1 Кіроўцу хору. Давіда. Псалом Захарыі на чужбіне.
Божа, выпрабаваў мяне і зведаў мяне.
2 Ты ведаеш, калі я сядаю, і калі падымаюся.
Прадбачыш здалёк,
Ты бачыш усе думкі мае,
3 Ты даследаваў роўнасць шляху майго,
І кожны крок мой бачыў наперад.
4 І няма падману на языку маім,
Усё гэта, Божа, ведаеш Ты —
5 Ад першага і да апошняга.
Ты сатварыў мяне, і зацвердзіў на мне руку Сваю.
6 Дзіўна Тваё веданне звыш мяне,
Звыш разумення майго.
7 Куды пайду ад Духа Твайго?
І ад Твару Твайго куды пабягу?
8 Калі ўзыду на неба — Ты там,
Калі зыду ў пекла — Ты таксама там.
9 Калі дужыя крылы вазьму і за край мора палячу,
10 І там рука Твая знойдзе мяне і затрымае мяне.
11 І казаў: толькі ноч схавае мяне,
І цемра як светач для асалодаў маіх.
12 Але і цемра не цёмная для Цябе, і ноч як дзень заззяе,
Як змрочна ноч для мяне, так светлая яна для Цябе.
13 Ты стварыў склад мой,
З улоння матчынага прыняў мяне.
14 Слаўлю Цябе і палохаюся дзіўных спраў Тваіх,
Цудоўныя яны, і разумее гэта душа мая.
15 Не ўтойлася ад Цябе косць мая, сатвораная Табою таямніча,
Як склад мой у глыбінях зямных.
16 Несатворанага мяне ўжо бачылі вочы Твае, і ў кнізе Тваёй маі дні запісаны,
Калі ніводнага з іх не было яшчэ.
17 Ушаноўваў заўсёды сяброў Тваіх, Божа,
Замацаваліся плямёны іх.
18 Не пералічу іх, бо больш за пясок колькасцю.
Зранку паднімуся і заўсёды перад Табою буду.
19 Калі б Ты, Божа грэшных панішчыў!
Адыдзіце, ад мяне, крыважэрныя!
20 Дзёрзкія розумам яны,
Дарэмна засяляюць гарады Твае.
21 Ненавідзіў я нянавіснікаў Тваіх, Божа,
І грэбаваў ворагамі Тваімі.
22 Вялікай нянавісцю нянавідзіў іх,
І маімі ворагамі былі яны.
23 Выпрабуй мяне, Божа, і зведай сэрца мае.
Выпрабуй мяне, Божа, і зведай шляхі мае.
24 І калі ўбачыш, што на пагібельным шляху я,
То накіруй мяне на шлях вечнасці.