Библия Надсан Пераклад Аляксандара Надсана

Псалтыр, 36 Псалтыр, 36 глава

1 Псалом Давіда. Не пераймай злыдняў і не зайздросьць тым, што чыняць беззаконьне:
2 бо яны, як трава, хутка ссохнуць і, як зельле, хутка ападуць.
3 Спадзявайся на Госпада, і рабі дабро, і засяляй зямлю, і будзеш ускормлены багацьцем яе.
4 Знайдзі асалоду ў Госпадзе, і Ён дасьць табе, чаго жадае сэрца тваё.
5 Адкрый Госпаду шлях твой і спадзявайся на Яго, і Ён зробіць,
6 і выведзе, быццам сьвятло, праведнасьць тваю, і суд твой — як поўдзень.
7 Будзь паслухмяны Госпаду і малі Яго; не зайздросьць, каму шчасьціць на шляху яго, чалавеку, што чыніць беззаконьне.
8 Устрымайся ад гневу і пакінь злосьць, не зайздросьць так, каб чыніць зло,
9 бо тыя, што чыняць зло, будуць вынішчаныя, а тыя, што спадзяюцца на Госпада, атрымаюць у спадчыну зямлю.
10 Вось яшчэ крыху, і ня стане грэшніка, і будзеш шукаць месца яго, і ня знойдзеш.
11 А лагодныя атрымаюць у спадчыну зямлю і будуць насалоджвацца поўняю супакою.
12 Грэшнік будзе сачыць за праведнікам і скрыгатаць зубамі сваімі на яго.
13 Але Госпад пасьмяецца з яго, бо бачыць наперад, што прыйдзе дзень яго.
14 Грэшнікі дасталі меч, нацягнулі лук свой, каб паваліць беднага і ўбогага, каб умярцьвіць праведных сэрцам.
15 Меч іх хай увойдзе ў сэрцы іх, і хай паламаюцца лукі іх.
16 Лепш малы дастатак праведніка, як вялікае багацьце грэшнікаў,
17 бо плечы грэшнікаў будуць скрышаныя, а праведных Госпад падтрымае.
18 Госпад ведае шлях беззаганных, і спадчына іх будзе трываць давеку:
19 у час бяды яны не зазнаюць сораму, а ў галодныя дні насыцяцца.
20 Бо грэшнікі згінуць; і ворагі Госпада ў час, калі іх праслаўлялі і ўзьвялічвалі, счэзьлі, зьніклі як дым.
21 Грэшнік пазычае і не аддае, а праведнік літуецца і дае;
22 бо тыя, што бласлаўляюць Яго, атрымаюць у спадчыну зямлю, а тыя, што праклінаюць Яго, будуць выгубленыя.
23 Госпадам крокі чалавека выпрамляюцца, і шлях Яго вельмі пажаданы яму:
24 калі ўпадзе, не разаб’ецца, бо Госпад трымае яго за руку.
25 Я быў малады і ўжо састарэў, але ня бачыў, каб праведнік быў пакінуты і каб яго нашчадкі прасілі хлеба.
26 Увесь дзень праведнік праяўляе міласьць і пазычае, і род яго будзе блаславёны.
27 Ухіляйся ад благога, і чыні дабро, і жыві век вякоў,
28 бо Госпад любіць суд і не пакіне праведных сваіх: яны захаваюцца навекі. А беззаконныя будуць выгнаныя і род бязбожных вынішчаны.
29 А праведнікі атрымаюць у спадчыну зямлю і будуць жыць на ёй давеку.
30 Вусны праведнага будуць казаць мудрасьць, язык яго абвесьціць прысуд.
31 Закон Бога яго ў сэрцы яго, і ногі яго не спатыкнуцца.
32 Грэшнік сочыць за праведнікам і намагаецца ўмярцьвіць яго,
33 але Госпад не пакіне яго ў руках яго [грэшніка] і не асудзіць яго, калі будзе судзіць яго.
34 Спадзявайся на Госпада, трымайся шляху Яго, і Ён узьніме цябе, каб табе атрымаць у спадчыну зямлю; ты ўбачыш, як гінуць грэшнікі.
35 Я бачыў пыхлівага беззаконьніка, які трымаў сябе высока, быццам кедр лібанскі;
36 і прайшоў я міма, і вось яго ня стала; і шукаў яго, і месца яго не знайшоў.
37 Захавай незласьлівасьць, назірай за праведнасьцю, бо ёсьць будучыня для чалавека мірнага.
38 А ўсе беззаконьнікі будуць разам вынішчаныя, астаткі нязбожных згінуць.
39 А збаўленьне праведнікаў ад Госпада, і Ён іх абаронца ў час бяды.
40 І Госпад дапаможа ім, і вызваліць іх, і ад грэшнікаў выратуе, і збавіць іх, бо яны на Яго спадзяваліся.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Псалтыр, 36 глава. Пераклад Аляксандара Надсана

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Сперджена


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.