1 Алелюйя.
Хваліце імя Божае,
Хваліце, рабы Божыя,
2 Што стаяць ў храме Госпада,
У двары дома Бога нашага,
3 Хваліце Бога, бо дабрадзейны Божа,
Спявайце імя Яго салодкае.
4 Бо Якава абраў Сабе Бог,
Ізраіль паклаў у набытак Сабе.
5 Бо спазнаў я вялікасць Госпада,
Ён Бог над усімі багамі.
6 Усё, што пажадае, творыць Бог
На небе, на зямлі, на моры і на прасторах усіх.
7 Ён уздымае хмары ад краю зямнога, ператварае маланкі ў дождж,
Вецер уздымае са сховішч Сваіх.
8 Ён знішчыў першынцаў ягіпецкіх —
Ад людзей да скатоў іх.
9 Паслаў зазнакі Свае пасярод цябе, Егіпет, на фараона і на ўсіх рабоў ягоных,
10 Знішчыў народы шматлікія і цароў вялікіх:
11 Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага,
І ўсе царства ханаанскія.
12 І даў у спадчыну зямлю іх —
Набытак Ізраілю, людзям Сваім.
13 Божа, імя Твае навекі,
І памяць пра Цябе ад роду да роду.
14 Бо су́дзіць Госпад народ Свой,
І да рабоў Сваіх змілуецца.
15 Балваны паганскія са срэбра і золата —
Зроблены рукамі чалавечымі.
16 Вусны маюць, але не кажуць,
Вочы маюць, але не бачаць,
17 Вушы маюць, але не чуюць
Няма подыху ў вуснах іх.
18 Падобныя да іх няхай зробяцца і ўсе ствараючыя іх,
І тыя, хто на іх спадзяванне ўскладаюць.
19 Дом Ізраіляў, дабраслаўце Бога! Дом Ааронаў, дабраслаўце Бога!
20 Дом Левін, Госпада дабраслаўце!
Багабаязныя, дабраслаўце Госпада!
21 Дабраславены Бог Сіёна, што жыве ў Ерусаліме.