1 Навука Асапава.
Чуй, мой народзе, навуку маю, вуха сваё да слоў вуснаў маіх прыхілеце!
2 Адчыню я вусны мае ў прыповесьці, казаць буду загадкі старадаўныя.
3 Што чулі мы і даведаліся, ды што нам бацькі расказалі,
4 гэта ня ўкрыем ад іхніх дзяцей, што народзяцца, абвяшчаючы слаўныя ўчынкі Госпада і магутнасьць Ягоную й цуды Яго, што Ён робіў.
5 Ён сьведчаньне Сваё ў Якубе паставіў і паклаў Закон у Ізраілю, загадаўшы бацьком нашым, каб сыном сваім пераказвалі,
6 каб ведаў род патомны, дзеці, якія народзяцца, ды каб яны ў свой час сыном сваім наказалі,
7 каб на Бога надзею сваю ўскладалі, аб дзеяньнях вялікіх Бога не забываліся ды запаведзі Ягоныя захоўвалі,
8 і ня былі-б падобныя да бацькоў сваіх, роду адступнікаў і непакорных, роду, што сэрца свайго не спасобіў, каб дух ягоны верны быў Богу.
9 Сыны Яхрэмавы, уваружаныя лукамі, у дзень бітвы назад павярнулі.
10 Яны не захавалі запавету Божага й не хацелі хадзіць паводле Закону Ягонага.
11 Яны забыліся аб вялікіх дзеяньнях Ягоных ды цудах, што Ён ім зьявіў.
12 Перад бацькамі іх цуды рабіў Ён у Эгіпце, на полі Цоанскім.
13 Ён мора расьсек і іх перавёў праз яго, і воды паставіў, як сьцены,
14 удзень вёў іх хмарай, а ўначы — зьяньнем агністым.
15 Ён скалы ў пустыні ра-шчапляў і паіў іх так шчодра, быццам з бяздоньня;
16 патокі із скалаў плылі, і воды цяклі ракамі.
17 І ўсё-ж яны і далей грашылі проці Яго, бунт у пустыні ўзьнімаючы проці Найвышняга.
18 Яны Бога ў сэрцы сваім спакушалі, просячы корму водле жадобы сваёй.
19 І проці Бога бурчэлі, гаворачы: Хіба-ж Бог у пустыні можа нам стол прыгатовіць?
20 Вось, па скале Ён удэрыў, і люнулі воды і ручаі пацяклі; але ці можа Ён даць такжа й хлеба — ды мяса народу Свайму прыгатовіць?
21 Дык абурыўся Госпад, пачуўшы, і ўзгарэўся агонь на Якуба, і ўзьняўся гнеў на Ізраіля
22 за тое, што Богу яны не паверылі й не спадзяваліся на ўспамогу Ягоную.
23 Але хмарам высока Ён даў загад і расчыніў дзьверы неба,
24 і пасыпаў ім манну, як дождж, і даў ім хлеба нябеснага.
25 Хлеб Ангелаў кожны меў есьці; Ён ім корму паслаў ды ўволю.
26 Вецер усходні адвярнуў Ён на небе і сілай Сваёю навёў вецер паўдзённы;
27 і, быццам пыл, спусьціў на іх мяса — птушак крылатых, як пясок ля мора.
28 Скінуў іх сярод іх табору, навакола іхніх палатак.
29 І елі яны многа ўдосыць, і Ён даў ім жаданае.
30 Ды йшчэ не зракліся яны жадобы сваёй, яшчэ ежа іх была ў іх вуснах.
31 Дык гнеў Божы ўзьняўся на іх, і губіў тлустых, і дзяцюкоў Ізраілявых паваліў.
32 Пры ўсім гзтым яны йшчэ грашылі далей і ў цуды Яго ня веравалі.
33 Дык зыходзілі дні іх марна і леты ў страху.
34 Калі Ён зьніштажаў іх, дык шукалі Яго, наварачываліся і зварачаліся да Бога,
35 дый успаміналі, што Бог — іх прыпынак, Найвышэйшы — Спас іхні.
