1 Кіраўніку хору: на лад: Лілеі. Псальм Давідавы.
2 Памажы мне, о Божа, бо воды да душы маёй даходзяць!
3 Я заграз у глыбокім балоце бяздонным; я папаў у глыб водную, і цячэньне мяне залівае.
4 Я зьнямогся ад крыку, засохла горла ў мяне; змарыліся вочы мае, выглядаючы Бога майго.
5 Тых, што мяне бяз віны ненавідзяць, больш, чым валасоў на маёй галаве; больш чысьлены, чым косьці, мае ворагі, што несправядліва мяне перасьледуюць. Чаго не ра-баваў, мушу аддаваці.
6 Божа, Ты ведаеш неразумнасьць маю, і грахі мае ад Цябе не схаваны.
7 Ня дай праз мяне асароміцца тым, што на Цябе спадзяюцца, о Госпадзе, Валадару сілаў нябесных; ня дай праз мяне асароміцца тым, што шукаюць Цябе, Божа Ізраіля!
8 Бо дзеля Цябе я ганьбу цярплю, і сорамам твар мой пакрыты.
9 Я стаўся чужым для братоў маіх, незнаёмцам для сыноў маткі маёй.
10 Бо рупнасьць аб Дом Твой зжорла мяне, і лаянкі тых, што Цябе зьняважаюць, на мяне папалі.
11 Я душу маю пастом марыў, і гэта за ганьбу мне сталася;
12 я валасяніцу ўзьдзеў замест вопраткі і прыповесьцяй стаўся для іх;
13 яны абмаўляюць мяне, ля варот пасядаўшы, і прыпеўкі пяюць, віно папіваючы.
14 Я-ж да Цябе малюся, о Госпадзе, у час спрыяньня Твайго: о Божа, праз веліч ласкі Тваёй пачуй Ты мяне і спасі мяне!
15 Вырві з балота мяне, каб я не заграз; ратуй ад тых, што мяне ненавідзяць, дый із водных глыбіняў!
16 Цячэньню водаў ня дай Ты мяне затапіць, ня дай, каб глыб праглынула мяне, каб бяздоньне ляпу сваю нада мной сашчыміла.
17 Пачуй мяне, Госпадзе, бо вялікая ласка Твая! Праз веліч Твайго міласэрдзя зірні на мяне.
18 Ад раба Твайго не хавай Ты аблічча Твайго, бо жах зьнімае мяне; пасьпяшы мяне выслухаць!
19 Да душы прыбліжся маёй, ратуй Ты яе; насупраць ворагам маім, вызваль Ты мяне!
20 Ты ведаеш ганьбу маю і мой сорам і зьняважэньне; усе, што мяне перасьледуюць, ёсьць прад Табою.
21 Ганьба разьбіла мне сэрца, дык роспач мяне агартае; чакаў зьмілаваньня, ды ня маю яго, і пацяшыцеляў, ды не знайшоў іх.
22 Замест стравы яны жоўць далі мне; і, калі прагнуў, мяне напаілі воцатам.
23 Няхай стол іх абернецца ў сетку для іх, і бясьпечнасьць — у сіло.
24 Няхай ночы зацьмяцца ім, каб ня бачылі сьвету, няхай ім заўсёды лыдкі дрыжаць!
25 Вылі на іх Ты ярасьць Тваю, і полымя гневу Твайго няхай іх дасягне!
26 Няхай апусьцее сяліба іх, няхай ніхто ня жыве ў палатках іхніх!
27 Бо таго перасьледуюць, каго Сам Ты скараў, бо над мукамі тых пацяшаюцца, каго Ты паражаеш.
28 Далічы беззаконьне да іх беззаконьня і ня дай Ты ім праўды Тваёй дасягнуць.
29 Няхай вычыркнуць іх із кнігі жывых і не запішуць разам з пабожнымі.
30 Я-ж нешчасьлівы й поўны тугі; Твая помач, о Божа, хай падыме мяне!
31 Я буду хваліць імя Божае ў песьнях, буду славіць Бога у гімнах.
32 Будзе Госпаду гэта больш даспадобы, чымся бык, вол з рагамі й капытамі.
33 Угледзяць сумныя гэта ды ўцешацца; вы, што шукаеце Бога, хай сэрца вам акрыяе!
34 Бо Госпад слухае ўбогіх і ня грэбуе тымі, што ў няволю папалі.
35 Дык няхай Яго хваляць і неба й зямля, і мора ды ўсё, што варушыцца ў ім.
36 Бо Госпад збавіць Сыон, адбудуе Ён месты Юдэйскія, і тамака будуць сяліцца ды імі ўладаць.
37 І насеньне рабоў Яго ў спадчыну іх атрымае, і той, хто імя Яго любіць, жыць тама будзе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Псальмаў, Псальм 69. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Псальмы, Псальм 69 в переводах:
Псальмы, Псальм 69, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Толкования Августина
  6. Комментарии Скоуфилда
  7. Комментарии Сперджена


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.