Библия Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Псальмаў, 73 Псальмаў, 73 глава

1 Псальм Асафа. Які ж добры Бог для прастадушных! Ён Госпад тым, хто чысты сэрцам.
2 А мае ногі ледзь не спаткнуліся, ледзь не абарваліся крокі мае,
3 бо пазайздросціў я бязбожным, гледзячы на спакойнае жыццё грэшнікаў.
4 Бо няма для іх ніякіх перашкод, здаровае і сытае чэрава іх.
5 На працы чалавечай няма іх і не церпяць яны бічаванняў разам з людзьмі.
6 Таму пыха ў іх — як каралі, і імкненне да гвалту, як адзенне, пакрыла іх.
7 Выступае, быццам з тлустай глебы, несправядлівасць іх, вырываюцца вонкі задумы сэрца.
8 Здзекуюцца яны і прамаўляюць благое, з высокай пасады несправядліва прамаўляюць.
9 Размясцілі яны на небе вусны свае, а язык іх прайшоў па зямлі.
10 Таму і сядзяць яны на вышыні, і поўныя воды не дойдуць да іх.
11 І сказалі яны: «Адкуль ведае Бог, і ці ёсць веданне ва Узвышняга?
12 Вось, тыя самыя грэшнікі і тыя, што жывуць багата ў свеце, атрымалі яшчэ большае багацце».
13 І сказаў я: «Значыць не дарэмна ачысціў я сэрца сваё і ў беззаганнасці вымыў рукі мае;
14 і цярпеў я бічаванні цэлы дзень, і пакаранне маё — раніцаю».
15 Калі б сказаў я: «Я буду гаварыць, як тыя», то здрадзіў бы роду Тваіх сыноў.
16 І я разважаў, як жа зразумець гэта; напружанне было ў вачах маіх,
17 пакуль не паглыбіўся ў святую справу Божую і не асэнсаваў іхняга канца.
18 Памясціў Ты іх сапраўды на коўзкай дарозе, скінуў іх у бездань.
19 Якімі ж спустошанымі засталіся яны! Нечакана збяднелі яны, загінулі ад жаху.
20 Быццам сну пасля абуджэння, Ты адцураешся іх, узняўшыся.
21 Паколькі раздражнялася сэрца маё і нутро маё кіпела,
22 і я быў неразумны і нічога не ведаў: як жывёла, быў я перад Табою.
23 Але я заўсёды з Табою, Ты трымаеш правую маю руку.
24 Вядзеш мяне сваёю парадаю і ў канцы прымеш мяне ў хвалу.
25 Каго, апроч Цябе, маю я ў небе? І калі я з Табою, зямля мяне не захапляе.
26 Знемаглося цела маё і сэрца маё. Скалой-апорай сэрца майго і доляй маёй вечнай — Бог.
27 Бо вось, тыя, што адступаюць ад Цябе, пагінуць. Выгубіш усіх, што адкінуліся ад Цябе на распусту.
28 Мне ж добра быць блізка да Бога, мець у Госпадзе Богу прытулак сабе. Абвяшчу пра ўсе справы Твае ў брамах Сіёна.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Псальмаў, 73 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Сперджена


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.