36 Яны лесьцілі Яму вуснамі Сваімі і языком сваім ілгалі перад Ім,
37 ды сэрца іхняе ня было Яму вернае, і не захоўвалі верна Закону Ягонага.
38 А Ён, ласкавы, дараваў ім грэх іхні і ня зьніштожыў іх, неаднакроць супыняў Свой гнеў і не даваў ходу ўсёй ярасьці Сваёй,
39 бо памятаў, што яны — цела, подмух, які адыходзе й ня вернецца.
40 Як часта яны паўставалі супраць Яго ў пустыні, засмучалі Яго ў зямлі бязьлюднай!
41 Ізноў ды ізноў яны спакушалі Бога і абражалі Сьвятога Ізраілявага.
42 Не памяталі яны рукі Ягонае, дня, калі Ён іх вызваліў з уціску,
43 калі знакі Свае рабіў у Эгіпце і цуды Свае на палёх Цоанскіх:
44 бо абярнуў Ён іх рэкі й патокі у кроў, каб піць не маглі,
45 наслаў ім кузурак, што іх кусалі, ды жабаў, што іх губілі;
46 плады зямныя аддаў рабацтву, а працу рук іхніх — саранчы.
47 Вінаградныя лозы градам пабіў, фіговыя дрэвы — шэраньню.
48 Скаціну іхнюю граду аддаў, а стады — маланкам;
49 паслаў на іх полымя гневу Свайго, абурэньне і ярасьць ды пошасьці, навалу злых ангелаў.
50 Даў попуст гневу Свайму, ад сьмерці іх душ не спасаў, жыцьцё іх на мор аддаў;
51 пабіў усіх першакоў у Эгіпце, зачаткі расплоду ў палатках Хамавых;
52 і, як авечкі, вывеў народ Свой і вёў праз пустыніо, як стада;
53 вёў іх бясьпечна, і нечага было ім баяцца, а ворагаў іхніх мора накрыла;
54 і давёў іх да краіны Сваёй сьвятой, да гары, што здабыла правіца Ягоная;
55 і спрад аблічча іх выгнаў народы, зямлю-ж падзяліў паміж імі у спадчыну, у іхніх палатках калены Ізраіля Ён абсадзіў.
56 Ды ўсё йшчэ яны спакушалі Найвышэйшага Бога, паўставалі супраць Яго, запаветаў Яго не захоўвалі.
57 Яны адступаліся й здрайцамі былі, як і бацькі іх, выварачваліся, быццам той лук няверны.
58 Яны абуралі Яго высакосьцямі сваімі й ідаламі сваімі дражнілі Яго.
59 Пачуў Бог і гневам узгарэўся, і зусім адапхнуў Ён Ізраіля.
60 Адапхнуў Ён сялібу ў Сіломе, палатку, дзе жыў між людзьмі;
61 аддаў у палон Сваю моц і славу Сваю ў рукі ворага.
62 Пад меч аддаў Свой народ, на спадчыну Сваю разьярыўся.
63 Дзяцюкоў ягоных агонь пажыраў, і дзяўчаты бяз песень вясельных аставаліся.
64 Сьвяшчэньнікі яго гібелі ад мяча, і ўдовы яго не галасілі.
65 Ды быццам зо-сну прачнуўся Госпад, як той волат, што віно разварушыла яго,
66 і адбіў Ён ворагаў, на вечны сорам аддаў іх.
67 І адапхнуў Ён палатку Язэпаву, і ня выбраў калена Яхрэмавага,
68 а выбраў калена Юдава, гару Сыонскую, якую ўлюбіў;
69 і збудаваў Ён пад неба высокую Сьвятыню Сваю; навекі, як зямлю, умацаваў яе.
70 І выбраў раба Свайго Давіда, і ўзяў яго ад абораў авечых,
71 і ад дойных авечак забраў яго, каб пасьвіў Ягоны народ, Якубавы, і спадчыну Ягоную, Ізраіля.
72 І той пасьвіў іх у прастаце сэрца свайго і вадзіў іх мудрай рукой.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Псальмы, 78 глава. Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Сперджена


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.