1 Паэма. Этана Эзрахіта.
2 Міласэрнасць Госпада вечна буду апяваць, з пакалення ў пакаленне абвяшчаць буду праўду Тваю вуснамі маімі.
3 Бо Ты сказаў: навечна збудавана міласэрнасць, у нябёсах зацвярдзіў Ты вернасць Тваю.
4 Пастанавіў Ты запавет выбранніку Твайму, прысягнуў Давіду, слузе Твайму:
5 «Навечна зацверджу Я патомства Тваё і збудую сталец Твой з пакалення ў пакаленне».
6 Нябёсы будуць вызнаваць цуды Твае, Госпадзе, і праўду Тваю на сходзе святых.
7 Бо хто на воблаках зраўняецца з Госпадам, хто стане падобны Госпаду паміж сыноў Божых?
8 Бог, годны ўшанавання на нарадзе святых, вялікі і жахлівы Ён над усімі, хто навокал Яго.
9 Госпадзе, Божа магуццяў, хто падобны да Цябе? Магутны Ты, Госпадзе, і праўда Твая — навокал Цябе.
10 Ты валодаеш гордым морам, Ты суцішваеш узбураныя хвалі яго.
11 Ты стаптаў прабітага Рагаба, рукою магутнай Тваёю разагнаў непрыяцеляў Тваіх.
12 Твае нябёсы і Твая зямля, Ты заснаваў сусвет і ўсё, што яго напаўняе.
13 Ты стварыў поўнач і поўдзень, Табор і Гэрмон радуюцца з Твайго імя.
14 Ты маеш моцнае плячо, моцная Твая правіца ўзнята.
15 Падмурак пасада Твайго — справядлівасць і закон. Міласэрнасць і праўда крочаць перад абліччам Тваім.
16 Шчасны той народ, што ведае кліч радасці. Ходзяць яны, Госпадзе, у святле аблічча Твайго.
17 І з імя Твайго будуць радавацца цэлы дзень, і справядлівасцю Тваёй будуць узвышаны.
18 Бо Ты — аздоба магуцця іх; і ў спагаднасці Тваёй узвысіцца рог наш.
19 Бо Госпад — шчыт наш, і ад святога Ізраэля — Валадар наш.
20 Калісьці ў бачанні гаварыў Ты сваім святым і сказаў: «Паклаў Я ўспамогу на моцным і ўзвысіў выбранніка з народа.
21 Выбраў Я Давіда, слугу Свайго, намасціў Я яго святым алейкам Маім,
22 і рука Мая моцная з ім, і плячо Маё ўмацоўвае яго.
23 Нічога не дасягне на ім непрыяцель, і сын несправядлівасці не прыцісне яго.
24 І знішчу перад абліччам яго непрыяцеляў яго, і тых, што ненавідзяць яго, змяту.
25 І праўда Мая, і міласэрнасць Мая — з ім, і ў імя Маё ўзрасце сіла яго.
26 І выцягну Я руку яго над морам, і над рэкамі — правіцу яго».
27 Ён пакліча мяне: «Ты — Бацька мой, Бог мой і прыстанішча збаўлення майго».
28 І Я яго ўстанаўляю першародным, найвышэйшым за каралёў зямлі.
29 Навечна захаваю ласку Сваю для яго, і запавет Мой верны для яго.
30 І ўстанаўлю на векі вечныя патомства яго, і пасад яго, як дні неба.
31 Калі б сыны яго занядбалі закон Мой і не жылі паводле Маіх прыказанняў,
32 калі б зневажалі пастановы Мае і не трымаліся загадаў Маіх, —
33 наведаю Я з палкай злачынства іх, і з бічамі — несправядлівасць іх,
34 але міласэрнасці Маёй не адвярну ад яго і не падману ў праўдзе Маёй.
35 Не парушу запавету Майго і таго, што выходзіць з вуснаў Маіх, — не змарную.
36 Аднойчы прысягнуў Я святасцю Маёй: не падману Давіда.
37 Патомства яго будзе трываць вечна, а пасад яго на віду ў Мяне, як сонца
38 і як месяц моцны, стаяць будзе вечна; і сведка верны на небе.
39 Ты, аднак, адпіхнуў яго і адкінуў, вельмі разгневаўся на Свайго намашчэнца;
40 парушыў запавет слугі Твайго, на знявагу аддаў яго вянец.
41 Зруйнаваў Ты ўсе муры яго, у разваліны абярнуў усе яго ўмацаванні.
42 Абрабавалі яго ўсе, што праходзілі дарогай, стаўся ён пасмешышчам для сваіх суседзяў.
43 Узвысіў Ты правіцу прыгнятальнікаў яго, напоўніў радасцю ўсіх яго ворагаў.
44 Ты адвёў назад лязо меча яго і не падтрымаў яго на вайне.
45 Ты паклаў канец ззянню яго, і сталец яго паваліў на зямлю.
46 Скараціў Ты дні яго маладосці, пакрыў яго няславай.
47 Як доўга, Госпадзе, ці вечна будзеш хавацца? [Як доўга,] быццам агонь, будзе палымнець Твой гнеў?
48 Памятай, якое кароткае маё жыццё. Дзеля якой марнасці стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых?
49 Ці ёсць хто такі, хто будзе жыць і не ўбачыць смерці, хто вырве душу сваю з рукі апраметнай?
50 Дзе ж былая міласэрнасць Твая, Госпадзе, як прысягнуў Ты Давіду ў праўдзе Тваёй?
51 Успомні, Госпадзе, знявагі Тваіх паслугачоў; я захаваў гэта ў сэрцы маім, ад усіх паганаў,
52 гэтым наракалі непрыяцелі Твае, Госпадзе, гэтым наракалі яны на сляды намашчэнца, якою паганяць сляды Твайго намашчэнца.
53 Дабраславёны Госпад навечна. Хай будзе [так], хай будзе!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Псальмаў, Псальм 89. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Псальмаў, Псальм 89 в переводах:
Псальмаў, Псальм 89, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Толкования Августина
  6. Комментарии Скоуфилда
  7. Комментарии Сперджена


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.