1 Кіраўніку хору: ад раба Гасподняга Давіда, які высказаў словы песьні гэтае да Госпада, калі Госпад вызваліў яго із рук усіх ворагаў ягоных і із рукі Саўлавае. І ён казаў:
2 Узьвялічваць буду Цябе, Госпадзе, сіла мая! Госпад ёсьць скала мая ў тузе маёй, мой Збавіцель!
3 Мой Бог — апора мая, у Яго я шукаю прытулішча; Ён шчыт мой, рог збаўленьня майго і замчышча маё!
4 Паклічу я Госпада, Дастойнага хвалы, і ад усіх ворагаў маіх вызвалены буду.
5 Бо абступілі мяне хвалі вадзяныя, і патокі пагібелі спалохалі мяне;
6 путы пякельныя абнялі мяне, і сеці сьмерці аблуталі мяне.
7 Спалохаўшыся, паклікаў я Госпада і загаласіў да Бога майго. З хораму Свайго Ён пачуў голас мой, і лямант мой дайшоў да вушэй Ягоных.
8 Ён глянуў сюды, — і задрыжэла зямля, і затрэсьліся падвалівы гор ды захісталіся, бо ўгнявіўся Ён.
9 Узьняўся дым ад гневу Ягонага і з вуснаў Ягоных агонь пажараў; вугальле распаленае сыпалася ад Яго.
10 Нахіліў Ён нябёсы й зыйшоў, і цемра была пад нагамі Ягонымі.
11 Ён сеў на Хэрувіма й паляцеў ды на ветравых крыльлях насіўся.
12 Цемру зрабіў Ён заслонай Сабе; цёмнымі водамі, густымі хмарамі ахутаў Сябе, бы шатром.
13 Ад зьзяньня прад Ім цераз хмары Ягоныя прарываліся град і вугальле вагністае.
14 Тады загрымеў на небе Госпад. Найвышэйшы падаў голас Свой — град і вугальле вагністае.
15 Пусьціў стрэлы Сваё і раскінуў іх — множства маланак, ды ўскаламуціў іх.
16 Тады расчыніліся глыбіні марскія, і адкрыліся падваліны сусьвету на страшны голас Твой, Госпадзе; ды пад подыхам ноздраў Тваіх.
17 З вышыні працяг Ён руку, схапіў мяне й выцягнуў із водаў вялікіх,
18 вырваў мяне ў ворага майго сільнага дый у тых, што мяне ненавідзяць, бо яны былі дужэйшыя за мяне.
19 Яны напалі на мяне ў дзень няшчасьця майго, ды Госпад быў мне падпорай.
20 Ён вывеў мяне на вольны прастор, Ён вырваў мяне, бо мне спагадае.
21 Ён мне даў нагароду за справядлівасьць маю, за чыстасьць рук маіх мне аддзячыў.
22 Бо дзяржаўся я шляху Гасподняга ды не грашыў проці Бога майго;
23 бо ўсе запаведзі Яго былі перада мною, і ад загадаў Ягоных я ня ўхіляўся.
24 Я быў шчыры перад Ім і высьцерагаўся, каб не саграшыць.
25 Дык аддзячыў мне Госпад за справядлівасьць маю, за чыстасьць рук маіх перад вачыма Ягонымі.
26 З міласэрным паступаеш Ты міласьціва, з шчырым паступаеш па шчырасьці,
27 для чыстага сэрцам і Ты чысты сэрцам, і для крывадушнага паказуеш Сябе паводле хітрасьці ягонае;
28 бо людзей прыгнечаных ратуеш, а гордыя вочы паніжаеш.
29 Ты запаліш сьветач мой; Госпад Бог мой асьвеціць цемру маю.
30 Бо праз Цябе я скрышу муры і з Богам маім пераскочу праз акопы.
31 Шлях Божы дасканалы; слова Госпада чыстае; Ён — шчыт для ўсіх, хто на Яго спадзяецца.
32 Бо хто-ж Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага?
33 Бог падпяразывае мяне сілай і прастуе дарогу маю;
34 Ён робіць ногі мае падобнымі да ног лані і на высачыні стаўляе мяне,
35 і рукі мае навучае бароцца, і мускулы мае нацягіваюць лук зялезны.
36 І даў Ты мне шчыт збаўленьня Твайго, і правіца Твая падтрымлівала мяне, а ласкавасьць Твая ўзвышала мяне.
37 Ты стварыў шырокі прастор для кроку майго, і ня хісталіся ногі мае.
38 Я гнаўся за ворагамі маімі і даганяў іх ды не варочаўся назад, пакуль ня зьніштожыў іх.
39 Я гэтак скрышыў іх, што больш не маглі паўставаць і валіліся пад стопы мае.
40 Ты падперазаў мяне сілай дзеля барацьбы, Ты паклаў ворагаў маіх пад стопы мае.
41 Ты прымусіў ворагаў уцякаць ад мяне, і ўсіх, што мяне ненавідзілі, вынішчыў я.
42 І загаласілі яны, але ня было для іх збавіцеля; яны да Госпада, але Ён ім не адгукнуўся.
43 Я расьцярушыў іх, як той пыл пад ветрам; як балота вулічнае, таптаў я іх.
44 Ты спас мяне ад бунтаў народных, паставіў мяне за галаву паганам. Людзі, якіх я ня ведаў, пакарыліся мне.
45 Па слыху толькі аба мне яны слухаюцца мяне; сыны чужакоў падлыгіваюць мне.
46 Сыны чужацкія ныюць і дрыжаць у замках сваіх.
47 Жыве Госпад, і пахвалёна апора мая; і высака ўзвышаны Бог збаўленьня майго,
48 Бог, Які памсьціўся за мяне і перамог усе народы,
49 вырваў мяне ў ворагаў маіх і ўзьнёс мяне над тымі, што паўсталі супраць мяне; ад чалавека гвалтоўнага збавіў мяне.
50 Дык буду за гэта хваліць Цябе, Госпадзе, сярод народаў і псальмы пяяці іменьню Твайму.
51 Бо Ты вызваліў цара Твайго і ласку даеш памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню яго навекі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Псальмаў, Псальм 18. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Псальмы, Псальм 18 в переводах:
Псальмы, Псальм 18, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Толкования Августина
  6. Комментарии Скоуфилда
  7. Комментарии Сперджена


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.