1 *Кіроўцу хору. Псалом, што спеў Давід,
2 Калі прыходзіў прарок Нафан,
Апасля таго, як Давід зайшоў да Вірсавіі.
3 Даруй мне, Божа, па вялікай міласэрнасці Тваёй,
І па вялікай шчодрасці Тваёй ачысці бяззаконне мае.
4 Шматкроць амый мяне ад бяззаконня майго
І ад граху майго ачысці мяне.
5 Бо бяззаконне мае я ведаю,
І грэх гэты заўсёды перад вачамі маімі.
6 Табе аднаму саграшыў і благое перад Табой сатварыў,
І праўда будзе Твая, калі асудзіш мяне.
7 Бо вось я ў бяззаконнях запачаты,
І ў грахах мяне маці нарадзіла.
8 А Ты праўду жадаеш,
Невядомую і таямнічую шматмудрасць адчыніў мне.
9 Абрасі мяне расою, і ачышчуся,
Амый мяне, і стану бялей чым снег.
10 Да вушэй маіх данясецца радасць і вяселле,
І ўзрадуюцца косці мае.
11 Не глядзі на грахі мае
І ўсе бяззаконні мае ачысці.
12 Сэрца чыстым зрабі мае, Божа,
І правядны дух анаві ў сэрцы маім.
13 Не адпрэч мяне ад твару Твайго,
І Духа Твайго Святога не аднімі ад мяне.
14 Падай мне радасць ад ратавання Твайго,
І Духам уладарным падтрымай мяне.
15 Навучу бяззаконных шляхам Тваім,
І бязбожныя да цябе звернуцца.
16 Збаві мяне ад крыві, Божа, Божа ратавання майго,
Узрадуецца язык мой праўдзе Тваёй.
17 Божа, вусны мае адчыні,
І вусны мае ўзнясуць славу Табе.
18 Калі б Ты жадаў ахвяры, то даў бы Табе,
Але ж усеспаленні Табе не патрэбны.
19 Ахвяра Богу — дух упакораны,
Сэрца пакорнае і мірнае Бог не абразіць.
20 Адаруй, Божа, дабражаданнем Тваім Сіён,
І забудуюцца муры Ерусалімскія.
21 І тады ўпадабаеш ахвяру праўды, прынашэнні і ўсеспаленні,
Тады пакладуць на алтар Твой быкоў.