1 Праўду кажу ў Хрыстусе, ня лгу, сьведчыць аб гэтым маё сумленьне ў Духу Сьвятым,
2 што адчуваю ў сэрцы сваім вялікі смутак (журбу) і заўсёды боль сэрца.
3 Я гатоў сам быць праклятым (пад пракляцьцем), адлучаным ад Хрыста (для збаўленьня) за братоў маіх, каторыя па целу маім зямлякамі (роднымі).
4 Яны Ізраельцы, маючыя прыбранае сыноўства і хвалу, і прымірэньне і законадаўства, культ службы Божай ды абяцаньні.
5 Да іх належаць прабацькі, з іх па целу — Хрыстус. Ён над усімі, Бог праслаўлен у вякі вечныя. Амэн.
6 Гэта ня тое, каб слова Божае ня дзейсьнілася. Бо не ўсе, што з Ізраеля — Ізраельцы.
7 Ды не ўсе нашчадкі Абрагама — яго сыны, але "у Ізааку прызнана будзе тваё патомства (насеньне)".
8 Гэта значыць: не сыны па целу дзецьмі Божымі, але сыны абяцаньня лічацца сынамі, патомствам,
9 слова ж абяцаньня такое: "Прыйду ў той сам час, і Сара будзе мець сына".
10 Ды ня толькі яна, але і Рэбэка пачала (двух, блізьняты) ад бацькі нашага Ізаака.
11 Калі яны былі яшчэ не народжаны ды нічога не ўчыніўшы: ані дабра, ані зла — каб зьдзейсьніўся (споўніўся) намер (рашэньне) Божы,
12 сказана было ёй не дзеля ўчынкаў, але з волі паклікаючага: "Старшы будзе служыць (падчыняцца) малодшаму",
13 як напісана: "Якуба ўзьлюбіў, а Эзава зьненавідзеў".
14 Што скажам на гэта? Няўжо Бог несправядлівы? Ніякім чынам!
15 Ён жа Майсею: "Я пашкадую таго, каго захачу пашкадаваць ды буду міласьцівы таму, каму захачу быць міласьцівым".
16 Гэта (адбор) залежыць ані ад таго, хто хоча, ані ад таго, хто бегае, але ад Бога міласэрнага.
17 У Пісаньні кажа (Бог) фараону: "На тое Я разлаваў цябе, каб паказаць на табе моц (магуту) Сваю, ды каб разславіць імя Сваё па ўсёй зямлі".
18 Дык таму каго хачу — пашкадую, а каго хачу — закамяню.
19 Дык можа мне: "Чаму тады наракаць? Хто зможа супрацівіцца волі Ягонай?
20 Чалавеча! Хто ты такі, каб мог спорыць (спрачацца) з Богам? Ці ж можа зьлепак (пасуда) пытацца ў таго, хто яго зьляпіў: "Чаму мяне такім зьляпіў?"
21 Ці ж ганчар ня мае моцы (волі), каб з таго самога мясіва зрабіць адну пасудзіну для важнага ўжытку, а другую — для простага ўжытку?
22 Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў Свой або выявіць магуту (моц) Сваю, з вялікім цярпеньнем шчадзіў пасудзіны гневу, празначаныя на загубу.
23 Ды, каб выявіць багацьці хвалы сваёй над пасудзінамі міласэрдзя, каторыя ўпярэдня (наперад) прыгатаваў на хвалу,
24 адносна нас, каторых паклікаў ня толькі спасярод Юдэяў, але таксама спаміж паганаў.
25 Як кажа пра гэта Озій: "Ня Мой народ назаву Маім народам, а нялюбаю — любай (уміленьніцай)".
26 І на тым месцы, дзе ім было сказана: "Вы ня Мой народ, там называць іх будуць сынамі Бога жывога".
27 Ізаія вясьціў пра Ізраеля: "Хоць бы лік сыноў Ізраеля быў як марскі (моравы) пясок, толькі Астаткі будуць збаўлены.
28 Бо Госпад зьдзейсьніць на зямлі Сваё слова рашуча ды без адкладу.
29 Як таксам прадсказаў Ізаій: Калі б Госпад Магуцьцяў (Сабаот) не пакінуў нам патомства — сталі бы мы мо Садома ды былі бы падобнымі да Гаморы".
30 Дык што можам сказаць? Гэта вось, што пагане не спаганялі справядлівасьці, а трымалі справядлівасьць, якая ўзьнікае з веры.
31 А Ізраель спаганяючы Закон справядлівасьці ды законнасьці не дайшоў.
32 Чаму? Бо спаганяў справядлівасьць не з веры, але як бы па ўчынках (Закона). (Учынкі без веры — пустата). Яны спатыкнуліся аб камань абразы (спатыкненьня).
33 Як напісана: "Вось жа кладу на Сыёне камень абразы (спатыкненьня) і скалу згаршэньня. Хто верыць у Яго ня будзе засаромлены".