Библия Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Псалтыр, 103 Псалтыр, 103 глава

1 Псальма Давідава пра стварэньне сьвету. Дабраславі, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой! Ты дзівосна вялікі. Ты ўбраны ў славу і ў веліч,
2 Ты ўбіраешся ў сьвятло, як у шаты, прасьціраеш нябёсы, як заслону,
3 ладзіш над водамі вышынныя харомы Твае, робіш хмары Твае калясьніцаю, крочыш на крылах ветру.
4 Ты творыш анёлаў Тваіх з духаў, слуг Тваіх — з вагню палымянага.
5 Ты паставіў зямлю на цьвёрдых асновах: не пахісьнецца яна векавечна.
6 Безданьню, як вопраткаю, накрыў Ты яе; на горах воды стаяць.
7 Ад пагрозы Тваёй уцякаюць яны, ад голасу грому Твайго пабеглі яны;
8 узыходзяць на горы, сыходзяць у даліны, на месца, якое Ты ім назначыў.
9 Ты паклаў мяжу, якой не пяройдуць, і ня вернуцца зямлю пакрыць.
10 Ты паслаў крыніцы ў даліны; паміж гор цякуць воды,
11 пояць усіх зьвяроў польных; дзікія аслы спатольваюць смагу сваю.
12 Каля іх жывуць птушкі нябесныя, з гольля падаюць галасы.
13 Ты напойваеш горы з вышыняў Тваіх, плёнам дзеяў Тваіх зямля насычаецца.
14 Ты росьціш быдлу траву, і зеляніну на спажытак чалавеку, каб ежу зь зямлі здабываў,
15 і віно, якое вяселіць сэрца чалавеку, і алей, ад якога блішчыць твар ягоны, і хлеб, які мацуе сэрца чалавеку.
16 Насычаюцца дрэвы Госпада, кедры Ліванскія, якія Ён пасадзіў;
17 на іх гняздуюцца птушкі: яліны — пад гняздо буслам,
18 высокія горы — сарнам; каменныя скалы — сховы зайцам.
19 Ён стварыў месяц на азначэньне часу; сонца ведае свой захад.
20 Ты прасьціраеш цемру, і бывае ноч: уначы бадзяюцца ўсе лясныя зьвяры;
21 ільвы, якія рыкаюць па здабычы і просяць у Бога ежы сабе.
22 Устае сонца, і яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы;
23 выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю да вечара.
24 Як многа дзеяў Тваіх, Госпадзе! Усё стварыў Ты мудра; зямля поўная твораў Тваіх.
25 Гэта мора — вялікае і шырокае: там паўзуны, якім ліку няма, жывёлы малыя і вялікія;
26 там плаваюць караблі, там гэты левіяфан, якога Ты стварыў гуляць у ім.
27 Усе яны ад Цябе чакаюць, каб Ты даў ім ежу сваечасова.
28 Даеш ім — прымаюць; адкрываеш далоню Тваю — насычаюцца дабром;
29 схаваеш аблічча Тваё — палохаюцца; забіраеш у іх дух — паміраюць, і ў пыл свой вяртаюцца.
30 пашлеш дух Твой — ствараюцца, і Ты абнаўляеш улоньне зямлі.
31 Хай будзе Госпаду слава навечна; хай радуецца Гасподзь дзеямі Сваімі.
32 Паглядзіць на зямлю, і яна трасецца; дакранецца да гор, і дымяцца.
33 Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць.
34 Хай Яму паспрыяе песьня мая; буду радавацца ў Госпадзе.
35 Хай зьнікнуць грэшнікі зь зямлі, і бязбожных хай болей ня будзе. Дабраславі, душа мая, Госпада! Алілуя!
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Псалтыр, 103 глава. Пераклад Васіля Сёмухі

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Сперджена


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.