1 Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
2 Пачуй, о Божа, мой голас у модлах маіх! Ад страху ворага жыцьцё Ты маё захавай!
3 Схавай Ты мяне ад натоўпу злачынцаў, ад банды беззаконьнікаў,
4 што язык свой, як меч, навастрылі, свае стрэлы — калючыя словы — паклалі на лук,
5 каб украдкам страляць у бязьвіннага: зьнячэўку страляюць яны ў яго й не баяцца.
6 Ад замыслу ліхога яны не адступяцца; і змаўляюцца тайна сеці наставіці; яны думаюць: хто будзе бачыць?
7 Злачынствы надумваюць: Гатовы мы! Замах прыдуманы! Нутро-ж кожнага й сэрца яго — непрагледны.
8 А тады іх Бог паражае: стралою зьнячэўку паранены яны,
9 языком сваім самі павытнуць сябе. І дрыжаць усе, хто на іх пазірае.
10 І людзі ўбаяцца. раскажуць пра Божыя дзеі і сьцемяць, што гэта Ягоная справа.
11 Пабожны усьцешыцца ў Госпадзе і будзе шукаці прыпынку ў Яго, і шчырыя сэрцам усе будуць хваліцца.