Библия Надсан Пераклад Аляксандара Надсана

Псалтыр, 77 Псалтыр, 77 глава

1 Навука Асафа. Зважайце, людзі мае, на мой закон; прыхіліце вуха вашае да словаў вуснаў маіх.
2 У прыповесьцях адкрыю вусны мае, аб’яўлю загадкі ад пачатку дзён,
3 што чулі мы і што ўведалі, і што айцы нашыя расказалі нам.
4 Не былі яны схаваныя ад дзяцей іх у другім пакаленьні ў аповедах пра хвалу Гасподнюю, і магутнасьць Яго, і пра цуды Яго, якія Ён учыніў.
5 Бо Ён паставіў сьведчаньне ў Якубе, і ў Ізраілю ўстанавіў закон, і загадаў айцам нашым зрабіць іх вядомымі сынам сваім,
6 каб ведала прышлае пакаленьне — сыны, што маюць нарадзіцца, — і каб усталі і расказалі гэта сынам сваім;
7 каб ускладалі надзею сваю на Бога, і не забывалі дзеяў Божых, і шукалі Яго запаветаў;
8 каб не былі яны, як бацькі іх: пакаленьнем непакорным, пакаленьнем, што выклікае гнеў, што не захавала праведным сэрца сваё і чый дух ня быў верны Богу.
9 Сыны Ахрэма, што нацягвалі лукі і стралялі, павярнулі назад у дзень бітвы.
10 Не захавалі яны запавету Божага, і ў законе Яго не захацелі хадзіць,
11 і забыліся пра дабрадзействы Яго і пра цуды Яго, якія Ён ім явіў, —
12 цуды, якія Ён чыніў перад бацькамі іх у зямлі Ягіпецкай, на полі Танаос.
13 Ён разьдзяліў мора, і перавёў іх, і паставіў воды, як мех.
14 І вёў іх удзень хмараю, а праз усю ноч — зьзяньнем агню.
15 Расьсек скалу ў пустыні, і напаіў іх, быццам з вялікае бездані,
16 і здабыў ваду са скалы, і вывеў воды ракою.
17 А яны далей працягвалі грашыць супраць Яго, гнявілі Найвышэйшага ў пустыні бязводнай.
18 І спакушалі Бога ў сваіх сэрцах, прасілі спажывы для душаў сваіх.
19 І гаварылі супраць Бога, і казалі: «Ці ж ня можа Бог прыгатаваць стол у пустыні?
20 Калі Ён ударыў скалу і палілася вада, пацяклі струмені, то ці ня можа Ён даць і хлеб або нарыхтаваць стол людзям сваім?»
21 Таму Госпад пачуў гэта і абурыўся, і агонь загарэўся супраць Якуба, і гнеў зышоў на Ізраіля,
22 бо не паверылі Богу і не спадзяваліся на Яго збаўленьне.
23 І загадаў Ён хмарам з вышыняў, і адчыніў дзьверы неба,
24 і паслаў ім, быццам дождж, манну на спажыву, хлеб нябесны даў ім.
25 Чалавек еў хлеб анёльскі: удосталь ежы паслаў ім.
26 Ён адвёў з неба вецер паўдзённы, і вецер з захаду навёў сілаю сваёю;
27 і наслаў на іх, быццам пыл, мяса і, як пясок марскі, птушак крылатых.
28 І пáдалі яны сярод стану іх, вакол іх палатак.
29 І елі яны ўдосталь, і насыціліся, і Ён споўніў жаданьні іх.
30 Яны не былі пазбаўленыя жаданьня свайго. Але яшчэ ежа была ў вуснах іх,
31 як гнеў Божы сышоў на іх, і пазабіваў многіх сярод іх, і абраных Ізраіля зрынуў.
32 Пры ўсім гэтым яны далей грашылі і ня верылі цудам Яго.
33 І праміналі марна дні іх і гады іх у клопатах.
34 Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і навярталіся, і трывалі ў малітве да Бога,
35 і прыгадвалі, што Бог — памочнік іх, і Бог Усявышні — Збаўца іх.
