Библия Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Псалтыр, 9 Псалтыр, 9 глава

1 Кіроўцу хору. Пасьля сьмерці Лабэна. Псальма Давідава.
2 [Алэф] Славіць буду Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, абвяшчаць пра ўсе цуды Твае,
3 я буду радавацца, весяліцца, імя Тваё апяваць, Усявышні.
4 [Бэт] Як павернуць назад мае ворагі, — спатыкнуцца й загінуць прад абліччам Тваім,
5 бо Ты вёў мой суд і маю цяжбіну; Ты сеў на троне, Судзьдзя справядлівы.
6 [Гімэл] Ты абурыўся на народы, бязбожнага зьнішчыў, сьцёр іх імёны навечна.
7 [Далэт] У ворага зброі ня стала зусім, і гарады Ты разбурыў; загінула зь імі памяць пра іх.
8 [Гэ] А Гасподзь жыве вечна; Ён трон Свой на суд падрыхтаваў,
9 і Ён будзе судзіць сьвет па праўдзе, па справядлівасьці суд над народамі ўчыніць.
10 [Вав] І будзе Гасподзь прытулкам прыгнечанаму, прытулкам у скрушлівы час;
11 І спадзявацьмуцца на Цябе тыя, што ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, што шукаюць Цябе, Госпадзе.
12 Сьпявайце Госпаду, Які жыве на Сіёне, абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя,
13 бо Ён спаганяе за кроў; памятае іх, не забывае енку прыгнечаных.
14 [Хэт] Умілажалься зь мяне, Госпадзе; глянь на цярпеньні мае ад ненавісьнікаў маіх, — Ты, Які ўзносіш мяне над брамаю сьмерці,
15 каб я абвяшчаў усю славу Тваю ў браме дачкі Сіёна: буду радавацца з майго ратаваньня Табою.
16 [Тэт] Народы пападалі ў яму, якую выкапалі; у сетку, якую схавалі яны, ублыталі ногі свае.
17 Гасподзь быў спазнаны праз суд, які Ён учыніў; бязбожнік злоўлены дзеямі рук сваіх.
18 [Ёд] Хай шыбуюць бязбожнікі ў пекла, — усе народы, што забываюць Бога,
19 [Каф] бо не назаўсёды забудзецца ўбогі, і надзея ўбогіх не назаўсёды загіне.
20 Паўстань, Госпадзе, хай чалавек не адужае, хай народы судзяцца прад абліччам Тваім.
21 Навядзі, Госпадзе, страху на іх; хай знаюць народы, што людзі яны.
22 [Ламэд] Навошта, Госпадзе, зводдаль стаіш, хаваеш Сябе ў часе скрухі?
23 Бязбожны з пагарды сваёй перасьледуе беднага; хай схоплены будуць яны хітрынамі, якія намысьлілі самі.
24 [Мэм] Бязбожны бо хваліцца пажадай душы сваёй; а карысьлівец сам сабе дагаджае.
25 [Нун] Пыхліва бязбожнік пагарджае Богам; «не спагоніць»; ва ўсіх думках ягоных: няма Бога!
26 [Аін] У кожным часе шляхі ягоныя згубныя; суды Твае далёкія ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх ён глядзіць грэбліва;
27 і кажа ў сэрцы сваім: «не пахіснуся; і ніколі мяне не спадобіць ліха».
28 [Пэ] Вусны ягоныя поўныя праклёну, хітрасьці, крыўды; пад языком у яго пакуты і згуба.
29 [Цадэ] Сядзіць у засадзе ў задвор’і, у патайных мясьцінах забівае невінаватага; вочы ягоныя цікуюць за бедным;
30 у патайнай мясьціне пільнуе, нібы ў логвішчы леў; пільнуе ў засадзе, каб схапіць беднага; хапае беднага, цягне ў сеткі свае,
31 згінаецца, прыпадае, — і бедныя падаюць у моцныя кіпці ягоныя;
32 кажа ў сэрцы сваім: «забыў Бог, засланіў Свой твар, ня ўбачыць ніколі».
33 [Каф] Паўстань, Госпадзе Божа, падай руку Тваю, не забудзь прыгнечаных.
34 Навошта бязбожнік грэбуе Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты не спагоніш?»
35 [Рэш] Ты бачыш; бо Ты глядзіш на крыўды і ўціскі, каб аддаць Тваёю рукою. Табе аддае сябе бедны; сіраце Ты памочнік.
36 [Шын] Зламай мышцу бязбожнаму і ліхому, каб шукаць і не знайсьці ягонага грэху.
37 Гасподзь — цар навечна, назаўсёды; зьнікнуць язычнікі зь зямлі Ягонай.
38 [Тав] Госпадзе! Ты чуеш жаданьні лагодных, умацуй сэрца ім; адкрый вуха Тваё,
39 каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, хай не палохае больш чалавек на зямлі.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Псалтыр, 9 глава. Пераклад Васіля Сёмухі

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Сперджена


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.