Библия Надсан Пераклад Аляксандара Надсана

Псалтыр, 68 Псалтыр, 68 глава

1 Кіраўніку хору. Пра тых, што маюць перамяніцца. Псалом Давіда.
2 Ратуй мяне, Божа, бо воды дайшлі да душы маёй.
3 Я заграз у глыбокай твані, і няма на чым стаць; увайшоў у глыбіні марскія, і бура затапіла мяне.
4 Я зьнямогся ад крыку, горла маё ахрыпла, вочы саслаблі, выглядаючы Бога майго.
5 Тых, што ненавідзяць мяне без прычыны, размножылася больш, як валасоў на галаве маёй. Дужымі сталі ворагі мае, што несправядліва перасьледуюць мяне: я аддаў тое, чаго ня браў.
6 Божа, Ты пазнаў нярозум мой, і правіны мае не схаваныя ад Цябе.
7 Хай не пасаромеюцца з-за мяне тыя, што спадзяюцца на Цябе, Госпадзе, Госпадзе сілаў; і хай не бянтэжацца з-за мяне тыя, што шукаюць Цябе, Божа Ізраіля!
8 Бо дзеля Цябе я цярпеў зьнявагі, сорам пакрыў твар мой.
9 Я стаў чужым для братоў маіх і чужынцам для сыноў маці маёй.
10 Бо рупнасьць пра дом Твой зьядала мяне і зьнявагі тых, што зьневажаюць Цябе, пáлі на мяне.
11 І ўпакорыў я постам душу маю, і гэта стала мне ў ганьбу.
12 За вопратку я ўзяў сабе зрэб’е, і стаў я для іх пагалоскай.
13 Супраць мяне пляткарылі тыя, што сядзяць у браме, і пра мяне пяялі песьні тыя, што п’юць віно.
14 А я, Госпадзе, з малітваю маёй да Цябе: час спрыяльны, Божа! У велічы міласэрнасьці Тваёй выслухай мяне ў праўдзе збаўленьня Твайго.
15 Выратуй мяне з твані, каб я не заграз: хай выбаўлюся ад тых, што ненавідзяць мяне, і ад водных глыбіняў.
16 Хай не затопіць мяне навала вады, хай бездань не праглыне мяне; і хай калодзезь не зачыніць нада мною вуснаў сваіх.
17 Выслухай мяне, Госпадзе, бо ласкавая міласьць Твая; у велічы міласэрнасьці Тваёй глянь на мяне.
18 Не адвяртай твару Твайго ад слугі Твайго, бо я прыгноблены: хутка пачуй мяне.
19 Прыслухайся да душы маёй і выратуй яе; дзеля ворагаў маіх збаў мяне.
20 Бо Ты ведаеш ганьбу маю, мой сорам і маю няславу; перад Табою ўсе тыя, што прыгнятаюць мяне.
21 Зьнявагі дачакалася душа мая і няшчасьця; і чакаў я, каб хто мне паспагадаў, і не было; і хто б мяне суцешыў — і не знайшоў.
22 І далі мне есьці жоўць, а калі сьмягнуў, напаілі мяне воцатам.
23 Хай стол іх стане пасткаю для іх, і адплатаю, і спакусаю.
24 Хай вочы іх зацьмяцца, каб ня бачылі; і сагні назаўсёды хрыбет іх.
25 Вылі на іх абурэньне Тваё, і лютасьць гневу Твайго хай абдыме іх.
26 Хай дом іх стане пусты, і хай ня будзе нікога, хто жыў бы ў палатках іх,
27 бо яны перасьледавалі таго, каго Ты паразіў, і павялічвалі боль ад ранаў маіх.
28 Да беззаконьня іх дадай беззаконьне, і хай ня ўвойдуць яны ў праўду Тваю.
29 Хай выкрасьляць іх з кнігі жывых і з праведнымі хай не запішуць.
30 Я бедны і спакутаваны: збаўленьне Тваё, Божа, хай падтрымае мяне.
31 Буду хваліць песьняю імя Бога майго, усхваленьнем узьвялічу Яго.
32 І гэта будзе Богу больш прыемна, чым цяля маладое, у якога растуць рогі і капыты.
33 Хай убачаць гэта ўбогія і ўзрадуюцца: шукайце Бога, і будзе жыць душа ваша.
34 Бо Госпад выслухаў убогіх і не пагардзіў вязьнямі сваімі.
35 Хай хваляць Яго неба і зямля, мора і ўсё, што рухаецца ў ім.
36 Бо Госпад збавіць Сыён, і збудуюцца месты юдэйскія, і паселяцца там, і атрымаюць яго ў спадчыну;
37 і семя слугаў Тваіх будзе мець яго; і тыя, што любяць імя Тваё, будуць у ім жыць.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Псалтыр, 68 глава. Пераклад Аляксандара Надсана

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Сперджена


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.