Библия Надсан Пераклад Аляксандара Надсана

Псалтыр, 105 Псалтыр, 105 глава

1 Алілуя! Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо павек міласэрнасьць Яго.
2 Хто выкажа магутнасьць Госпада, зробіць чутнай усю хвалу Яго?
3 Шчасьлівыя тыя, што захоўваюць суд і чыняць справядлівасьць увесь час.
4 Успомні нас, Госпадзе, у спагадлівасьці да народу Твайго, наведай нас збаўленьнем Тваім,
5 каб нам бачыць дабрабыт абраньнікаў Тваіх, цешыцца радасьцю народу Твайго, хваліцца разам з набыткам Тваім.
6 Зграшылі мы і нашыя айцы, правініліся, чынілі няправеднае.
7 Айцы нашыя ў Ягіпце не зразумелі цудаў Тваіх, ня памяталі мноства міласьцяў Тваіх і збунтаваліся, калі ўваходзілі ў Чырвонае мора.
8 А Ён выратаваў іх дзеля імя свайго, каб зрабіць вядомай магутнасьць сваю.
9 І папракнуў Чырвонае мора, і яно высахла, і Ён перавёў іх праз бездань, быццам праз пустыню;
10 і выратаваў іх ад рукі ненавісьніка, і выбавіў іх ад рукі ворагаў;
11 вада пакрыла прыгнятальнікаў іх, ніводзін з іх не застаўся.
12 І паверылі словам Яго, і песьняй уславілі хвалу Яго.
13 Але неўзабаве забылі дзеяньні Яго, не чакалі рады Яго.
14 І загарэліся пажадлівасьцю ў пустыні, і спакушалі Бога на бязводзьдзі.
15 І даў Ён ім тое, чаго прасілі, і паслаў удосталь для душы іх.
16 І разгневалі яны Майсея ў стане і Аарона, сьвятога Гасподняга.
17 Расступілася зямля, і праглынула Датана, і пакрыла зборышча Авірона;
18 і загарэўся агонь на зборышчы іх, і полымя спаліла грэшнікаў.
19 І зрабілі цяля ў Харыве, і пакланяліся ідалу;
20 і памянялі славу сваю на падабенства цяляці, што есьць траву.
21 І забылі Бога, які выратаваў іх, які ўчыніў вялікае ў Ягіпце,
22 дзіву годнае на зямлі Хама і страшнае ў Чырвоным моры.
23 І сказаў, што выгубіў бы іх, калі б Майсей, абраньнік Яго, ня стаў перад Ім у расколіне, каб адвярнуць гнеў Яго, каб Ён іх не загубіў.
24 І за нішто мелі яны зямлю жаданую, не далі веры слову Яго.
25 І наракалі ў сваіх палатках, ня слухалі голасу Госпада.
26 І Ён падняў руку сваю на іх, каб паваліць іх у пустыні,
27 кінуць род іх між паганаў і параскідаць іх па краінах.
28 І прысталі яны да Баальпагора, і елі ад ахвяраў мёртвым.
29 І разгневалі Яго сваімі паводзінамі, і стаў вялікі мор сярод іх.
30 І ўстаў Фінэес, і ўміласьцівіў Яго, і пошасьць спынілася,
31 і гэта было залічана яму за праведнасьць з роду ў род давеку.
32 І разгневалі Яго каля водаў супярэчаньня, і праз іх дазнаў гора Майсей,
33 бо яны раздражнілі дух яго і з вуснаў яго зьляцела неабачлівае слова.
34 Яны ня вынішчылі народаў, пра якіх казаў ім Госпад,
35 і зьмяшаліся з паганамі, і навучыліся звычаяў іх,
36 і служылі балванам іх, і гэта стала пасткаю для іх.
37 І прыносілі ў ахвяру дэманам сыноў і дачок сваіх,
38 і пралілі нявінную кроў, кроў сыноў і дачок сваіх, якіх прыносілі ў ахвяру ідалам ханаанскім. І прасякла зямля крывёю,
39 і апаганілася ўчынкамі іх, і яны разбэсьціліся ў паводзінах сваіх.
40 І загарэўся Госпад гневам на свой народ, і прыкрым стаў Яму набытак Яго.
41 І Ён аддаў іх у рукі ворагаў, і тыя, што ненавідзелі іх, запанавалі над імі.
42 І ворагі іхнія прыгняталі іх, і пад рукамі іх яны ўпакорыліся.
43 Шмат разоў Ён вызваляў іх, але яны гнявілі Яго сваёй упартасьцю і цярпелі прыніжэньне з-за беззаконьняў сваіх.
44 І ўбачыў Госпад, як яны мучыліся, калі пачуў мальбу іх.
45 І прыгадаў запавет свой, і пашкадаваў іх у вялікай сваёй міласэрнасьці,
46 і выклікаў спагаду да іх ва ўсіх тых, што іх паланілі.
47 Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, зьбяры нас з-паміж народаў, каб нам праслаўляць сьвятое імя Тваё і хваліцца славаю Тваёю!
48 Блаславёны Госпад, Бог Ізраіля, ад веку і да веку! І ўвесь народ скажа: «Хай так станецца, хай так станецца!»
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Псалтыр, 105 глава. Пераклад Аляксандара Надсана

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Сперджена


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.