1 Песня ўзыходжання.
Прыгадай, Божа, Давіда
І ўсю рахманасць ягоную,
2 Як прысягаў ён Госпаду,
Абяцаў Богу Якава:
3 «Не зайду ў сялібу і дом свой,
Не ўзыду на ложак мой,
4 Не дам сна вачам сваім, ні зенкам сваім задрамаць,
Ні пакою віскам сваім,
5 Пакуль не знайду месца для Госпада,
Сялібу для Бога Ізраіля».
6 Чулі мы, што яно ў Эфраце,
Знайшлі яго сярод палёў лясістых.
7 Увойдзем у сялібы Ягоныя,
Паклонімся на месца, дзе стаялі ногі Ягоныя.
8 Паўстані, Божа, у храміне Тваёй,
Ты і ківот святыні Тваёй.
9 Святары Твае апрануцца ў праўду,
І прападобныя Твае ўзрадуюцца.
10 Дзеля раба Твайго Давіда
Не адпрэч твар памазанага Твайго.
11 Прысягаў Бог Давіду праўдаю і не адмовіўся ад яе:
«Ад плоду чэрава твайго пасажу на прастол твой.
12 Калі захаваюць сыны твае запавет Мой і сведчанні гэтыя Мае, якім навучу іх,
То сыны іх навекі сядуць на прастол твой».
13 Бо выбраў Бог Сіён
І пажадаў яго жыллём Сваім:
14 «Гэта пакоі мае навекі,
Тут засялюся, бо пажадаў так.
15 Здабычу яго дабрасловячы дабраслаўлю,
Галодных ягоных панасычаю хлебам,
16 Святароў ягоных апрану ў ратаванне,
І прападобныя яго радасцю ўзвесяляцца.
17 Там узгадую гонар Давідаў,
Прыгатую свяцільнік памазанаму Майму.
18 Ворагі ягоныя апрануцца ў сорам,
На ім заквітнее святыня Мая».