішча, натоўп. Дык прэторы загадалі зьдзёрці з іх адзенне і хвастаць розгамі.
23 Зьбіўшы іх моцна ўкінулі ў вастрог, загадваючы варце пільна іх старажыць.
24 Атрымаўшы такі загад, вартавы пасадзіў іх ў ванючы вастог і ногі іх замкнуў у калоду.
25 Апоўначы Павал і Сыляс маліліся і сьпявалі Богу гімны. Іншыя вязні слухалі іх.
26 Раптам узьнікла вялікае зямлятрасеньне, што аж захісталіся фундаменты вастрога. У той час адкрыліся ўсе дзьверы ды з усіх апалі калоды.
27 Калі вартавы прачнуўся і ўбачыў дзьверы вастрога адчынены, хваціў меч і хацеў забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцікалі.
28 Тады Павал закрычаў на ўвесь голас: "Не рабі сабе нічога благога, бо мы ўсе тут"
29 Тады ён запатрабаваўшы сьвятла ўскочыў у цямніцу ды паў дрыжучы да ног Паўла і Сыляса.
30 І вывеўшы іх на вонкі /двор/ спытаўся: "Гаспадзіны, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?"
31 Адказалі яму: ''Увер у Госпада Езуса, а збавіш сябе і свой дом."
32 3атым разсказалі слова Госпада яму і усім, што былі ў яго доме.
33 У тую самую пару ночы ўзяў іх з сабою, абмыў раны і не марудзячы прыняў хрост і разам увесь дом.
34 Увёу іх таксама ў свой дом, запрасіў да стала іх ды з усім домам вельмі цешыўся, што ўверыў Богу.
35 Калі настаў дзень, прэторы паслалі ліктораў загадаць: "Прасціце гэтых людзей".
36 Вартавы вастрога пераказаў Паўлу гэты загад: "Прэторы прыслалі, каб выпусціць вас.
37 Дык выйдзіце цяпер ды ідзіце ў супакою: "Але Павал сказаў ім: "Публічна, бяз суду бічавалі нас, рымскіх грамадзян, і пасадзілі ў вастрог, а цяпер цішком выкідаюць нас? Гэтак не! Хай самі прыйдуць і выведуць нас"
38 Лікторы перадалі гэтыя словы прэторам. Дык тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэтыя Рымляне.
39 Прыйшлі, перапрасілі іх ды вывеўшы прасілі, каб яны пакінулі горад.
40 Яны ж, выйшаўшы з вязьніцы пайшлі да Лідзіі, пабачыліся з братамі, пацешылі іх і адправіліся ў дарогу.