1 Кіраўніку хору. Паводле «Лілея...» Давідаў.
2 Збаў мяне, Божа, бо падступіліся воды аж да горла майго.
3 Заграз я глыбока ў балоце і няма дна; увайшоў я ў глыбокія воды, і цячэнне цягне мяне.
4 Знямогся я, крычучы, ахрыплым сталася горла маё; стаміліся вочы мае, так чакаю я Бога майго.
5 Больш чым валасоў на маёй галаве тых, што зненавідзелі мяне без прычыны. Падужэлі тыя, што чыняць мне пераслед, ворагі мае лжывыя; чаго не забіраў, аддаваў я тады.
6 Божа, Ты ведаеш неразумнасць маю, і злачынствы мае ад Цябе не ўтоены.
7 Хай не пачырванеюць за мяне тыя, што чакаюць Цябе, Госпадзе, Госпадзе магуццяў. Хай не пасаромеюцца з-за мяне тыя, што шукаюць Цябе, Божа Ізраэля!
8 Бо з-за Цябе цярплю я ганьбу, сорам пакрывае твар мой;
9 чужым стаўся я для братоў маіх, і іншаземцам для сыноў маці маёй.
10 Бо руплівасць па доме Тваім згрызае мяне, і знявагі тых, што зневажалі Цябе, звалілася на мяне.
11 І аплакаў я ў посце душу маю, і залічылі яны гэта ганьбаю для мяне.
12 Валасяніца на мне замест адзення майго, і стаўся я пасмешышчам для іх.
13 Нагаворваюць супраць мяне тыя, што сядзяць пры браме, і спяваюць пра мяне тыя, што п’юць віно.
14 А я — малітву маю да Цябе, Госпадзе, у час спагаднасці Тваёй, Божа. У бязмежжы міласэрнасці Тваёй выслухай мяне, у праўдзе збаўлення Твайго.
15 Уратуй мяне з багны, каб я не заграз, уратуй, калі ласка, ад тых, што ненавідзяць мяне, і ад водных глыбіняў.
16 Хай не зацягне мяне цячэнне водаў, хай не праглыне мяне вір, хай не самкне нада мною бездань пашчы сваёй, хай не закрые нада мной студня ўваходу свайго.
17 Выслухай мяне, Госпадзе, бо спагадная міласэрнасць Твая; у бязмежжы міласэрнасці Тваёй зірні на мяне.
18 І не адварочвай аблічча Твайго ад слугі Твайго; бо перапалоханы я, хутчэй выслухай мяне.
19 Прыхініся да душы маёй, абарані яе, барані мяне ад непрыяцеляў маіх.
20 Ты ведаеш ганьбу маю, і сорам мой, і знявагу маю. Перад Табою — усе тыя, што прыгнятаюць мяне;
21 ганьба знявечыла сэрца маё, і я змогся. І чакаў я таго, хто б падзяліў са мною смутак — і не было нікога, і таго, хто б суцешыў, — і не знайшоў.
22 І далі яны для ежы мне жоўць, і ў смазе маёй напаілі мяне воцатам.
23 Хай стол іх станецца ім сілом, і адплатаю, і згаршэннем.
24 Хай вочы іх зацемрацца, каб не бачылі, і сцёгны іх абнясіль назаўсёды.
25 Вылій на іх гнеў Твой, і лютасць гневу Твайго хай ахопіць іх.
26 Хай будзе пустым іх панадворак, і ў палатках іх не будзе таго, хто б жыў у іх.
27 Бо таму, каго Ты пакараў, яны пераслед чынілі і павялічылі пакуту таго, каго Ты параніў.
28 Прыкладзі несправядлівасць да несправядлівасці іх, і хай яны не прыйдуць да справядлівасці Тваёй.
29 Хай выкрасляць іх з кнігі жывых і са справядлівымі хай не будуць упісаны.
30 А я — бедны і спакутаваны; збаўленне Тваё, Божа, падтрымлівае мяне.
31 Буду хваліць я імя Бога з песняю і ўзвялічваць буду Яго ў пахвале.
32 І спадабаецца Госпаду [гэта] больш за валоў, больш за цяля, у якога рогі і капыты падрастаюць.
33 Хай убачаць пакорлівыя і хай узвесяляцца; шукайце Бога і ажыве сэрца вашае,
34 бо выслухаў бедных Госпад і вязняў Сваіх не адцураўся.
35 Хай хваляць Яго нябёсы і зямля, моры і ўсе рэптыліі ў іх.
36 Бо Бог збавіць Сіён і пабудуе гарады Юды; і паселяцца яны там і будуць ім валодаць.
37 І нашчадкі слуг Яго атрымаюць яго ў спадчыну, і тыя, што любяць імя Яго, будуць жыць у ім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Псальмаў, Псальм 69. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Псальмаў, Псальм 69 в переводах:
Псальмаў, Псальм 69, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Толкования Августина
  6. Комментарии Скоуфилда
  7. Комментарии Сперджена


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.