1 І Язэп, увайшоўшы да фараона, сказаў: «Бацька мой і браты, авечкі і жывёла ды ўсё, што маюць, прыбылі зь зямлі Ханаан і знаходзяцца ў зямлі Гашэн».
2 І з усіх братоў сваіх пяць мужчынаў паставіў перад каралём.
3 Той іх запытаў: «Чым займаецеся?» Яны адказалі: «Мы — слугі твае, пастухі авечак, і мы, і бацькі нашыя».
4 І сказалі фараону: «Мы — перасяленцы, бо ў нас няма травы для статку слугаў тваіх, узмогся бо голад у зямлі Ханаан. Просім, каб дазволіў нам, слугам тваім, пасяліцца ў зямлі Гашэн».
5 І сказаў фараон Язэпу: «Бацька твой і браты твае прыбылі да цябе.
6 Уся зямля Эгіпецкая адкрыта табе. Пасялі іх на найлепшым месцы. Аддай ім зямлю Гашэн. А калі ведаеш між імі людзей здольных, устанаві іх наглядчыкамі над маёй жывёлай».
7 І прывёў Язэп бацьку свайго да караля, і паставіў яго перад фараонам. І дабраславіў Якуб фараона.
8 Фараон спытаўся ў яго: «Колькі гадоў жыцьця твайго?»
9 Ён адказаў: «Дзён пілігрымаваньня майго — сто трыццаць гадоў. Кароткія і ліхія дні жыцьця майго, не дасяглі да гадоў жыцьця бацькоў маіх, якіх яны дажыліся».
10 І дабраславіўшы фараона, выйшаў ад яго.
11 А Язэп, па загаду фараона, бацьку і братам сваім даў на пасяленьне ў Эгіпце найлепшае месца — зямлю Рамэсэс.
12 І зааглядаў ён бацьку і братоў, і ўсю сям'ю свайго бацькі ў харчы адпаведна лічбы дзяцей.
13 А на ўсёй зямлі не хапала хлеба і ўціскаў страшны голад. І прападала зямля Эгіпту і Ханаану дзеля голаду.
14 А Язэп праз продаж збожжа выбраў з усіх грошы і занёс іх у скарбніцу фараона.
15 І калі ў купляючых не было на куплю грошаў, усе жыхары Эгіпту прыйшлі да Язэпа і казалі: «Дай нам хлеба! Бо паміраем на вачах у цябе, бо ня маем ужо грошаў!»
16 Ён ім адказваў: «Прыводзьце жывёлу сваю, і за яе дам вам хлеба, калі ня маеце платы».
17 І прыводзілі жывёлу, і (Язэп) даваў ім харчы за коней, авечак, валоў і аслоў. І карміў іх ў той год у замену за жывёлу.
18 У другім годзе таксама прыходзілі да яго і казалі яму: «Не хаваем перад гаспадаром нашым, што ня маем грошы, жывёла перайшла да гаспадара нашага, і ведаеш, што акрамя целаў і зямлі, нічога болей ня маем.
19 Дык чаму маем паміраць на вачах тваіх і мы, і зямля нашая! Купі нас і зямлю нашую за хлеб, будзем нявольнікамі фараона, а наша зямля будзе яго ўласнасьцю. Дай нам зярно, каб мы выжылі і не памерлі, і каб зямля не ператварылася ў пустыню».
20 І Язэп купіў усю зямлю Эгіпецкую, бо кожны прадаў паселасьць сваю дзеля вялікага голаду. І так падпарадкаваў зямлю фараону,
21 а ўвесь народ, ад найбліжэйшых межаў Эгіпту аж да найдалейшых яго канцоў, паддаў у няволю.
22 Сьвятарскай жа зямлі не купляў, бо яны карысталіся харчамі па фараонавым распараджэньні, таму ня былі вымушаны прадаваць свае паселасьці.
23 І сказаў Язэп людзям: «Вось бачыце, што і вы, і зямля вашая належаць да фараона. Вазьміце насеньне і засейце палі,
24 каб маглі мець збожжа. Пятую частку аддасьцё фараону, а чатыры астатнія аддаю вам на насеньне і на яду сем'ям і дзецям вашым».
25 Яны адказвалі: «Ты ўратаваў нас! Спагадным толькі будзь нам, гаспадару наш, а мы з радасьцю будзем служыць фараону».
26 З таго часу аж па сёньняшні дзень даецца пятая частка з усёй зямлі фараонам Эгіпту, толькі землі сьвятароў па праву Язэпа выняты з-пад гэтага закону.
27 І абжыўся Ізраэль ў Эгіпце, у зямлі Гашэн, і ўзяў яе на ўласнасьць, і разрастаўся, і вельмі размножыўся.
28 І пражыў Якуб у зямлі Эгіпецкай сямнаццаць гадоў, і дачакаўся ста сарака сямі гадоў жыцьця.
29 А калі заўважыў, што набліжаецца дзень сьмерці ягонай, паклікаў сына свайго Язэпа і сказаў яму: «Калі я знайшоў ласку ў цябе, палажы руку сваю пад бядро на доказ міласьці і вернасьці тваёй, што не пахаваеш мяне ў Эгіпце,
30 але калі засну з маімі бацькамі, вывязеш мяне з Эгіпту і пахаваеш мяне ў іх магіле». Адказаў ён: «Зраблю, як ты сказаў».
31 Тады ён сказаў: «Прысягні мне!» А калі ён прысягнуў, Ізраэль апаў на свой ложак.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 47 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.