1 Алелюйя.
Праслаўлю Цябе, Божа, усім сэрцам маім
На радзе правядных, у царкве.
2 Вялікія справы Божыя,
Даследаваны ўсе жаданні Ягоныя.
3 Слаўныя і дасканалыя справы Яго,
Справядлівасць Яго будзе вечна.
4 Незабыўнымі сатварыў цуды Свае,
Міласэрны і шчодры Божа.
5 Ежу падае багабаязным,
Узгадаў запавет Свой вечны.
6 Моц спраў Сваіх узвесціў людзям Сваім,
Даў ім здабытак народаў.
7 Справы рук Яго — праўда і справядлівасць.
Верныя ўсе запаветы Яго,
8 І зацверджаны навекі вечныя,
Сатвораныя ў праўдзе і правяднасці.
9 Вызваленне паслаў людзям Сваім, запаведаў навекі запавет Свой,
Святое і грознае імя Ягонае.
10 Пачатак шматмудрасці — страх Божы, разумныя, хто трымае наказы Яго.
Будзе вечнай хвала Яму!