1 Паручаю вам Фіву, сястру нашу, служэбку царквы ў Кенхрэі,
2 Каб вы яе прынялі ў Спадару, як гожа сьвятым, і памаглі ёй, чаго б патрабавала, бо таксама яна была памачніцаю шмат каму й імне самому.
3 Паздаровайце Прыськілу а Аквілу, супрацаўнёў маіх у Хрысту Ісусу,
4 Каторыя рызыкавалі горлам сваім за жыцьцё мае, каторым ня я толькі ўдзячны, але таксама ўсі цэрквы іншых народаў;
5 Таксама хатнюю царкву іхную . Паздаровайце Епінета, любовага майго, каторы ё першым пладом Азі дзеля Хрыста.
6 Паздаровайце Марыю, каторая шмат папрацавала дзеля вас.
7 Паздаровайце Андроніка а Юна, сваякоў а сувязьняў маіх, славутых сярод апосталаў, каторыя запраўды ўперад за мяне былі ў Хрысту.
8 Паздаровайце Ампля, любовага майго ў Спадару.
9 Паздаровайце Гурбана, супрацаўня нашага ў Хрысту, а Стаха, любовага майго.
10 Паздаровайце Апеля, дазнанага ў Хрысту. Паздаровайце Арыставулавых.
11 Паздаровайце Радзівона, сваяка майго. Паздаровайце Нарцызавых, каторыя ў Спадару.
12 Паздаровайце Трыфену а Трыфосу, што працуюць у Спадару. Паздаровайце Пэрсыду любовую, што шмат папрацавала ў Спадару.
13 Паздаровайце Руфа, абранца ў Спадару, і маці ягоную а маю.
14 Паздаровайце Асынкрыта, Флегона, Гэрма, Патрова, Гэрмена і братоў зь імі.
15 Паздаровайце Філёлёґа а Юлю, Нірэя а сястру ягоную а Алімпа а ўсіх сьвятых ізь імі.
16 Здаровайце адны адных із цалаваньням сьвятым. Здароваюць вас усі цэрквы Хрыстовы.
17 Малю ж вас, браты, зважайце на тых, што ствараюць падзелы а спадманы напярэк навуццы, каторай вы навучыліся, і адхінайцеся ад іх;
18 Бо такія служаць не Спадару нашаму Ісусу Хрысту, але собскаму чэраву свайму, і ліпкой моваю і лісьлівай моваю зводзяць сэрцы простых.
19 Бо ваша паслухменства дайшло да ўсіх; затым я цешуся з вас, але зычу быць мудрымі да дабра, а простымі да ліха.
20 Бог жа супакою патрышча шайтана пад нагамі вашымі неўзабаве. Ласка Спадара нашага Ісуса Хрыста з вамі! Амін.
21 Здароваюць вас Цімох, супрацавень мой, а Луц а Ясон а Сосыпатра, сваякі мае.
22 Здароваю вас у Спадару і я Тэрт, што пісаў гэты ліст.
23 Здаровае вас Ґай, гаспадар дамовы мой і ўсяе царквы. Здаровае вас Эраст, скарбнік месцкі, а брат Кварт.
24 Ласка Спадара нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
25 А таму, Каторы можа змацніць вас подле дабравесьці мае і абяшчаньня Ісуса Хрыста, подле аб’яўленьня тайны, ад часоў вечных замоўчанае,
26 Але цяпер аб’яўленае Пісьмамі прароцкімі, подле расказаньня вечнага Бога, да паслухменства веры ўсім народам азнаймленае, —
27 Адзінаму мудраму Богу празь Ісуса Хрыста слава на векі Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Ліст сьв. Паўлы апостала да Рымлян, 16 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.