1 Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
Госпадзе, Ты мяне выспрабаваў і Ты мяне ведаеш!
2 Ты ведаеш, калі я сядаю й калі я ўстаю; ды здалёк разумееш думкі мае.
3 Ці я хаджу, ці ляжу, Ты пры мне, усе дарогі мае Табе ведамы.
4 Бо няма йшчэ слова на маім языку, а Ты, Госпадзе, ведаеш добра ўсё.
5 Ззаду і сьпераду абняў Ты мяне і руку Тваю на мяне паклаў.
6 Лішне дзіўнае веданьне, лішне высака для мяне, не магу яго сьцяміць!
7 Куды мне йсьці ад духа Твайго і куды ўцячы ад аблічча Твайго?
8 Калі-б я на неба ўзышоў, Ты там; калі-б ложам пекла зрабіў, — Ты й тама!
9 Калі-б крыльле ў сьвітаньня я ўзяў і на самым канцы мора асеў,
10 дык рука Твая вадзіла б мяне, а правіца Твая трымала-б мяне.
11 Калі-б я сказаў: Няхай цемра пакрые мяне, і ночкай хай станецца сьветласьць навокал мяне,
12 дык і цемра цёмнай ня была-б для Цябе, і ночка ясьнела-б, як дзень; цемра, як і сьвятло.
13 Бо Ты стварыў нутро маё, выткаў мяне ў чэраве матчыным.
14 Хвалю Цябе за тое, што я гэтак дзіўна збудованы; дзіўныя ўчынкі Тваі, і душа мая ведае добра.
15 Ня былі ўкрыты косьці мае прад Табою, калі я тварыўся ў укрыцьці, таёмна складаўся ў глыбінях зямлі.
16 Вочы Твае бачылі мяне, калі быў я йшчэ бяскшталтным зародкам; дні былі вызначаны і ў кнізе Тваёй запісаны ўсе, калі йшчэ ніводнага з іх ня было.
17 Як-жа важкі, о Божа, думкі Твае для мяне, ды якая вялікая безьліч іх!
18 Калі-б захацеў я іх палічыць, дык іх больш, чым зярнятак пяску. Я буджуся, і я йшчэ з Табою.
19 О, каб-жа Ты, Божа, пабіў-бы бязбожнікаў, каб крывапіўцы ад мяне адступіліся вон!
20 Яны падступна супраць Цябе паўстаюць; ашуканства выдумляюць ворагі Тваі.
21 Ці-ж ня мушу я й тых ненавідзець, о Госпадзе, што ненавідзяць Цябе, і брыдзіцца тымі, што на Цябе паўстаюць?
22 Ненавісьцяй поўнай я іх ненавіджу, іх лічу за ворагаў і для мяне.
23 Выспрабуй, Божа, мяне і сэрца маё Ты пазнай, мяне выспрабуй Ты і пазнай мае думкі!
24 І зірні, ці ня йду супаратнай дарогай, і на шлях вечны скіруй Ты мяне!

Примечания к тексту

* Зэля — гэта знак музычны, быццам сгеsсеndо; ён паказуе, што музыка, якая ціха падыгрывае, павінна зайграць мацней і адзначыць гэтым канец адрыўку, або заканчэньне песьні.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Псальмы, 139 глава. Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Сперджена


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.