36 І палюбілі Яго вуснамі сваімі, а языком сваім хлусілі Яму.
37 Сэрца іх не было шчырым перад Ім, і яны не захавалі вернасьці запавету Яго.
38 Але Ён міласэрны: Ён ачысьціць грахі іх, і не загубіць іх, і часта будзе адвяртаць свой гнеў, і ня дасьць разгарэцца поўні свайго абурэньня.
39 Ён памятаў, што яны — цела, подых ветру, што выходзіць і не вяртаецца.
40 Колькі разоў яны засмучалі Яго ў пустыні і гнявілі Яго на бязводнай зямлі!
41 І навярталіся, і зноў спакушалі Бога, і гнявілі Сьвятога Ізраіля.
42 Ня памяталі яны рукі Яго ў дзень, калі Ён вызваліў іх з рукі прыгнятальніка,
43 калі явіў знакі свае ў Ягіпце і цуды свае на полі Танаос
44 і перамяніў у кроў рэкі іх і ручаі іх, каб не пілі;
45 наслаў на іх аваднёў, і яны кусалі іх, і жабаў ім на загубу;
46 ураджай іх аддаў вусеням, а плод працы іх — саранчы;
47 вінаград іх выбіў градам, а смакоўніцы памарозіў;
48 жывёлу іх аддаў граду, а дастаткі іх — агню;
49 паслаў на іх лютасьць гневу свайго, абурэньне, і гнеў, і пакуты — пасланьне праз паганых вестуноў.
50 Ён даў волю гневу свайму, не захаваў ад сьмерці душаў іх і жывёлу іх аддаў сьмерці.
51 І забіў кожнага першароднага ў зямлі Ягіпецкай, першыя плады высілкаў іх у сялібах Хама.
52 І ўзьняў народ свой, як авечкі і, як статак, вёў іх па пустыні.
53 Вёў іх у надзеі, і яны не баяліся, а мора пакрыла ворагаў іх.
54 І прывёў іх на гару сьвятасьці сваёй, на гару, якую набыла правіца Яго,
55 і прагнаў ад твару іх народы, і жэрабем разьдзяліў іх спадчыну, а ў палатках іх пасяліў пакаленьні Ізраіля.
56 А яны спакушалі, і гнявілі Бога Найвышэйшага, і не захоўвалі Яго запаветаў.
57 І адвярталіся, і адракаліся, як і айцы іх, назад вярталіся, як крывы лук.
58 І засмучалі Яго сваімі ўзгоркамі, і раздражнялі ідаламі сваімі.
59 Бог пачуў, і глянуў з пагардай, і загарэўся гневам на Ізраіля;
60 і адкінуў скінію Сілаамскую, шацёр, дзе жыў сярод людзей,
61 і аддаў у няволю сілу іх, красу іх у рукі ворагаў.
62 І аддаў пад меч народ свой, і разгневаўся на набытак свой.
63 Юнакоў іх паглынуў агонь, а дзевам іх было не да жалобы.
64 Сьвятары іх палі ад мяча, а ўдовы іх застануцца неаплаканымі.
65 І Госпад устаў, быццам ад сну, як волат, разагрэты віном.
66 І ўдарыў ззаду ворагаў сваіх, пакрыў іх вечным сорамам.
67 І адкінуў палатку Язэпа, і калена Ахрэма ня выбраў.
68 А выбраў калена Юды, гару Сыён, якую ўпадабаў.
69 І збудаваў сьвятыню сваю, як жытло аднарога, заснаваў яе на зямлі давеку.
70 І выбраў Давіда, слугу свайго, узяў яго ад статкаў авечак;
71 ад дойных авечак узяў яго, каб пасьвіў Якуба, слугу Яго, і Ізраіля, Яго набытак.
72 І ён пасьвіў іх у лагоднасьці сэрца свайго і вёў іх умелымі рукамі сваімі.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Псалтыр, 77 глава. Пераклад Аляксандара Надсана

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Сперджена


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.