1 Псальм Давідавы.
Не палай гневам на злачынцаў, не завідуй тым, што беззаконнае робяць,
2 бо яны, як трава, будуць хутка скошаны й павянуць, як зельле ў полі.
3 Спадзявайся на Госпада й добрае роб, жыві на зямлі і цноту хавай;
4 уцяшайся Госпадам, і Ён табе дасьць, што сэрца тваё пажадае.
5 Пакінь Госпаду лёс свой, мей надзею ў Ім, Ён усё табе зробіць,
6 і справядлівасьць твая ўзыйдзе, бы раніцы сьветласьць, і праўда твая — быццам сьветласьць палудня.
7 Ціхі будзь прад Госпадам, чакай на Яго; не распальвай гневу на тога, каму шэньціць у плянах ягоных, або хто здраду куець.
8 Ад гневу ўхіляйся, кінь ярасьць; не распальвайся гневам, каб благога табе не зрабіць;
9 бо злосьнікі будуць зьніштожаны, тыя-ж, што чакаюць на Госпада, будуць зямлёй валадаць..
10 Яшчэ крыху толькі, і ня станець бязбожніка; глянеш на месца ягонае, а яго й няма!
11 А ціхія возьмуць зямлю ў валаданьне і цешыцца будуць лішкам спакою.
12 Бязбожнік ліхое куе насупраць пабожнага ды зубамі на тога скрыгоча.
13 Госпад сьмяецца з яго, бо бача, што йдзе дзень ягоны.
14 Бязбожнікі меч абнажылі і лук нацягнулі, каб нешчасьлівага й беднага ім паваліці, каб высечы тых, што йдуць простай дарогай;
15 меч іх уласнае сэрца праткне ім, і лукі ў іх паламаюцца.
16 Малое, што мае пабожны, ляпей за багацьце многіх бязбожнікаў.
17 Бо рукі бязбожных пакрышаны будуць, пабожных жа Госпад паддзержыць.
18 Ведае Госпад дні беззаганных, іх спадчына будзе навекі.
19 Ня будуць яны ў час ліхі асаромлены, а ў дні голаду будуць насычаны.
20 Бо згінуць бязбожнікі, і ворагі Госпада, як палёў тых краса, счэзнуць, як дым яны счэзнуць.
21 Возьме бязбожнік у доўг — і доўгу ня верне; пабожны-ж — ён, шчодры й дае.
22 Багаслаўлёныя Госпадам зямлю ў спадчыну возьмуць, а хто выкляты Ім, тыя будуць загублены.
23 Умацоўвае Госпад крокі чалавека, калі ўпадабае дарогі ягоныя.
24 Калі часам упадзе, не заб’ецца, бо Госпад руку яго падтрымае.
25 Я быў малады й пастарэў, ды ніколі ня бачыў, каб пабожны быў кінены, каб род яго хлеба прасіў.
26 Заўсёды ён шчодры й пазыкі дае, і род яго будзе багаслаўлёны.
27 Ухіляйся ад зла і роб добрае, дык будзеш жыці навекі.
28 Бо Госпад любіць праўду й сьвятых Сваіх не пакіне навекі. Несправядлівыя зьнішчаны будуць, і нашчадзь бязбожных выгублена будзе.
29 Пабожныя возьмуць зямлю ў валаданьне і жыць на ёй будуць навекі.
30 Вусны пабожнага мудрасьць выказваюць, і язык яго праўду гаворыць.
31 Закон Бога ў сэрцы ягоным; яго крокі хістацца ня будуць.
32 Бязбожнік сочыць за пабожным і шукае, каб зьвесьці са сьвету яго.
33 Госпад ня дасьць яго ў рукі ягоныя, не дапусьціць, каб быў ён засуджан, як будуць з яго спаганяць.
34 Спадзявайся на Госпада, ідзі шляхам Ягоным, дык узвысіць цябе, каб узяў ты зямлю ў валаданьне; і бязбожных загубу ты ўбачыш.
35 Я бачыў бязбожніка, гордага й моцнага, быццам Ліванскія кедры,
36 калі-ж (потым) праходзіў, яго ня было; шукаў я яго, але нельга было адшукаці.
37 Зважай на беззаганнага і ўзірайся на цнатлівага, бо будучына такога чалавека ёсьць супакой.
38 А адступнікі ўсе будуць зьнішчаны чыста; і насеньне бязбожных счэзьне.
39 Збаўленьне пабожным ад Госпада, Ён — абарона іх у час бяды;
40 і Госпад ім памагае й спасе іх; Ён вызваліць іх ад бязбожных ды іх успаможа, бо ў Яго шукалі патолі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Псальмаў, Псальм 37. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Псальмы, Псальм 37 в переводах:
Псальмы, Псальм 37, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Толкования Августина
  6. Комментарии Скоуфилда
  7. Комментарии Сперджена


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.