Да Філіпійцаў 1 глава

Да Філіпійцаў Пасланне святога Апостала Паўла
Пераклад праваслаўнай царквы → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Павел і Цімафей, рабы Іісуса Хрыста, усім святым у Хрысце Іісусе, якія знаходзяцца ў Філіпах, з епіскапамі і дыяканамі:
 
Павал і Цімафей, рабы Ісуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, што жывуць у Піліпах, зь япіскапамі і дыяканамі:

благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.
 
мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

Дзякую Богу майму пры кожным успаміне пра вас,
 
Дзякую Богу майму кожны раз, як згадваю вас,

заўсёды, у кожнай малітве маёй за ўсіх вас, з радасцю малітву ўзносячы,
 
заўсёды ў кожнай малітве маёй за ўсіх вас з радасьцю молячыся,

за ваш удзел у дабравесці з першага дня і дагэтуль,
 
за ваш удзел у зьвеставаньні зь першага дня аж да сёньня,

будучы ўпэўненым, што Той, Хто пачаў у вас добрую справу, заве́ршыць яе да дня Іісуса Хрыста;
 
упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую дзею, будзе завяршаць яе да дня Ісуса Хрыста,

так і належыць мне думаць пра ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы, бу́дучы і ў кайдана́х маіх, і ў абароне, і ў сцвярджэ́нні дабравесця, усіх вас — супольнікаў маіх па благадаці.
 
як і трэба мне думаць пра ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы ў кайданах маіх, і ў абароне і ў сьцьверджаньні зьвеставаньня, вас усіх, як супольнікаў маіх у мілаце.

Бог мне сведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Іісуса Хрыста;
 
Бог — сьведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Ісуса Хрыста;

і я малюся аб тым, каб любоў ваша яшчэ больш і больш узрастала ў спазнанні і ва ўсякім пачуцці,
 
і малюся за тое, каб любоў ваша яшчэ больш узрастала ў спазнаньні і ўсякім досьведзе,

каб, распазнаючы́, што́ правільна, вы былі чыстымі і бездакорнымі ў дзень Хрыстоў,
 
каб, спазнаючы лепшае, вы былі чыстыя і неспатыкнёныя ў дзень Хрыста,

поўнымі пладоў праведнасці праз Іісуса Хрыста на славу і хвалу Божую.
 
поўныя пладоў праведнасьці празь Ісуса Хрыста, на славу і хвалу Божую.

Я хачу, браты, каб вы ведалі: тое, што адбылося са мною, паслужыла большаму поспеху дабравесця,
 
Жадаю, браты, каб вы ведалі, што акалічнасьці мае паслужылі на большы посьпех зьвеставаньня,

так што пра кайданы́ мае́ дзеля Хрыста стала вядома ўсёй прэторыі і ўсім астатнім,
 
так што кайданы мае за Хрыста зрабіліся вядомыя ўсёй праторыі і ўсім астатнім,

і вельмі многія браты ў Госпадзе, падбадзёраныя праз кайданы́ мае́, пачалí з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае.
 
і большая частка братоў у Госпадзе, пасьмялеўшы праз кайданы мае, пачалі з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае.

Некаторыя, праўда, з зайздрасці альбо супрацьстая́ння, а некаторыя з добрым намерам прапаведуюць Хрыста:
 
Некаторыя, праўда, з зайздрасьці альбо зь перакорлівасьці, а іншыя з добрай прыхільнасьці прапаведуюць Хрыста:

адны з-за суперніцтва прапаведуюць Хрыста, не чыста, думаючы павялічыць цяжа́р кайданоў маіх;
 
адны зь перакорлівасьці прапаведуюць Хрыста ня чыста, думаючы пабольшыць цяжар кайданоў маіх;

а другія — з любові, ведаючы, што я пастаўлены дзеля абароны дабравесця.
 
а другія — зь любові, ведаючы, што я пастаўлены бараніць зьвеставаньне.

І што ж? У любым вы́падку — ці прытворна, ці шчыра — аднак Хрыста прапаве́дуюць, і я гэтаму радуюся, і потым буду радавацца,
 
Але што да таго? Як бы ні прапаведавалі Хрыста, ці дзеля блізіру, а ці шчыра, я і таму радуюся і буду радавацца,

бо ведаю, што гэта паслужыць мне на спасенне дзякуючы вашай малітве і садзеянню Духа Іісуса Хрыста,
 
бо ведаю, што гэта паслужыць мне на збавеньне дзякуючы вашай малітве і садзеяньню Духа Ісуса Хрыста,

паводле чака́ння і надзеі маёй, што я ні ў чым не буду пасаромлены, а з усёю маёю адвагаю, як заўсёды, так і цяпер, будзе праслаўляцца Хрыстос у целе маім, ці то жыццём, ці смерцю.
 
пры пэўнасьці і надзеі маёй, што я ні ў чым пасаромлены ня буду, а пры поўнай адвазе, і сёньня, як і заўсёды, праславіцца Хрыстос у целе маім, хай тое жыцьцём, хай сьмерцю.

Бо для мяне жыццё — Хрыстос, і смерць — прыбы́так.
 
Бо для мяне жыцьцё — Хрыстос, і сьмерць — набытак.

А калі жыццё ў плоці — гэта для мяне плённая праца, то не ведаю, што выбраць.
 
А калі жыцьцё ў плоці дае плод маёй дзеі, дык ня ведаю, што выбраць.

Я заціснуты з двух бакоў: хочацца адысці з жыцця і быць з Хрыстом, бо гэта намнога лепш;
 
Вабіць мяне і тое і другое: хочацца і разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта непараўнальна лепей;

а заставацца ў плоці больш патрэбна, дзеля вас.
 
а заставацца ў плоці больш патрэбна вам:

І ў гэтым я перакана́ны і ведаю, што застану́ся і буду з усімі вамі дзеля вашага поспеху і радасці ў веры,
 
і я пэўна ведаю, што застануся і буду з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці ў веры,

каб пахвала́ ваша ў Хрысце Іісусе памножылася праз мяне, пры наступным маім прыходзе да вас.
 
каб хвала ваша ў Хрысьце Ісусе памножылася празь мяне, пры маім другім да вас прыходзе.

Толькі жывіце дастойна дабравесця Хрыстовага, каб — ці прыйду і ўбачу вас, ці не прыйду — я пачуў пра вас, што стаіце́ вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру евангельскую,
 
Толькі жывеце годнасна зьвеставаньня Хрыстовага, каб мне, калі я прыйду і пабачу вас, альбо калі ня прыйду, чуць пра вас, што стаіце вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Дабравесьця.

і не баіце́ся ні ў чым супраціўнікаў; гэта для іх знак пагібелі, а для вас спасення. І гэта ад Бога,
 
і не баіцеся ні ў чым праціўнікаў; гэта ім ёсьць знак пагібелі, а вам — выратаваньня. І гэта ад Бога;

бо вам дадзена дзеля Хрыста не толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць дзеля Яго
 
бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць за Яго.

такім самым подзвігам, які вы бачылі ўва мне і як сёння чуеце пра мяне.
 
Такім самым подзьвігам, які вы бачылі ўва мне і сёньня чуеце пра мяне.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.